Аднавяскоўцы зычаць Валянціне Быкавай здароўя. І прызнаюцца: «Мы таксама пачалі баяцца»

Напад на 89-гадовую сястру пісьменьніка Васіля Быкава ўскалыхнуў усю вёску Ваўчо. Тут спадарыня Валянціна пасялілася пасьля замужжа, і бліжэйшыя суседзі — яе сваякі па мужу-нябожчыку. Спадарыня Надзея, ягоная родная сястра, жыве ў суседняй хаце.

Хата спадарыні Валянціны ў вёсцы Ваўчо



Яны з сынам нешта робяць на гародзе — і паглядаюць у бок хаты Валянціны Ўладзімераўны. Адсюль добра відаць не «парадны» ўваход з вуліцы, а якраз тая «бакоўка», каля якой зламысьнік напаў на спадарыню Валянціну.

Уваход у «бакоўку», у якой быў напад



«У тую раніцу, 27 траўня, яна ўстала рана. Я заўжды сачу: ці выйшла Валянціна ў двор, ці не — бо мала што, стары ж чалавек! У нас тут увогуле прынята дапамагаць: калі яна пару год таму зламала руку, дык я ёй то хустку дапамагу завязаць, то спаднічку зашпіліць... Мы добра жывем, па-суседзку, і яна ж мне сваячка, братава, як у нас кажуць», — пачынае аповед спадарыня Надзея.

Спадарыня Надзея, суседка



Пакуль мы стаім на мяжы суседзкіх «землеўладаньняў», разглядаю некалькі градак Валянціны Ўладзімераўны: трошкі цыбулі, трошкі кропу, трошкі трускалак. Але ў асноўным — кветкі, іх у гародчыку процьма, і ўсе буяюць.

Спадарыня Надзея працягвае:

«Дык яна ў тую раніцу адчыніла гэтыя бакавыя дзьверы і нешта рабіла ў хаце. Дзьверы былі не замкнёныя. А міма хаты ходзяць розныя людзі на рэчку, і ня толькі з нашай вёскі. Дзе ты тут усіх адсочыш ды праверыш? Такі бандзюк, можа, і зайшоў. Але наўрад ці гэта нехта з нашых! Не, ня можа быць! Па-першае, у нас тут амаль адны пэнсіянэры, яны біцца ня будуць. Па-другое, па хатах іншы раз ходзяць выпівохі, але яны просяць. Папросяць выпіць, а як не дасі, дык і пойдуць далей! А каб рабаваць... Ды што ў Валянціны ўзяць? Грошай у яе няма, пэнсія з камароў нос, а купіць трэба то мукі, то крупаў... А лекі якія дарагія! А іх жа ого колькі трэба... Таму грошай дужа не было».

Усё засталося як у дзень нападу. Толькі дзьверы ўжо замкнёныя



Суседка кажа, што пасьля нападу старыя людзі ў вёсцы напалоханыя. Што зачыняюцца ў хатах ці ня з шостай вечара, і ўжо да раніцы не выходзяць. Хоць нехта чуў, што ў гэтай справе ўжо ёсьць падазраваны, якога нібыта ўжо і затрымалі...

Вяскоўцы нават склалі ўласную вэрсію, як было: маўляў, невядомы ўбачыў адкінутую клямку на дзьвярах, ціхенька зайшоў, нешта хацеў узяць, але Валянціна Быкава пачула. Як яна выйшла, рабаўнік пачаў зь ёй біцца, заціскаў рот, зламаў руку і тры рабрыны. Кабета крычала, рабаўнік быў мацнейшы, так што мог бы ўвогуле забіць. Аднак яго спалохаў трактар — з тых, якія возяць ваду з рэчкі. І тады ён уцёк, мабыць, у бок суседняй вёскі Ціханяты, гародамі, па кладках цераз рэчку...

Рэчы чакаюць гаспадыню



Пра гэтую вэрсію вяскоўцы казалі і сьледчым, і міліцыі. Прыяжджала сюды шмат розных службоўцаў, апавядае Віктар Піліпавіч, стрыечны брат мужа спадарыні Валянціны:

«Прыяжджалі міліцыянты, прыяжджалі пракуроры. Адна за адной машыны хадзілі! У нас такога ніколі раней не было, каб на людзей нападалі! Я 30 гадоў жыву адзін, і многа людзей жыве ў нас па адным у хаце. Але раней нават хаты не зачынялі. І раптам такое: бачу — прыехала хуткая. Думаю, захварэла Валя... А потым міліцыя прыехала. Гляджу: нясуць суседку з хаты на насілках! Я паклікаў нявестку: „Таня, што там, кепска Валянціне?“ Яна ў шпіталі потым высьветліла, што нягоднік зламаў Валі руку, рэбры і ўцёк, а яна нічога ня бачыла, бо ён падскочыў ззаду. Няхай хутчэй папраўляецца ды вяртаецца ў сваю хату! Але цяпер няхай замыкаецца, раз ужо так!»

Аднавясковец Віктар Піліпавіч



Нявестка Тацяна стала галоўным пасярэднікам паміж навакольным сьветам і Валянцінай Быкавай. Яе адзіную пускалі ў рэанімацыйнае аддзяленьне, куды паклалі пацярпелую. Ад інтэрвію Тацяна катэгарычна адмаўляецца, але распавядае навіны са шпіталя сваякам, якіх туды не пускаюць.

У вёсцы Бычкі, на малой радзіме Быкавых, жыве сям’я брата Васіля і Валянціны — Мікалая: жонка Антаніна і сын, таксама Мікалай — адпаведна, пляменьнік Валянціны Ўладзімераўны. Яшчэ два пляменьнікі, сыны Васіля Быкава, жывуць у Менску і Гародні. Мікалай даглядае мэмарыяльны музэй Васіля Быкава ў Бычках, ад якіх да Вушачаў — каля 25 кілямэтраў. Ці ехаць туды — невядома, бо, хутчэй за ўсё, да Валянціны ня пусьцяць, разважае Мікалай:

Мікалай Быкаў, пляменьнік



«Мы кантактуем з Тацянай, яна нам усё расказвае. У рэанімацыю, кажуць, нікога не прапускаюць. Спачатку цётка Валя была дужа спалохаўшыся, ёй нават трызьніўся нападнік. А потым пачала адыходзіць пакрысе... Патэлефанаваў пляменьнік зь Менску, радзіліся, ці ехаць яму, ці ня ехаць... Прыедзе, а яго возьмуць ды ня пусьцяць?»

Галоўны лекар Вушацкага раённага шпіталя Сяргей Маісееў сказаў, што наведваньні абмежаваныя ў інтарэсах пацыенткі — «каб Валянціна Ўладзімераўна залішне не хвалявалася». І што «лекары робяць усё магчымае, усе неабходныя мэдыкамэнты ў наяўнасьці, ніякай дапамогі не патрабуецца». Гэтаксама ў рэанімацыйнае аддзяленьне не прымаюць перадачы, там не дазволена карыстацца мабільным тэлефонам — бо працуе складаная электронная апаратура.

Шпіталь — частка цэлага мэдычнага комплексу: у адным будынку паліклініка і жаночая кансультацыя, у другім, куды вядзе пераход, — уласна аддзяленьні для хворых. Панавокал шмат зеляніны. Пэрсанал размаўляе надзвычай ветліва, амаль кожны тут ведае пра пацыентку — сястру знакамітага пісьменьніка. Аднак падрабязнасьцяў пра яе стан пабочным асобам мэдыкі не паведамляюць. А родных, якія паводле іхніх правілаў лічацца блізкімі, у Валянціны Ўладзімераўны няма...

Шпіталь, дзе знаходзіцца Валянціна Быкава