Падводзім вынікі восьмага тыдня фатаконкурсу «Незалежнасьць — гэта...»

Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ! Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com ​

Фататыдзень камэнтуе вядучы Валер Дранчук.

Удзельнікі:

Арцём Гусеў
Уладзімер Бакаў
Тацяна Трухановіч
Воля Дольная-Валошка
Аляксей Хадыка
5 здымкаў ад вядучага

Шаноўныя, мушу нагадаць, што прамінулы восьмы тыдзень быў фінішным у першым туры і ўвайшоў у актыў на пераможныя «ляўры»: найлепшыя аўтары і працы па выніках усіх васьмі фататыдняў былі прадстаўлены ў адмысловым выпуску. Сёньняшні выпуск ёсьць традыцыйным і па-свойму справаздачным аглядам дасланай пошты. Мы ашчадныя да сустрэчнага сьвятла і нічога не губляем — паказваем тое, што варта ўбачыць і прачытаць. Большасьць удзельнікаў разам са здымкамі далучаюць камэнтары, дзеляцца словам. Ухвальна.

«Палескія сантымэнты» зь мінорным працягам

Пачну агляд з Арцёма Гусева. Ягоны ўдзел у конкурсе быў адзначаны дзьвюма працамі «палескай хронікі», адна зь іх мне падалася надзвычай удалай — дзяўчына ў вячэрнім сутоньні з томікам Ніла Гілевіча. Прыгожы элегічны матыў. Прадуманая плястыка, сьвятло позьняй гадзіны зь пераходам у ноч, погляд у сябе. Публікацыі Арцёма — улучна зь сёньняшняй «бабулькай», якая зьведала пекла Азарычаў, — былі прадстаўленыя журы на пераможныя ляўры...

Незалежнасьць — гэта... «Калі пачула, што ногі не адымуць...»

Чытаем ліст:

«У самым сэрцы Палесься жыве бабулька, якой хутка 94. Перажыла нямала. У Азарычах — лягеры сьмерці — маладой дзяўчынай адмарозіла ногі. Калі зразумела, што больш ніколі хадзіць ня будзе, жыцьцё перад вачыма пранеслася як адзін дзень. Але дактары паглядзелі і абнадзеілі: „Косткі цэлыя, астатняе нарасьце“. Менавіта тады, яшчэ падчас вайны, адчула смак свабоды, здавалася б, такой сьціплай, але істотнай».

“КОСТКІ ЦЭЛЫЯ, АСТАТНЯЕ НАРАСЬЦЕ…”. “Тыя словы дактароў зрабілі мяне шчасьлівай…” – кажа бабуля. Палесьсе, красавік 2016

«Са сьлязьмі на вачах распавядае пра расстрэлы і жахі, пра выпадак, як адзін жаўнер-вызваліцель пазнаў сярод палонных сваю маці... Людзі сустракалі на цярністых сьцежках жыцьця свой кавалак шчасьця».

СЬЛЁЗЫ ЎСПАМІНАЎ. Палесьсе, красавік 2016.

«З тае пары прамінула больш як сем дзясяткаў гадоў, адно стагодзьдзе зьмяніла другое. Але ў хаце бабулі нічога не зьмянілася. Жытло — без аніводнага электрычнага прыбора. Ходзіць жанчына басанож, абматаўшы хворыя пальцы анучкамі. За шклом у сэрванце ляжыць пажоўклы кавалак сала. Глыбока пад вопраткай хавае бабуля самае каштоўнае — апошнія грошы і дакумэнты, сярод якіх пасьведчаньне вязьня».

Пасьведчаньне вязьня Азарычаў… з гербам Пагоня. Палесьсе. Красавік, 2016.

У хаце бабулі бачыш хіба няхітрыя прылады ручной працы. Палесьсе. Красавік, 2016.

«Ці такім было яе і тысяч іншых людзей жаданьне перамогі, ці так яны ўяўлялі сваю будучыню? Хто вінаваты, хто недагледзеў? Дзяржава, дзеці? Ці лічаць яны сябе вінаватымі?..» — пытаецца Арцём Гусеў.

Калі мы кажам «беларуская мэнтальнасьць», а часам «электаральная мэнтальнасьць», мы, відавочна, шмат чаго ня ўлічваем, не разумеем, папросту ня бачым і не ўяўляем. Пра адчуваньне незалежнасьці — па-чалавечы заглыбленае, псыхалягічна затоенае, недзе ў сховах душы — нам і нагадалі, падказалі выразныя жанравыя фотасюжэты Арцёма Гусева. Дзякуй аўтару за прачулы аповед і добрае сьвятло!

Хроніка 2012: у Сьвіслач, да Каліноўскіх...

Уладзімер Бакаў гэтым разам даслаў рэпартажную хроніку 2012. Дэмакратычныя актывісты Гарадзеншчыны ды іншых рэгіёнаў краіны адзначаюць чарговую гадавіну паўстаньня Каліноўскага. Звыклая рэч, сьведчыць аўтар, акцыя нацыянальнай памяці адбываецца пад наглядам і так званым «суправаджэньнем», з далейшымі пратаколамі і суткамі. Аднак, адзначае Ўладзімер, нягледзячы на перасьлед, гэта ўжо традыцыя: людзі едуць сюды, каб аддаць даніну павагі вялікаму сыну беларускага народу Кастусю Каліноўскаму і яго паплечнікам у барацьбе за незалежнасьць Беларусі.

Апошняя субота кастрычніка: першы пункт маршруту - магіла брата Кастуся Каліноўскага Віктара. Малітва за дух змаганьня, за незалежнасьць і будучыню Беларусі.

Апошняя субота кастрычніка. Слова гаворыць кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Апошняя субота кастрычніка: тут, у Якушоўцы, каля падмуркаў сядзібы Каліноўскіх сустрэліся два вядомыя дэмакратычныя актывісты (зьлева направа) Сяргей Каваленка зь Віцебску і Алесь Мех з Кобрыня.

Апошняя субота кастрычніка: каля помніка Рамуальду Траўгуту (усталяваны за польскім часам). Прамаўляе краязнаўца Эдвард Дмухоўскі, зь мікрафонам Юры Гумянюк (сьветлая памяць!).

Успамінаючы «бел-чырвона-белыя» 90-я, альбо Вясновыя сымбалі незалежнасьці

«На мінулым тыдні, — піша Тацяна Трухановіч, — я шукала літару Ў, а на гэтым — новы сымбаль беларускай незалежнасьці.

Для ўдзельнікаў конкурсу і чытачоў сайту, перадусім тых, хто памятае 90-я, словы „незалежнасьць Беларусі“ асацыююцца зь бел-чырвона-белымі стужкамі й палотнішчамі. У вядомай песьні „Я нарадзіўся тут“ ёсьць радкі:

Я ведаю, што
Пасьлязаўтра на нашых калгасных палетках
Замест пустазельля й палыну
Ўзыйдуць белыя і чырвоныя кветкі.

Дык вось, гэтай вясною я як ніколі заўважыла, што на менскіх вуліцах расьцьвілі ня проста белыя ды чырвоныя, а нават бела-чырвоныя кветкі. Аказваецца, і каштаны ў Менску цьвітуць бел-чырвона-белымі кветкамі!»

Дзякуй, Тацяна, паказваем Вашы знаходкі.

Іn memoriam. «Аднойчы ён нават засьпяваў мне. Гэта быў вялікі цуд!»

Воля Дольная-Валошка першай адгукнулася на наш нацыянальны боль — адыход у Вечнасьць Ніла Гілевіча — і прапанавала ў межах фатаконкурсу публікацыю вобразаў Памяці творцы. У першым лісьце яна так напісала: «Я палезла ў свае шуфляды, дастала маміны ручнікі, сьвечку і разгарнула старонкі Ягонай паэзіі... Дасылаю тое, што атрымалася». Сёньня, па саракавінах паэта я стаўлю, паважаная Валошка, Ваша першае фота in memoriam, вяртаючыся да поўнага колеру арыгіналу (як дамаўляліся).

ПАМЯЦІ ПАЭТА. Незалежнасьць – гэта... Родныя дзеці сваёй Радзімы (“Мы -- тройчы дзеці ў вечным крузе: Мы – дзеці роднае сям’і, І – дзеці Маці-Беларусі, І -- дзеці Матухны-Зямлі” (Ніл Гілевіч).

І яшчэ (цяжка не працытаваць) — з наступнага допісу аўтаркі, па-свойму рэдкасны ўспамін яе пра паэта: «Аднойчы, падчас даўняй тэлефоннай размовы ён нават засьпяваў мне. Гэта быў вялікі цуд. Бо гаварылі мы на шчырай даверлівай ноце, прасякнутыя любоўю да роднай мовы і роднай песьні — я, вясковая настаўніца, і ён, ужо народны паэт, зьбіральнік і знаўца фальклёру».

Паважаная Воля Дольная-Валошка! Дзякуй і за ўспамін, і за Вашу прапанову цыклю памяці паэта, якая знайшла водгук сярод удзельнікаў і ўзбагаціла наш конкурс. Ваш новы здымак вянчае тэму, аднак мы ня супраць яе прадоўжыць далей. Няхай увасабленьнем нацыянальнай памяці стануць новыя яркія мэтафары Незалежнасьці!

ПАМЯЦІ ПАЭТА. “У лугах беларускіх напэўна ўжо вечар…” (Ніл Гілевіч). Меншчына, 2013

Каляровае поле. Памяці Напалеона Яленскага

Тры сюжэты ад Аляксея Хадыкі:

Незалежнасць — гэта... новыя песьні, разлогі вясновых палёў і памяць пра спаленыя бальшавікамі прадзедаўскія сядзібы.

Мне падабаюцца Вашы ўкладзеныя словы, спадар Аляксей. І вось чаму. Наперад выкажу асабліва прыязнае стаўленьне да двух апошніх адбіткаў — «Каляровага поля» і карткі з архіву — і як вядучы падтрымаю тэму так званых панскіх сядзібаў сваёй нядаўняй паездкай да Тамаша і Тарэсы Булгакоў на Нясьвіжчыну. Глядзім дасланае.

Вераніка Круглова сьпявае "Матку Боску Вастрабрамску". Менск, люты 2008.

Каляровае поле з сухадрэвінай. Вёска Лучыцы, Петрыкаўскі раён, травень 2008. Памяці Напалеона Яленскага (1810—1883), уладальніка ваколіц Лучыцы ў ХІХ ст., грамадзкага дзеяча, удзельніка паўстаньня 1830—1831 і аднаго з кіраўнікоў паўстаньня 1863—1864.

Сядзіба ў Ражэўшчыне, Верхнядзьвінскі раён. Праца невядомага майстра, прыкладна 1907 г. “Сядзіба зьнішчана ў 1921 годзе, -- сьведчыць А. Хадыка. -- На здымку справа налева мая прабабка па маці Вікторыя Варш, яе сястра Алена з картамі Таро і іх служанка ў народным строі -- андараку-спадніцы”.

Шкада, не захавалася імя фатографа; кампазыцыя цікавая сваёй пастаноўкай і, несумненна, пэрсанажамі — надзвычай мілымі ды сьветлымі жанчынамі. Гледзячы на гэтую крыху прыцьмянелую старонку з фотаальбому, ня варта забывацца, што яе аддаляе ад нас больш як стагодзьдзе. Можна толькі здагадвацца, якімі сродкамі валодаў тады невядомы аўтар, каб праз свой адбітак данесьці гэты чароўнажаночы вобраз сямейнасьці. Ад году нараджэньня фатаграфіі (1839) не прамінула і ста гадоў. І вось вам — здабытак цывілізацыі — у нашым «краі балот»: Верхнядзьвінскі раён, старасьвецкая сядзіба зь лесьвіцай і прыступкамі, красуні-жанчыны, пэўна ж, кожная са сваім лёсам і... густам мадыстак (андарак-спадніца асабліва да месца...). За кампазыцыйнымі дэталямі няцяжка ўбачыць, прасачыць і нетаропкі, па-мастакоўску паважны стыль фатамайстра.

Маленькая ўвага. Я не выключаю, сябры, такія сюжэты з нашай конкурснай «праграмы», бо 25 гадоў незалежнасьці далі нам шмат часу і падстаў асэнсаваць і тое, што аўтар акцэнтуе ў сваім фотаэсэ. Ці ня наша гэта беларуская асаблівасьць — гісторыя з горка-салодкім прысмакам страчанасьці і пошукам сьлядоў-адбіткаў?..

Пяць здымкаў ад вядучага: Ян Булгак, або 10 адценьняў беларускага бэзу

Выбітны беларуска-польскі фатограф Ян Булгак, найбольш вядомы як пэйзажыст і тэарэтык фатаграфіі, пакінуў і немалую літаратурную спадчыну. У сваіх успамінах «Край дзіцячых гадоў» (Менск, 2004, пераклад з польскай мовы Тамары Вяршыцкай) ён падае фэнамэнальную рэч, якая тры гады таму сталася для мяне і адкрыцьцём сядзібы ў Міцькавічах Нясьвіскага раёну. Тут дажывалі век, успамінае Ян Булгак, Тамаш і Тэрэза Булгакі — «дзьве найбольш вартыя павагі і самыя прыгожыя постаці сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя, якія ўвасаблялі мартыралёг той эпохі...» Тамаш быў стрыечным дзедам Яна. Яшчэ малы, але дапытлівы хлапчук прагнуў як мага больш ведаць «пра наша мінулае, наш род і продкаў». Калі Тамаш і Тэрэза спраўлялі «залатое вясельле», Янавы бацькі не паехалі на сямейнае сьвята да міцькаўскіх сваякоў...

«Ніхто не палічыў патрэбным растлумачыць мне, што мы маем у радні такую незвычайную постаць, як Тамаш Булгак, які быў два разы сасланы ў Сібір, правёў пасьля першага паўстаньня 18 гадоў на пасяленьні і 10 гадоў пасьля другога (у 1839 — 1857 і 1864 — 1874) і толькі на схіле жыцьця вярнуўся на радзіму...».

Гэтым разам я наведаў паднясьвіскую «булгакоўшчыну» ў самую бэзавую пару, ведаючы, што гаспадары мелі там шмат гатункаў гэтага цудоўнага дрэва. Мой адмысловы рэпартаж і ёсьць прысьвячэньнем майстру эўрапейскай фатаграфіі Яну Булгаку і ягоным продкам, ад якіх будучы фотамастак так хацеў атрымаць благаславеньне — «убачыць, наталіцца выглядам іх сівой шляхетнасьці, пацалаваць іх агрубелыя рукі...»

“Панскі двор” у Міцькавічах. Травень 2016

“Панскі двор” у Міцькавічах. Стагадовая яліна з навершам. Травень 2016

“Панскі двор” у Міцькавічах. Дзесяць адценьняў бэзу. Травень 2016

“Панскі двор” у Міцькавічах. Апошняе акно. Травень 2016.

Заходні бок Міцькавічаў. Здымак на Блаславеньне сюды вярнуцца…16 траўня 2016.

Драбочак статыстыкі

У першым туры фатаконкурсу ўзялі ўдзел 18 аўтараў, большасьць зь іх засьведчылі і далейшую актыўнасьць, мелі паўторныя публікацыі. Зьмешчана больш як 100 фотаработ.

Ліставаньне

Уладзімеру Б. з Горадні. Не, Вы не спазьніліся. Хутчэй, нефармат, адносіны да конкурсу на Вашых здымках не прачыталіся выразна. Дзякуй. Дасылайце яшчэ.

Увагі

♦ Наступны фотаагляд плянуем 4 чэрвеня; каб патрапіць у галерэю, дасылайце працы да наступнай серады, 1 чэрвеня ўлучна. Жадаю плёну!

♦ Згодна з рашэньнем журы, усе ўдзельнікі І туру атрымаюць заахвочвальныя прызы — кнігі зь бібліятэкі Радыё Свабода. Хто не даслаў, дашліце свой паштовы адрас. Загадзя ўдзячны.