У Беларусі, як і ў большасьці постсавецкіх краін, вакол дзейнасьці Ўкраінскай паўстанцкай арміі і Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў у ваенныя і паваенныя гады (1939–1954) з савецкіх часоў засталося шмат легендаў і мітаў. Таму часам складана паверыць, што гэты рух складаўся з тысяч рэальных лёсаў, жаданьняў і імкненьняў канкрэтных людзей, у тым ліку і беларусаў. Іх імёны толькі цяпер становяцца вядомымі дзякуючы дасьледаваньням украінскіх гісторыкаў.
Паводле Ігара Бігуна, гісторыка з Цэнтру дасьледаваньняў вызваленчага руху (Кіеў), прысутнасьць беларусаў ва ўкраінскім вызваленчым руху абумоўлена найперш тым, што гэты рух разьвіваўся на землях, якія мяжуюць зь Беларусьсю — у Валынскай і Ровенскай абласьцях. Сетка АУН і атрадаў УПА дзейнічала і на тэрыторыі сучаснай Берасьцейскай вобласьці.
— Не заўсёды можна адрозьніць нацыянальнасьць байцоў АУН-УПА, крыніцы не даюць такой магчымасьці — высьветліць, ці быў чалавек этнічным беларусам, ці ўкраінцам, які нарадзіўся на Кобрыншчыне або на Століншчыне. Аднак і этнічныя беларусы таксама даволі часта, у параўнаньні зь іншымі нацыянальнасьцямі, фіксуюцца ў шэрагах УПА і нават у падпольлі АУН.
У 1939 годзе ячэйкі АУН, якія дзейнічалі на этнічных беларускіх землях, былі падпарадкаваныя Палескаму павятоваму проваду (провадамі называліся кіраўнічыя органы АУН. — РС). Гэта сучасная Берасьцейская вобласьць. Ва ўкраінска-беларускім Палесьсі дзейнічала і яшчэ адно невялікае вайсковае фармаваньне — Палескае лазавое казацтва: некаторыя члены АУН на чале зь Пятром Башуком утварылі ўзброены атрад з 200 чалавек.
У пэрыяд безуладзьдзя, у часы нямецка-польскай вайны, калі польская дзяржава ўжо развальвалася, улады не існавала, а Чырвоная армія яшчэ не пасьпела прыйсьці на гэтыя землі, яны на некалькі гадзін або нават дзён захапілі, у прыватнасьці, Драгічын.
Пасьля савецкай акупацыі гэтае фармаваньне распусьцілася, дзейнасьць супраць Савецкага Саюзу ягоныя ўдзельнікі працягнулі ў падпольлі. Тады АУН яшчэ была адзіная. А ўжо з 1940 году яна раскалолася на дзьве асобныя арганізацыі — «бандэраўцаў» і «мельнікаўцаў».
«Бандэраўцы», рыхтуючы сваю рэвалюцыю — паўстаньне супраць Савецкага Саюзу, абапіраліся на супрацоўніцтва зь іншымі народамі, як яны казалі, заняволенымі Масквой. У тым ліку разьлічвалі і на дапамогу беларусаў.
«Бандэраўцы», рыхтуючы сваю рэвалюцыю — паўстаньне супраць Савецкага Саюзу, абапіраліся на супрацоўніцтва зь іншымі народамі, як яны казалі, заняволенымі Масквой. У тым ліку разьлічвалі і на дапамогу беларусаў. Сьцяпан Бандэра на сваіх нарадах акцэнтаваў увагу якраз на супрацоўніцтве зь беларусамі. У 1941 годзе, калі Нямеччына напала на Савецкі Саюз, то бандэраўцы, намагаючыся аднавіць украінскую дзяржаўнасьць, ствараючы адміністрацыю і ўласнае войска, распаўсюджвалі ўлёткі на беларускай мове. Аднак немцы хутка прыдушылі ўсе падобныя спробы, і бандэраўцы вымушаныя былі сысьці ў падпольле і разьвіваць ужо антынямецкі рух супраціву. З пачатку 1943 году рух ужо аформіўся ва Ўкраінскую паўстанцкую армію.
Тады на Беларусі дзейнічала Берасьцейская акруга АУН. Паводле падпольнай структуры АУН падзялялася на краі, вобласьці, акругі, надраёны, раёны і населеныя пункты. Потым структура мянялася, і яна была перайменаваная ў Беларускую акругу, якая падпарадкоўвалася краёваму проваду на паўночна-заходніх украінскіх землях — Валынскаму краёваму проваду. Ён ахопліваў беларускія землі, Валынскую, Ровенскую вобласьці, заходнюю частку Жытомірскай і паўночную частку Цярнопальскай.
— І менавіта ў гэты час беларусы пачынаюць зьяўляцца ў атрадах УПА? Як яны траплялі ў гэтае войска?
— Найбольш распаўсюджаны шлях — з савецкага палону. Пераважна зь лягераў для ваеннапалонных на тэрыторыі Заходняй Украіны — ва Ўладзіміры-Валынскім, Дубне ды іншых. Людзі ўцякалі зь лягераў і апыналіся сярод украінскіх паўстанцаў. Або, каб уратаваць жыцьцё, ішлі на службу да немцаў у розныя дапаможныя ці паліцэйскія падразьдзяленьні, і ўжо з гэтых нямецкіх фармаваньняў дэзертыравалі і паступалі на службу ў УПА.
Бандэраўцы спрабавалі выкарыстаць прысутнасьць замежнікаў у сваіх шэрагах, каб прапагандаваць ідэі сумеснага фронту заняволеных народаў — агульнага фронту барацьбы супраць нямецкага і савецкага імпэрыялізму.
Беларусы пачалі фармаваць сярод украінскіх паўстанцаў сваю, так бы мовіць, дыяспару. Агулам у шэрагах УПА ваявалі прадстаўнікі 26 розных этнасаў. Бандэраўцы спрабавалі выкарыстаць прысутнасьць замежнікаў у сваіх шэрагах, каб прапагандаваць ідэі сумеснага фронту заняволеных народаў — агульнага фронту барацьбы супраць нямецкага і савецкага імпэрыялізму. Гэта яны падкрэсьлівалі ў сваёй прапагандзе.
21–22 лістапада 1943 года ў сяле Ільляшыўка Астроскага раёну Ровенскай вобласьці яны правялі канфэрэнцыю заняволеных народаў Усходняй Эўропы і Азіі. Там сабралася 39 дэлегатаў ад 13 народаў. Беларускую дэлегацыю прадстаўлялі капітан Ермаковіч і старшы лейтэнант Маліноўскі. Яны прадстаўлялі Беларускую незалежную партыю, якая ў той час дзейнічала на Палесьсі. Менавіта на гэтай канфэрэнцыі была распрацаваная ідэя сумеснага фронту і ўхвалены зварот да ўсіх народаў, заняволеных Бэрлінам і Масквой, з заклікам змагацца за свае нацыянальныя дзяржавы на сваіх тэрыторыях і ладзіць вызваленчыя рэвалюцыі. Вядома, мы ня можам казаць пра нейкі глябальны ўплыў гэтай падзеі. Нават ня думаю, што ён меў нейкі водгалас на землях Беларусі. Але гэтая падзея сапраўды паказвае, што, па-першае, замежнікі, у тым ліку і беларусы, былі ва Ўкраінскай паўстанцкай арміі, а па-другое, што ўкраінскія паўстанцы не былі шавіністамі, яны прымалі дапамогу іншых народаў і па меры сваіх сіл спрабавалі накіраваць іх таксама на барацьбу супраць двух імпэрыяў за сваю незалежнасьць.
— Ці праводзіла УПА адмысловыя кампаніі, каб залучаць беларусаў у свае шэрагі?
— Вядома, што ў 1943 годзе была выдадзеная ўлётка, ці нават брашура на некалькіх старонках, пад назвай «За што змагаецца Ўкраінская паўстанцкая армія». Яна была напісаная на беларускай мове і зьмяшчала кароткі выклад праграмных ідэй УПА.
Украінскія паўстанцы заклікалі беларусаў да барацьбы.
Яшчэ адзін падобны ўзор прапаганды і паўстанцкай агітацыі — расейскамоўная паштоўка «Беларусы», выдадзеная ў 1944 годзе. У ёй украінскія паўстанцы зьвярталіся да беларусаў, праводзілі аналёгіі паміж Савецкім Саюзам і Расейскай імпэрыяй як дзяржавамі, якія проста захоплівалі чужыя землі, у тым ліку і Беларусь, пазбаўляючы беларусаў уласнай нацыянальнай ідэнтычнасьці, рабуючы нацыянальныя багацьці і рэсурсы. Адпаведна, украінскія паўстанцы заклікалі беларусаў да барацьбы.
У гэтай улётцы ёсьць такі цікавы факт. Аўтары ўлёткі заклікалі беларусаў узгадаць расстрэлы такіх дзеячаў, як Рыгора Чарвякова, Васіля Шаранговіча і Мікалая Галадзеда, якія былі першымі кіраўнікамі беларускай кампартыі і Беларускай рады народных камісараў. Яны былі рэпрэсаваныя падчас вялікага тэрору ў 1937–1938 гадах. Паўстанцы прадставілі гэта як рэпрэсіі маскоўскага цэнтру супраць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.
— Ці ўдавалася беларусам дасягнуць высокіх кіроўных пасадаў у складзе Ўкраінскай паўстанцкай арміі?
— У асноўным беларусы прадстаўленыя ў шараговым і сярэднім складзе УПА і АУН. У прыватнасьці, мы можам казаць, што ў курані (баявое падразьдзяленьне. — РС) Аляксея Грамадзюка (псэўданім «Астроскі»), які дзейнічаў на поўначы Валынскай вобласьці, было двое ўраджэнцаў Беларусі. Гаворачы пра статыстыку па ваеннай акрузе «Богун» — гэта фармаваньне УПА, якое дзейнічала на поўдні Ровенскай і на поўначы Цярнопальскай абласьцей у 1943 — на пачатку 1944 году, то да нас дайшла інфармацыя больш як пра тысячу паўстанцаў. І сярод іх — сямёра беларусаў. Чацьвёра — этнічныя беларусы, а астатнія — украінцы або расейцы, якія сваёй нацыянальнасьці не пазначылі, але нарадзіліся ў Беларусі. У прыватнасьці, гэта Рыгор Бялецкі (псэўданім «Жалязьняк»), родам зь вёскі Халадзень Магілёўскай вобласьці, па спэцыяльнасьці інжынэр-хімік. Фёдар Дубчак, родам з Кобрынскага раёну, псэўданім «Пшанічны». Яны ўступілі ў шэрагі УПА 18 жніўня 1943 году. Іван Іваноў, псэўданім «Беларус», родам са Мсьціслава Магілёўскага раёну, у Чырвонай Арміі быў артылерыстам, ва УПА ўступіў 1 жніўня 1943 году. Аляксей Лабусенка, псэўданім «Стэцко», родам зь вёскі Багацец Магілёўскай вобласьці, чырвонаармеец-танкіст. Аляксандар Сваднеўскі, псэўданім «Салавей», родам з Крычава Магілёўскай вобласьці, у шэрагах УПА з 21 лістапада 1943 году. Аляксей Бондар, псэўданім «Чарната», родам зь Пінскай вобласьці. У адным з дакумэнтаў я знайшоў прозьвішча Аркадзя Міцкевіча 1920 году нараджэньня. У дакумэнце пазначана, што ён нарадзіўся ў сяле Асаўцы Відзаўскага раёну. Але я не знайшоў на мапах гэтай вёскі і мяркую, што гэта можа быць Асавіна сучаснай Гомельскай вобласьці.
У асноўным беларусы прадстаўленыя ў шараговым і сярэднім складзе УПА і АУН.
Сярод дзеячаў АУН беларускага паходжаньня магу яшчэ назваць Мікалая Люльковіча, псэўданім «Дварко», «Лісток», «Максім», які нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Дзівін Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. У шэрагах УПА ён зь вясны 1944 году, а з 1945 году стаў правадніком Дзівінскага раённага проваду АУН. І мы ўжо бачым, што гэта не шараговец, а прадстаўнік сярэдняга кіроўнага зьвяна. Люльковіч быў арыштаваны 29 чэрвеня 1949 году органамі дзяржбясьпекі, і, на жаль, далей ягоны лёс прасачыць немагчыма.
Міхаіл Рабчанка, псэўданім «Марко», нарадзіўся ў 1922 годзе ў Столінскім раёне Берасьцейскай вобласьці. З 24 ліпеня 1944 году ён стаў рэфэрэнтам Службы бясьпекі, то бок контравыведкі Беларускай акругі АУН. Дарэчы, варта адзначыць, што на такія пасады дапускаліся выключна адданыя людзі. Таму можна канстатаваць, што гэты чалавек праявіў сябе як адданы змагар за незалежную Ўкраіну, таму яму даверылі такую важную пасаду. Ён загінуў у 1945 годзе.
Сьцяпан Трусевіч, псэўданімы «Арол» і «Прохар», нарадзіўся ў 1914 годзе на ўкраінскіх землях — у сучасным Любяшоўскім раёне Валынскай вобласьці, але па нацыянальнасьці быў беларусам. Ён служыў камандзірам сотні УПА, а з 1945 году быў таксама рэфэрэнтам Службы бясьпекі Любяшоўскага раённага проваду АУН. Наконт яго далейшага лёсу аднадушнасьці няма: паводле адных зьвестак, ён загінуў у 1948 годзе, паводле іншых — працягваў барацьбу і памёр ад сухотаў у 1956 годзе. На жаль, дакладней сказаць ня можам.
Барацьба УПА і АУН у падпольлі на беларускіх землях працягвалася ажно да пачатку пяцідзясятых гадоў. Апошнюю групу паўстанцаў органы дзяржбясьпекі ліквідавалі 6 лютага 1951 году ў Іванаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Таму мы можам сьцьвярджаць, што беларусы ўзялі актыўны ўдзел ва ўкраінскім вызваленчым руху, як на ўкраінскіх, так і на беларускіх землях. І змагаліся адчайна, пра што сьведчыць працягласьць гэтай барацьбы, бо нават не на ўсіх украінскіх землях вызваленчая барацьба УПА змагла датрываць да пачатку 50 гадоў. Гэта досыць доўга, і гэта падстава для таго, каб, па-першае, памятаць гэтых людзей, а па-другое, ганарыцца імі.
— Сучасныя беларусы, які ваююць на Данбасе, таксама выкарыстоўваюць псэўданімы. Ці можна казаць, што традыцыі вызваленчага руху працягваюцца?
Каб эфэктыўна супрацьстаяць польскай контравыведцы і паліцыі, кожны падпольшчык меў псэўданім, і праз гэта ўладам значна цяжэй было даведацца пра яго асабістыя дадзеныя.
— Гэтая традыцыя пачалася з падпольля Ўкраінскай вайсковай арганізацыі, якая была папярэдніцай АУН у 20-х гадах мінулага стагодзьдзя. Каб эфэктыўна супрацьстаяць польскай контравыведцы і паліцыі, кожны падпольшчык меў псэўданім, і праз гэта ўладам значна цяжэй было даведацца пра яго асабістыя дадзеныя, пра тое, дзе ён жыве, пра ягоных сваякоў, сяброў і гэтак далей. Верагодна, яны клапаціліся пра сваю бясьпеку. Далей гэтая традыцыя перайшла і ва Ўкраінскую паўстанцкую армію. Цяпер гэта элемэнт агульнавайсковай традыцыі: пазыўныя выкарыстоўваюцца для радыёабмену, і, апроч таго, у баях значна лягчэй карыстацца кароткімі імёнамі, калі ўсё вырашаюць сэкунды. Да таго ж такім чынам сучасныя жаўнеры намагаюцца засьцерагчы сваіх родных ад магчымай помсты з боку ворагаў.
— Як даўно ўкраінскія гісторыкі атрымалі доступ да гэтых архіваў?
— У савецкі час гэта было немагчыма. Тады ўсе дакумэнты знаходзіліся ў архівах КДБ або ў адмысловых, закрытых, недаступных сэктарах агульных архіваў. Зь імі працавала толькі абмежаванае кола або супрацоўнікаў спэцслужбаў, чэкістаў, або такіх гісторыкаў-прапагандыстаў, якім патрабавалася падрыхтаваць чарговы пасквіль на «фашыствуючых» бандэраўцаў або знайсьці нейкі кампрамат на каго-небудзь зь дзеячаў АУН у эміграцыі.
Адкрыцьцё архіваў пачалося ў апошнія гады існаваньня Савецкага Саюзу і ўжо масава пайшло са здабыцьцём Украінай незалежнасьці. Аднак і пры незалежнасьці ня ўсе дакумэнты былі даступныя.
Шмат што залежала ад палітычнай каньюнктуры. У часы прэзыдэнта Юшчанкі гэта дазвалялася, быў нават такі трэнд — дасьледаваць вызваленчую барацьбу. У часы Кучмы, а потым у часы Януковіча гэта, наадварот, не віталася, таму архівісты выдумлялі адгаворкі, адпіскі, каб не дазваляць дасьледчыкам працаваць.
Цяпер усім грамадзянам гарантуецца вольны і роўны доступ да дакумэнтаў, іх можна бясплатна капіяваць і працаваць зь імі.
У траўні 2015 году парлямэнт ухваліў дэкамунізацыйны пакет законаў, сярод якіх быў і закон аб доступе да архіваў рэпрэсіўных органаў савецкага рэжыму. Цяпер усім грамадзянам гарантуецца вольны і роўны доступ да дакумэнтаў, іх можна бясплатна капіяваць і працаваць зь імі.
Адпаведна, любы можа прыйсьці з пашпартам, напісаць заяву, напрыклад, у архіў СБУ пра жаданьне папрацаваць з пэўнымі дакумэнтамі. Часьцей за ўсё гэта крымінальныя справы на тых удзельнікаў вызваленчага руху, якія былі арыштаваныя, а затым рэпрэсаваныя. І потым у вызначаны законам тэрмін можна атрымаць такую магчымасьць.
Цяпер адкрыўся цэлы масіў крыніц. Калі раней была праблема — няма з чым працаваць, то цяпер праблема — дзе знайсьці столькі часу і сіл, каб усё гэта апрацаваць. Ну і, вядома, плянуецца, што дакумэнты савецкіх спэцслужбаў будуць перададзеныя ў архіў, які будзе створаны пры Інстытуце нацыянальнай памяці.
— Мабыць, яшчэ ёсьць шанец пачуць новыя беларускія імёны актывістаў украінскага вызваленчага руху?
— Безумоўна. Тое, што я распавёў, удалося высьветліць падчас агульнага дасьледаваньня вызваленчай барацьбы, таму што гэтая інфармацыя пра беларусаў не згрупаваная ў нейкую асобную тэчку або справу, якую можна паглядзець. А паколькі працэс дасьледаваньняў амаль бясконцы, таму зь іх паглыбленьнем будуць і новыя беларускія прозьвішчы. Спадзяюся, што ў будучыні можна будзе выдаць такі мартыралёг або біяграфічны даведнік менавіта беларусаў, якія ўдзельнічалі ва ўкраінскім вызваленчым руху, якія загінулі або пацярпелі, бо падтрымлівалі яго.
У сваю чаргу, прадстаўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Паўло Падабед, карыстаючыся нагодаю, запрасіў беларускіх гісторыкаў далучыцца да дасьледаваньняў:
— Паводле дзейнага ўкраінскага заканадаўства пры дасьледаваньнях няма абмежаваньняў для грамадзян іншых дзяржаў, таму сёньня беларускія дасьледчыкі могуць прыехаць і свабодна дасьледаваць хай нейкія кропелькі, але вельмі важныя факты для гісторыі беларускага і ўкраінскага вызваленчага руху. Прыяжджайце! Ёсьць магчымасьць, матэрыялаў вельмі шмат, дасьледуйце, вывучайце. Мы гатовыя дапамагчы, падказаць і рады ўбачыць новыя дасьледаваньні на тэму беларусаў ва Ўкраіне.