Улады Паўночнай Карэі прыгразілі неадкладна адкрыць агонь па паўднёвакарэйскіх караблях, калі яны перасякуць спрэчную марскую мяжу паміж дзьвюма краінамі «нават на 0.001 мілімэтра», перадае Руская служба Бі-Бі-Сі.
Напярэдадні вайсковыя караблі Паўднёвай Карэі адкрылі папераджальны агонь пасьля таго, як два судны з КНДР зайшлі ў паўднёвакарэйскую акваторыю.
У заяве генэральнага штабу арміі КНДР дзеяньні Паўднёвай Карэі названыя «безадказнай ваеннай правакацыяй» з мэтай павысіць узровень напружаньня ў адносінах дзьвюх краінаў.
Згодна з заявай Пхэньяну, на паўночнакарэйскіх караблях не было зброі, і яны знаходзіліся ў акваторыі КНДР, калі па іх без папярэджаньня адкрылі агонь «шматлікія ўзброеныя караблі» з Паўднёвай Карэі.
Сеул, у сваю чаргу, сьцьвярджае, што паўднёвакарэйскі карабель спачатку падаў папераджальны сыгнал, пасьля чаго былі зробленыя пяць папераджальных залпаў, таму што карабель і рыбалоўнае судна КНДР ўварваліся ў акваторыю Паўднёвай Карэі.