Чаму лядоўня перамагла тэлевізар? На першым месцы ў беларусаў зноў стаў уласны дабрабыт, а ня страх перад украінскім сцэнаром.
Удзельнікі: Алег Грузьдзіловіч, Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў.
Глод: Сяргей Нікалюк, вядомы беларускі навуковец, надрукаваў учора вялікі артыкул, у якім сьцьвярджае: «Рэсурс мабілізацыйнага эфэкту, які справакавала антыўкраінская прапаганда, у Беларусі вычарпаны... Лядоўня перамагла тэлевізар».
Адштурхоўваючыся ад апошніх дадзеных Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, аўтар прыходзіць да такой высновы: пакуль улада працягвае разважаць пра тое, што «палітычная стабільнасьць, мір і згода — краевугольныя элемэнты пасьлядоўнага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны», яе прыхільнікі ў масавым парадку пераходзяць у разрад сацыяльных пэсымістаў. Сярод рэспандэнтаў, якія давяраюць Лукашэнку, у сьнежні мінулага году 54% пагаджаліся з тым, што беларуская эканоміка ў крызісе. А ў сакавіку сёлета іх стала ўжо 82%. І гэта, я падкрэсьліваю, тыя людзі, якія давяраюць беларускаму кіраўніку.
Рост за квартал на 28 пунктаў! Падобная дынаміка мае патрэбу ў тлумачэньні. Зразумела, яе можна зьвесьці да падзеньня рэальных прыбыткаў насельніцтва. І гэта будзе дакладна, але толькі збольшага.
Сярод рэспандэнтаў, якія давяраюць Лукашэнку, у сьнежні мінулага году 54% пагаджаліся з тым, што беларуская эканоміка ў крызісе. А ў сакавіку сёлета іх стала ўжо 82%.
На думку Сяргея Нікалюка, асноўная прычына — у вычарпаньні рэсурсу мабілізацыйнага эфэкту, справакаванага антыўкраінскай прапагандай, далучэньнем Крыму і канфрантацыяй з Захадам. Тут яму можна было б і запярэчыць. Маўляў, гэта характэрна для расейцаў, а не для беларусаў. Але аўтар артыкула гатовы да такога аргумэнту і піша:
«Прынята лічыць, што носьбітамі імпэрскага комплексу на тэрыторыі былога СССР зьяўляюцца выключна расейцы. Гэта памылковае меркаваньне. Носьбіт імпэрскага комплексу — „чалавек савецкі“. А яго „канцэнтрацыя“ ў беларускім соцыюме ніяк ня меншая за 60%».
Крызіс у Беларусі прызнаюць амаль усе. Але тыя ж дасьледаваньні НІСЭПД паказваюць, што ў краіне па-ранейшаму няма попыту на альтэрнатыву. І ня толькі ў палітыцы, але і ў эканоміцы. Выходзіць, што ў крызісным сакавіку 2016 году доля рэспандэнтаў, якія лічаць сябе ў апазыцыі да ўлады, аказалася практычна такая самая, як у красавіку 2006 году — тыя ж 18%. Застаецца стабільна нізкай і гатоўнасьць (дэкляраваная, зразумела) браць удзел у акцыях супраць пагаршэньня эканамічнага становішча.
З усяго гэтага вынікаюць да вас, калегі, два пытаньні: як дэмакратычныя кандыдаты могуць з карысьцю для сябе скарыстаць перамогу лядоўні над тэлевізарам і што ім трэба зрабіць, каб пашырыць рост пратэстных інтарэсаў?
Грузьдзіловіч: Сытуацыя, калі тэлевізар нібыта перамог лядоўню, была штучная для Беларусі, бо тут трывала зьніжаліся прыбыткі, заробкі. Зрухаў не было, людзі прызвычаіліся да такой стабільнасьці.
А паварот да ўкраінскіх падзеяў быў справакаваны нават ня нашымі мэдыямі, а расейскімі. У 2014 годзе я ўдзельнічаў у пахаваньні Міхаіла Жызьнеўскага, які адзін зь першых загінуў на Майдане, і ўжо тады ў маленькім мястэчку пад Гомелем людзі былі вельмі занепакоеныя сытуацыяй ва Ўкраіне і казалі: ня дай Бог, ня дай Бог. Бяда гэтага канкрэтнага чалавека, яго сям’і іх не кранала.
Сытуацыя, калі тэлевізар нібыта перамог лядоўню, была штучная для Беларусі, бо тут трывала зьніжаліся прыбыткі, заробкі. Зрухаў не было, людзі прызвычаіліся да такой стабільнасьці.
Два гады гэта ўсё раскручвалася, потым зьнізіўся прапагандысцкі расейскі напал, а яшчэ і беларускія мэдыі і чыноўнікі сталі больш асьцярожнымі — усё ж такі праз год да іх дайшло, што тое самае можа паўтарыцца ў Беларусі. Гэтая заслона спала, і людзі зноў вярнуліся да сваіх эканамічных праблемаў.
Магу цалкам пагадзіцца зь Нікалюком, што патэнцыял праімпэрскіх настрояў у Беларусі сапраўды вялікі. 60% савецкіх людзей існуюць. Дзіўна, што нібыта за 20 год прыйшло новае пакаленьне людзей, але яны застаюцца савецкімі. На месца бацькоў прыходзяць іх дзеці з тым самым мэнталітэтам.
Нічога новага тут не прыдумаеш. Вось Анатоль Лябедзька каторы год ходзіць са сваёй праграмай «Мільён працоўных месцаў». Калі ён зможа данесьці яе, калі ў яго будуць рэсурсы, то ён здабудзе новых прыхільнікаў. Калі асноўныя крыніцы знаходзяцца ў дзяржавы, дык разьлічваць на тое, што апазыцыя рэальна і хутка павялічыць сваю аўдыторыю, не выпадае.
Цыганкоў: Гэта выклік ня столькі апазыцыі, колькі самой уладзе. Калі лядоўня выходзіць на першы плян, то гэта тая рэч, якую ня зьменіш хутка ні за год, ні за наступны. Задача-максымум, якая стаіць перад уладай, — гэта ўтрымаць дабрабыт на тым жа самым узроўні.
Задача-максымум, якая стаіць перад уладай, — гэта ўтрымаць дабрабыт на тым жа самым узроўні.
Але ў якасьці выйсьця ва ўлады заўсёды ёсьць варыянт — прыдумаць нешта такое, што магло б засланіць «лядоўню». То бок нейкую жыцьцёвую, палітычную, сьветапоглядную праблему. «Крымнаш» і Данбас быў для Лукашэнкі сапраўдным падарункам. Сярод беларусаў у выніку запанавала прымітыўная і прыемная для ўлады думка «абы не было вайны». Лукашэнка адразу ж гэта ўлавіў, стаў праяўляць сябе як міратворац, і яму ўдалося арганізаваць Менскі працэс. Цяпер сацыялягічны эфэкт «Майдану» і Крыму сышоў на нуль.
Але Лукашэнка мае досьвед прыдумляць нагоды з 95-га году, калі адразу пасьля выбараў ягоны рэйтынг катастрафічна падаў, і ён прыдумаў рэфэрэндум пра мову і інтэграцыю з Расеяй, дасягнуўшы ім адразу некалькіх перамогаў. Разграміў апазыцыю, падняў свой рэйтынг, паказаў людзям, што згодны вярнуцца ў СССР, туды, куды хацелася ім.
Цяпер прыдумаць нешта новае цяжэй, тым больш на фоне зьнешнепалітычнай атмасфэры — лібэралізацыі, нармалізацыі адносінаў з Захадам. Але будзем мець на ўвазе, што такі варыянт ва ўлады заўсёды ёсьць.