У Беларусі за 2015 год дзяцей стала на 34 тысячы больш

  • БелаПАН
За 2015 год людзей да 18 год у Беларусі стала больш на 34 тысячы альбо на 1,9%. Зь іх 78,3% жывуць у гарадах.

Паводле зьвестак Белстату, на 1 студзеня 2016 году ў Беларусі пражывала 1 млн 824 тысяч дзяцей да 18 гадоў. Гэта значыць, за 2015 год іх колькасьць павялічылася на 34 тысячы ці 1,9%, піша БелаПАН.

На пачатак году 44% дзяцей былі ва ўзросьце да 7 гадоў, 40,9% — 7-14 гадоў, 15,1% — падлеткі 15-17 гадоў. Пры гэтым 78,3% дзяцей пражывае ў гарадах і пасёлках гарадзкога тыпу.

Нараджальнасьць расьце: у 2015 годзе ў Беларусі нарадзілася 119 тысяч дзяцей — на 494 дзіцяці больш, чым ў 2014 годзе. Штогод хлопчыкаў нараджаецца больш, чым дзяўчынак. Так, у 2015 годзе нарадзілася 58 тысяч дзяўчынак і 61 тысяча хлопчыкаў.

У апошнія гады больш за палову нараджэньняў — гэта другія, трэція і наступныя дзеці ў сем’ях. У мінулым годзе ў Беларусі нарадзілася 1316 двайнятаў і 21 трайняты. Большасьць дзяцей — 86,2% — у 2015 годзе народжаныя ў зарэгістраваным шлюбе.

Беларусь адносіцца да краінаў зь нізкім узроўнем дзіцячай сьмяротнасьці: у 2015 годзе 3 дзіцячыя сьмерці прыйшліся на 1000 народжаных жывымі (годам раней — 3,5). Па гэтым паказьніку Беларусь займае другую пазыцыю ў сьвеце разам з Аўстрыяй, Бэльгіяй, Нямеччынай, Даніяй, Італіяй, Чэхіяй і Швайцарыяй.

Але 13,7 тысяч дзяцей знаходзіліся на пачатак 2016 году ў сацыяльна небясьпечным становішчы, на ўліку былі 24,4 тысячы дзяцей. З 21,2 тысячы дзяцей-сіротаў ў сем’ях выхоўваліся 79%, у дзіцячых інтэрнатных установах — 4 тысячы.

Памер аднаразовай дапамогі пры нараджэньні дзіцяці ў траўні склаў 17 млн рублёў (каля $867) пры нараджэньні першага дзіцяці і 23,8 млн (каля $1214) — пры нараджэньні наступных. Памер штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў у траўні склаў на першае дзіця 2,5 млн (каля $126), на другое і наступных дзяцей — 2,8 млн (каля $143); на дзіця-інваліда — 3,2 млн (каля $163).