У сядзібе-музэі «Пружанскі палацык» адбылася «Ноч вышыванкі» — імпрэза ў нацыянальным калярыце.
Прысутныя, а гэта некалькі дзясяткаў гасьцей ня толькі з Пружанаў, але і зь Берасьця, Кобрына, Бярозы і нават з Польшчы, бліжэй пазнаёміліся зь беларускай народнай культурай, паслухалі выступы фольк-гуртоў, танчылі ды забаўляліся.
Многія наведнікі «Ночы вышыванкі» былі апранутыя ў вопратку з нацыянальным арнамэнтам. Хто такой ня меў — замаўлялі вышымайкі ў майстра Пружанскага дому рамёстваў, які наносіў арнамэнт на цішоткі проста на вачах замоўцы. Працавала этна-кавярня, выстава беларускіх кніг, мастацкая выстава.
Народны майстар Марыя Кулецкая малявала ўсім жадаючым этна-аквагрым на твары або на руках.
Дырэктар музэю «Пружанскі палацык» Юрый Зялевіч кажа:
«Наша мерапрыемства праходзіць у межах міжнароднай акцыі „Ноч музэяў“ у этна-стылі, нацыянальных традыцыях. Гэта першая нашая спроба правесьці „Ноч вышыванкі“. Здаецца, імпрэза адбылася, і калі будзе добры розгалас, то мы будзем разьвіваць яе і ладзіць яшчэ.
Галоўнае было падкрэсьліць наш нацыянальны калярыт, паказаць, што ў нас ёсьць нацыянальная сьвядомасьць. І, сапраўды, сёньня шмат людзей прыйшлі сюды ў вышыванках, вышымайках. Гэта добры знак».
Напрыканцы вечарыны пружанскі экстрым-гурт «Gaudete» зладзіў вогненнае шоў.