Упраўленьне Сьледчага камітэту па Гарадзенскай вобласьці распачала крымінальную справу па факце сьмерці шасьцігадовай дзяўчынкі пасьля ўвядзеньня вакцыны.
Як паведамляе прэс-служба СК Беларусі, справа ўзбуджаная паводле часткі 2 артыкулу 162 КК (неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў мэдыцынскімі работнікамі, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць пацыента).
Каля 16.00 31 траўня ў дзіцячай паліклініцы № 1 Гародні пасьля ўвядзеньня камбінаванай вакцыны супраць адру, паратыту і краснухі рэзка пагоршыўся стан шасьцігадовай дзяўчынкі, жыхаркі абласнога цэнтра. Нягледзячы на аказаную мэдыцынскую дапамогу, яна памерла ў прысутнасьці маці, паведамляе прэс-служба.
Сьледчыя правялі агляд месца здарэньня. Канфіскаваныя ампулы з вакцынамі, выкарыстаныя ампулы і шпрыцы, а таксама мэдыцынскія прэпараты з кабінэта прышчэпак. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя для вывучэньня ўся мэдыцынская дакумэнтацыя, фінансава-бухгальтарскія дакумэнты на атрыманьне вакцын.
Прызначаныя судова-мэдыцынская і шэраг іншых экспэртызаў. Дапытваюцца мэдыцынскія работнікі паліклінікі, пацыенты.
Меры стрыманьня да мэдыцынскіх работнікаў не ўжываліся.