У гонар Надзеі Саўчанкі назвалі гару ў Гімалаях

Пра гэта ў эфіры «Громадського радіо» паведаміў спартыўны журналіст Валянцін Шчэрбач.

«Я вырашыў назваць адну з гор у гонар Надзеі Саўчанкі, таму што гэта жанчына, якая два гады ў засьценках адна змагалася з сыстэмай крывавага дыктатара. Летась я назваў гару ў гонар герояў Украіны, а цяпер нэпальскія ўлады выдалі афіцыйны сэртыфікат аб тым, што іншая вяршыня называецца „Надзея“», - распавёў Шчэрбач радыёжурналістам.

Інфармацыю пра гэта зьмяшчае ўкраінскае інфармацыйнае агенцтва УНІАН.

«Гімалаі — вельмі вялікая і маладая горная сыстэма. Там вельмі шмат безыменных вяршыняў. Дваццаць зь лішнім гадоў я ўгаворваў ўладу Нэпалу даць магчымасьць назваць адну зь вяршыняў украінскім імем», — адзначыў Шчэрбач. Ён распавёў, што атрымаў дазвол назваць дзьве вяршыні, бо ўжо лічыцца ў Нэпале сваім.

«Гадоў пяць я ўсё гэта выдатна дакладна ведаю, што ў іх не было назваў. Там яшчэ каля 300 такіх вяршыняў. Я абраў вельмі прыгожыя вяршыні. Там хвалюючая панарама, хочацца зваліцца на калені і маліцца за тое, што ў сьвеце ёсьць такая прыгажосьць», — сказаў Шчэрбач.

Ён таксама адзначыў, што ў Гімалаях ім было праведзена 27 футбольных матчаў пад украінскім сьцягам на вышынях ад 5,5 да 6,5 тыс. мэтраў, чатыры малыя алімпіяды і чатыры міжнародныя турніры.

Напярэдадні Надзея Саўчанка выступіла перад Вярхоўнай Радай, дэпутатам якой яна была абраная ў кастрычніку 2014 году, знаходзячыся ў маскоўскім СІЗА. Лётчыца заявіла, што ёй не складана працаваць у парлямэнце, і назвала дэпутатаў «гультаямі-школьнікамі».

У сакавіку сёлета расейскі суд прысудзіў Саўчанцы 22 гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў забойстве журналістаў ВГТРК Ігара Карнелюка і Антона Валошына. 25 траўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін памілаваў Саўчанку пасьля звароту да яго сваякоў загінулых. Усьлед за гэтым украінскую лётчыцу абмянялі на двух асуджаных ва Ўкраіне расейскіх вайскоўцаў.