Расейскага блогера Адагамава ў Кіеве аблілі кефірам. ВІДЭА

Рустам Адагамаў

Яму прыгадваюць шматлікія ранейшыя антыўкраінскія выказваньні.

Расейскі блогер Рустэм Адагамаў («drugoi») быў абліты кефірам пасьля таго, як правёў у Кіеве сустрэчу з чытачамі. Пасьля нападу ён знайшоў на целе сіняк. Хто абліваў — невядома.

«Пры выхадзе з хінкальна ззаду падбеглі некалькі хлапчукоў у „адзідасе“ і аблілі мяне кефірам. Кіеў добры горад — маглі ж і зьнявечыць або забіць. Так што дзякуй! Я даўно так не сьмяяўся, — піша Адагамаў на Facebook. — Дарэчы, калі стаяў лавіў таксі, тут жа пад’ехала міліцыя ў гэтай новай чорнай форме і, гледзячы на мой пінжак, спытала, ці не патрэбна дапамога. Пасьмяяліся разам зь імі. Хлопцы, у мяне пасьля гэтага нічога не зьмянілася ні да Кіева, ні да Ўкраіны. Я проста баяўся нажа ў пячонку. Нічога, выжыў».

Відэа нападу апублікаванае на Youtube-канале Sich Ukraine як «апошняе мірнае папярэджаньне крамлёўскім прапагандыстам». У камэнтарах пад запісамі Адагамава яму нярэдка прыгадваюць шматлікія антыўкраінскія выказваньні, найчасьцей пра тое, што «будзе цяпер Украінская фэдэральная акруга РФ».