Сэнсацыйны расповед пра тое, як рыхтаваўся захоп Крыма і як «зьлівалі рускі сьвет»

Атрады самаабароны ў Сімфэропалі

Цяпер ён разумее, што апэрацыя «рускі сьвет» у тым выглядзе, у якім яе абвясьціў і праводзіў у жыцьцё Крэмль вясной і летам 2014 году, атрымаўся крывавай утапічнай авантурай. А 27 лютага таго ж году, калі ён апынуўся ў Сімфэропалі ў якасьці аднаго з добраахвотных рупараў гэтага самага Рускага сьвету, мэта здавалася цалкам рэальнай і вартай.

З былым чыноўнікам гаварыў наш калега з Расейскай службы Радыё Свабода Сяргей Лойка.

Аляксандар, цяпер проста маскоўскі бізнэсовец, даўно вярнуўся з Крыма, дзе прапрацаваў значны час спачатку ў штабе «Рускага Адзінства», а затым, пасьля анэксіі, і ў новым ўрадзе паўвострава. З прычынаў бясьпекі ён не называе свайго сапраўднага імя, як і дагэтуль ня лічыць далучэньне Крыма анэксіяй.

Апынуўшыся ў Сімфэропалі, Аляксандар актыўна ўключыўся ў працу штабу «Рускага Адзінства». Яно ў той час фармавала атрады самаабароны, пакуль «зялёныя чалавечкі» са складу рэгулярных войскаў Расейскай Фэдэрацыі атачалі і блякавалі на паўвостраве адзін ваенны аб’ект за адным. «Мясцовая» самаабарона павінна была стаць своеасаблівай пракладкай паміж украінскімі вайскоўцамі і зялёнымі чалавечкамі, то бок удаваць зь сябе прадстаўнікоў паўсталага народу і «па-добраму» дамаўляцца з украінскімі ваеннымі аб здачы аб’ектаў бяз бою, у той час як зялёныя чалавечкі ў асноўным пазвоньвалі зброяй і захоўвалі маўчаньне, нібы яны былі прышэльцамі з космасу, марсіянамі.

Добраахвотнікі прыбывалі з Расеі дзясяткамі і тут жа далучаліся да сіл Самаабароны, якая хутка папаўнялася і мясцовымі жыхарамі. Спачатку зброі, акрамя паляўнічай, не было ўвогуле, распавядае Аляксандар. Як не было грошай на экіпіроўку, нават на маскі. Але з 3 сакавіка, калі былі захопленыя і адкрытыя мясцовыя сховішчы Ашчадбанка, Прыватбанка і мясцовага аддзяленьня Дзяржбанка, «грошы сталі штодня прывозіць мяшкамі». Самаахбаронцам сталі плаціць у дзень па 600-800 рублёў, і іх сілы сталі яшчэ актыўней папаўняцца з кожным днём.

Будынак Вярхоўнага савету Крыма пад кантролем прадстаўнікоў "мясцовай самаабароны"


Апалчэнцы ня толькі блякавалі разам зь зялёнымі чалавечкамі ўкраінскія вайсковыя часткі, але і пачалі аднаўляць падабенства парадку на вуліцах вёсак і гарадоў, зь якіх украінскія міліцыянты зьніклі, нібы выпарыліся, ужо 28 сакавіка, праз суткі пасьля захопу расейскімі грушнікамі Вярхоўнага Савету рэспублікі.

Першай апэрацыяй апалчэньня было чаканьне і падрыхтоўка сустрэчы так званага «цягнікі дружбы» з Кіева з узброенымі да зубоў бандэраўцамі з «Правага сэктару», які, па зьвестках штаба Самаабароны, атрыманых з «надзейных крыніц», павінен быў прыбыць у Сімфэропаль 28 сакавіка, але так і не прыбыў.

У першыя дні сакавіка ўсе сачылі за рашэньнямі рэспубліканскага Вярхоўнага Савету адносна абвешчанага рэфэрэндуму, тэрміны і фармулёўкі якога пастаянна мяняліся.

«Да 6 сакавіка казаць аб далучэньні да Расеі і вывешваць расейскі трыкалёр было забаронена, — кажа Аляксандар. — Усе чакалі канчатковага рашэньня, якое прымалася ў Маскве».

Крэмль, хутчэй за ўсё, марудзіў у чаканьні любога разьвіцьця падзеяў, зьвязанага з рэакцыяй украінскіх вайскоўцаў, раскватараваных у Крыме. У выпадку ваенных дзеяньняў рашэньні па рэфэрэндуму маглі быць іншымі, мяркуе Аляксандар. Але ўкраінскія ваенныя захоўвалі маўчаньне, трымалі сваю зброю зачыненай у пакоях, і 6 сакавіка, нарэшце, было прынятае гістарычнае рашэньне аб далучэньні. Усюды зьявіліся расейскія сьцягі, завезеныя тонамі з Расеі, і Самаабарона пачала ўзбройвацца рэквізаванай у ўкраінскіх частак зброяй.

Аляксандар кажа, што натхненьнем і радасьці асноўнай масы мясцовага народу не было межаў. Людзі несьлі ў штаб Самаабароны на вул. Карла Лібкнэхта адзеньне, прадукты харчаваньня, грошы.

Сытуацыя ля вайсковай базы ў пасёлку Перавальнае ў Крыме


Да 29 сакавіка было ўкамплектавана шэсьць рот сіл Самаабароны па 80-100 чалавек у кожнай. У ротах зьявіліся пісталеты і аўтаматы. Адбылося гэта пасьля захопу ўкраінскай базы СПА ў Мазанцы. Зброі на ўсіх усё роўна не хапала, і выдавалі яе ў асноўным патрулям, кажа Аляксандар.

Тое, што пачалося пасьля, ніякага дачыненьня да волі народу ня мае
Кіраўнік «Рускага Адзінства» Сяргей Аксёнаў, у далейшым прызначаны прэм’ерам Крыма, плянаваў прымацаваць да кожнага выбарчага ўчастку ўзброеную ахову ў камуфляжы, але па настаяньні Аляксандара ад гэтай ідэі адмовіліся, каб «рэфэрэндум не выглядаў праведзеным пад рулямі аўтаматаў». Расейскія ж ваенныя патрулі так ці інакш прысутнічалі ў непасрэднай блізкасьці ад кожнага ўчастка.

Прыкладна ў гэты час у штабе Самаабароны зьявіўся нейкі невыразны пэрсанаж з таямнічай усьмешачкай, які ўсім прадстаўляўся «Саша, піяршчык з Масквы». «Зь цягам часу я даведаўся, што яго прозьвішча было Барадай, калі ён усплыў прэм’ер-міністрам ДНР, — кажа Аляксандар. — Што ён рабіў у Крыме, незразумела, але да рэфэрэндуму ён трапляўся мне на вочы то там, то тут, а потым зусім зьнік. З Масквы і з астатняй Расеі тады шмат дзіўнага народу прыехала, ўсіх не запомніш».

У выніках крымскага «рэфэрэндуму» Аляксандар нават цяпер не сумняваецца, хоць і пагаджаецца, што ўсё гэта было незаконным. «Гэта быў адзін з тых рэфэрэндумаў, у якім можна было нічога не падтасоўваць, — кажа ён. — Тады пераважная большасьць насельніцтва добраахвотна галасавала за далучэньне. Сёньня настроі ўжо ня тыя, што былі на пачатку».

Пачалася шалёная дзяльба пасадаў, у выніку большасьць карумпаваных чыноўнікаў Партыі рэгіёнаў альбо захавалі свае пасады, альбо атрымалі новыя.


«Воля народу была шчырай, а тое, што пачалося пасьля, ніякага дачыненьня да волі народа ня мае, — наракае Аляксандар. — Ужо 20 сакавіка пачалася шалёная дзяльба пасадаў, у выніку большасьць карумпаваных чыноўнікаў Партыі рэгіёнаў <партыя Віктара Януковіча> альбо захавалі свае пасады, альбо атрымалі новыя».

Стары апарат ўраду пры Аксёнаве захаваўся на 80%, заяўляе Аляксандар. «Уся Партыя рэгіёнаў дружна ўлілася ў «Адзіную Расею», а людзі чакалі зусім іншага, яны хацелі новай улады».

Да прыкладу, мэр Феадосіі Дзьмітрый Шчапяткоў (траіх папярэдніх мэраў да яго забілі), незадоўга да анэксіі неаднаразова зьяўляўся на людзях у жоўтай майцы з надпісам «Дякую Божа, шо я не маскаль!», захаваў сваю пасаду і быў арыштаваны толькі ў жніўні 2015-га пры атрыманьні хабару ў 300 тысяч даляраў.

Першым віцэ-прэм’ерам стаў ахоўнік гарэлачнай кампаніі.


У новым ўрадзе Крыма ўсё ж адкуль ні вазьміся зьяўляліся і новыя людзі, «ані ня лепшыя за старых», распавядае суразмоўца. Напрыклад, першым віцэ-прэм’ерам стаў ахоўнік гарэлачнай кампаніі. Іншым віцэ-прэм’ерам стала бухгальтар кампаніі, ублытанай раней у карупцыйны скандал.

Аксёнаў, лідэр «Народнага Адзінства», і сам чалавек зь «вельмі сумніўнай рэпутацыяй», стаўшы прэм’ерам Крыма, паняцьця ня меў, як кіраваць рэгіёнам. «Але ў яго дагэтуль добра атрымліваецца забалбатваць усе праблемы», — сьцьвярджае суразмоўца, былы вядучы супрацоўнік апарата крымскага ўраду.

Самай загадкавай асобай сярод новых лідэраў Крыма ў тыя дні, несумненна, зьяўляўся нехта, хто прыбыў ніадкуль і які называў сябе ўсім Ігарам — эмісарам Крамля. Гэта і быў Гіркін, больш вядомы пазьней пад псэўданімам Стралкоў.

Усе ў штабе Самаабароны слухаліся яго загадаў бесьпярэчна. Ён гаварыў ціхім, упэўненым голасам зь «нейкім флёрам таямнічасьці». Ён кіраваў ваеннай падрыхтоўкай самаабаронцаў, адбіраючы найбольш падрыхтаваных для маючага адбыцца закіду ў Данбас, і асабіста вёў перамовы з камандзірамі ўсіх украінскіх частак аб здачы і працэдуры эвакуацыі асабістага складу, успамінае суразмоўца. «Нават гаманкі дэмагог Аксёнаў ў яго прысутнасьці ніякавеў».

Ігар Стралкоў


Самае цікавае ў гісторыі Гіркіна-Стралкова было тое, што пасьля захопу Славянска 12 красавіка 2014 году і аж да ліпеньскай эвакуацыі ўсёй яго «дывізіі» са Славянску ў Данецк Гіркін, па сьцьвярджэньні Аляксандра, як найменей раз на тыдзень зьяўляўся ў Сімфэропалі і праводзіў там дзень або два, сустракаючыся зь незнаёмцамі з Масквы.

«У Данбасе ўжо на ўсю моц грукацела вайна, а ён спакойна перасякаў лініі фронту і шматлікія ваенныя кардоны на шляху ў Сімфэропаль і назад, — дзівіцца Аляксандар. — Самым жа невытлумачальным для мяне застаецца тое, як ён з усёй сваёй арміяй бесьперашкодна даехаў з абложанага Славянска да Данецка, дзе і абвясьціў сябе міністрам абароны ДНР».

У той час Аляксандар займаўся каардынацыяй сувязі з групай Стралкова і іншых груп, засланых тады ж у розныя раёны Данбаса.

Казакі былі абсалютнымі „бязьмежнікамі“ і найменш кіраванай вайсковай сілай, на якую ніколі нельга было пакласьціся.


«У першыя тры тыдні сувязь наогул была адкрытая, па ўкраінскіх сім-картах, — сьцьвярджае Аляксандар. — Пакуль спэцыялісты з Масквы не ўсталявалі спэцсувязь і выдзелілі спэцлініі з чатырохзначнымі нумарамі для сувязі з кожным камандзірам групы, закінутай у Данбас. Такіх абанэнтаў у пачатку траўня налічвалася каля дваццаці ».

Гіркін пастаянна патрабаваў зброі. Асабліва гранатамётаў, якія масава выходзілі са строю. «Ён скардзіўся, што 80% «мух» і іншых гранатамётаў, дастаўленых ім на пачатковай стадыі вайны, падчас бою давалі збой і ўскрывалі пазыцыі яго байцоў.

Паток зброі пастаянна ішоў празь мяжу ў Растоўскай вобласьці. Потым мяжа стала настолькі адкрытай, што празь яе хлынуў паток вайсковай тэхнікі ўсіх відаў, сьцьвярджае Аляксандар.

Спачатку вельмі шмат добраахвотнікаў з Расеі і Крыма імкнуліся патрапіць на Данбас. Потым, калі назад пайшоў паток трунаў, сталі вяртацца параненыя, якія распавядалі жудасныя рэчы пра хаос і бардак, які пануе ў практычна некіравальных прарасейскіх сілах, колькасьць жадаючых прыкметна зьменшылася.

«Некаторыя групы партызан проста ператварыліся ў банды, якія займаліся гвалтам і рабункам, — распавядае Аляксандар. — Людзей бралі ў закладнікі, аддавалі за выкуп, ваявалі часам адзін з адным за сфэры ўплыву».

Нашы баевікі самі расстралялі на дарозе з аэрапорта ў Данецк „КамАЗ“ з нашымі параненымі, якія адступалі з аэрапорта.


«Былі нават выпадкі згвалтаваньня мясцовых жанчын. У гэтых злачынствах асабліва вызначыліся так званыя казакі, якія былі абсалютнымі „бязьмежнікамі“ і найменш кіраванай вайсковай сілай, на якую ніколі нельга было пакласьціся, — сьцьвярджае суразмоўца. — Даходзіла да таго, што добраахвотнікаў, якія прыбываюць з Расеі, бралі ў закладнікі, абвінавачваючы ў тым, што яны шпіёны, і ўтрымлівалі ў падвалах, патрабуючы выкуп».

«Я зразумеў, што сытуацыя безнадзейная, пасьля таго, калі даведаўся, што нашы баевікі самі расстралялі на дарозе з аэрапорта ў Данецк „КамАЗ“ з нашымі параненымі, якія адступалі з аэрапорта 26 траўня 2014-га, — кажа Аляксандар. — У гэтай мясарубцы загінуў мой лепшы сябар. Я ўжо тады зразумеў, што ўсё скончана, што людзей проста падставілі, паслалі на сьмерць незразумела для чаго ».

Аляксандар Барадай


У Крым у гэты ж час пастаянна прыяжджалі нейкія цёмныя асобы, «дзеці лейтэнанта Шмідта», якія патрабавалі ад ураду грошай на арганізацыю народнага паўстаньня то ў Адэсе, то ў Хэрсоне.

«Адзін пэрсанаж, які „касіў“ пад казака, папрасіў у Аксёнава $ 2000 на дапамогу Хэрсонскаму падпольлю, — распавядае Аляксандар. — Калі прэм’ер выдаў таму патрабаваную суму наяўнымі, казацкі есаул з Хэрсона адправіўся наўпрост у адзін з крымскіх санаторыяў на ўзьбярэжжы, дзе і прагуляў усё да капейкі».

«Між тым, тое, што адбывалася на Данбасе, дзе ў зоне прарасейскага кантролю зброя раздавалася ў тым ліку і наркаманам, і крымінальнікам, якія рабавалі людзей, „адціскалі“ крамы, дамы, машыны, сытуацыя для Рускага сьвету ўсё больш і больш станавілася катастрафічнай, — сьцьвярджае Аляксандар. — Рамантык Рускага сьвету Гіркін ужо не спраўляўся з анархіяй, што панавала вакол яго».

Пунктам канчатковага адліку для Наваросіі стала правядзеньне рэфэрэндуму «а ля крымскі».

Прэс-канфэрэнцыя Сяргея Аксёнава, 14 сакавіка 2014 году


Гіркін стаяў за рэфэрэндум. Яго падтрымлівалі Шайгу і Аксёнаў. Яны верылі ў ваеннае вырашэньне пытаньня Наваросіі. Вячаслаў Валодзін, першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Прэзыдэнта РФ, па сьцьвярджэньні Аляксандра, быў супраць рэфэрэндуму і за здачу Данецка.

Рэфэрэндум правялі настолькі непераканаўча, што нават Крэмль з расейскім тэлебачаньнем хутка забыліся пра нібыта дасягнутыя на ім вынікі. Для таго, каб ня здаць Данецк, прыйшлося пайсьці на прамое ваеннае ўварваньне. Вынік — пагаршэньне эўрапейскіх і амэрыканскіх санкцый, абвастрэньне ваенных дзеяньняў.

«Расея згубіла магчымасьць стварыць нешта накшталт Наваросіі, калі 17 ліпеня над тэрыторыяй Данбаса, кантраляванай паўстанцамі, быў зьбіты пасажырскі „Боінг“, — заяўляе Аляксандар. — Пасьля гэтага ідэю Наваросіі можна было закрываць. Яе і закрылі, а вайну пазьней замарозілі».

Між тым у расейскім Крыме турыстычны сэзон у адсутнасьць сотняў тысяч украінскіх турыстаў ляснуўся. А карупцыя расквітнела.

Аляксандар у гэты час быў у групе, арганізаванай ва ўрадзе, каб змагацца з частымі выпадкамі кантрабанды. У гэтай сфэры адбывалася нешта неверагоднае. Штодня фуры з санкцыйнымі прадуктамі з Эўропы перасякалі Ўкраіну, заяжджалі ў Крым, а адтуль праз паромную пераправу ў Расею. Ва Ўкраіне ішла жорсткая вайна, а мафія з абодвух бакоў «кавала жалеза, пакуль гарачае».

Аляксандру, які кіраваў групай Самаабароны, удалося затрымаць два грузавікі з 10 тонамі санкцыйнага мяса з Эўропы. Прадстаўнік мафіі па тэлефоне прапанаваў яму спачатку 60 тысяч даляраў, а потым і 100 тысяч даляраў, калі яны прапусьцяць грузавікі і ня будуць у далейшым перашкаджаць іх каналу паставак. Дамовіліся аб сустрэчы. Аляксандар патэлефанаваў высокаму чыну ва ўрадзе і далажыў аб сытуацыі. Яму сказалі, што лепш прапусьціць груз і ўзяць грошы, «каб пусьціць іх на дапамогу ўцекачам». Увечары на «забітую стрэлку» з Аляксандрам з боку мафіі прыйшоў начальнік аховы таго высокага чына, зь якім Аляксандар раней гутарыў па тэлефоне.

Аляксандар зьдзелку адхіліў, паведаміў у ФСБ. Тыя затрымалі груз і кіроўцаў.

«На гэтым расьсьледаваньне скончылася, а мне прыйшлося вярнуцца ў Маскву, — сказаў на заканчэньне ён. — Рускі сьвет, пра які я марыў, якога чакалі жыхары Крыма, у які верылі добраахвотнікі, якія загінулі на Данбасе, на маіх вачах разьвеяўся ў прах».

Гутарыў Сяргей Лойка