На Данбасе за мінулыя суткі загінулі пяцёра ўкраінскіх вайскоўцаў, яшчэ чацьвёра атрымалі раненьні. Пра гэта паведаміў прадстаўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны па пытаньнях ваеннай апэрацыі на ўсходзе краіны Аляксандр Матузянік.
У Кіеве заяўляюць, што сэпаратысты за мінулыя суткі 30 разоў парушылі перамір’е, адкрыўшы агонь па пазыцыях урадавых войскаў на Данецкім, Марыюпальскім і Луганскім напрамках. У самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспубліцы» ў адказ на гэтыя абвінавачваньні заявілі аб абстрэлах з боку ўкраінскіх вайскоўцаў пад сёламі Спартак, Жабічава, Вясёлае і горадам Дакучаеўск.
Тым часам у Марюпалі, які знаходзіцца пад кантролем урадавых войскаў, сёньня адбыліся эвакуацыі ў двух гандлёвых цэнтрах пасьля паведамленьняў пра тое, што яны замінаваныя.