Што Саўчанка сказала б Пуціну і ці пойдзе яна ў прэзыдэнты. 12 цытатаў з прэс-канфэрэнцыі

Надзея Саўчанка

Сёньня ў Кіеве Герой Украіны Надзея Саўчанка дае першую прэс-канфэрэнцыю пасьля вызваленьня з расейскай турмы.

«Паважаныя ўкраінскія, сусьветныя СМІ і расейскія фэнтэзі, запрашаем вас, хто жадае, на прэс-канфэрэнцыю Надзеі Саўчанкі 2016/05/27 у малую залю Палаца „Украіна“... Пачатак а 11:00», — напісала на сваёй старонцы Фэйсбуку сястра Надзеі Саўчанкі Вера.

Незаконна асуджаная ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка была вызваленая з расейскай турмы 25 траўня — яе абмянялі на двух расейскіх ГРУшнікаў. З Растова-на-Доне Саўчанку прывёз самалёт украінскага прэзыдэнта, а сам Пятро Парашэнка сустрэў лётчыцу ў аэрапорце «Барыспаль».

Пра прэзыдэнцтва:

«Украінцы, калі вам трэба, каб я была прэзыдэнтам — я буду прэзыдэнтам. Я не скажу, што я хачу гэтага — я хачу лётаць. Але калі трэба... Я буду працаваць для Ўкраіны, дзе буду карысная і патрэбная».

«На Банкаўскую я заўтра не зьбіраюся, мне там яшчэ няма чаго рабіць, я там яшчэ не магу нічога зрабіць. Калі буду гатовая, калі змагу, калі паверу ў гэта і змагу сама, калі людзі скажуць, што я там патрэбная, — я пайду».

Пра гатоўнасьць дзеля вызваленьня ўкраінскіх палонных весьці перамовы з сэпаратыстамі:

«Каб выратаваць нашых людзей, я буду гаварыць з самім чортам».

Пра тое, як Крым можа быць вернуты Ўкраіне:

«Я прадчувала, што можа быць Трэцяя сусьветная вайна. І ў мяне, на жаль, гэта дрэннае прадчуваньне не прайшло. Калі будзе Трэцяя сусьветная вайна, то Крым вернецца ва Ўкраіну. Калі не праз Трэцюю сусьветную вайну, то Крым напэўна вернецца празь нейкую працу зь міжнародным правам і праз тое, каб дагрукацца да людзей, каб яны зразумелі, што зрабілі памылку. Магчыма, ня тыя, хто зьдзейсьніў гэту памылку, а іх нашчадкі гэта выправяць. Як і калі гэта будзе – не магу сказаць. Але я буду над гэтым працаваць».

Пра будучыню расейскай мовы ва Ўкраіне:

«Калі казаць пра тое, якой павінна быць Украіна, то гэта толькі ўкраінская мова, толькі ўкраінскія тэлеканалы. Мы будзем рабіць Украіну для ўкраінцаў. Ніхто ня кажа пра забароны. Ня трэба сілай — трэба сьвядомасьцю, перакананьнем. Таму будзе ў нас усё ўкраінскае».

Пра кампрамісы з Данбасам:

«Мы будзем ісьці да міру ўсімі шляхамі, я ня ўпёртая, не баран. Але не любой цаной: не цаной здрады, не цаной прадацца, не цаной зламацца. Гэта нашая зямля, гэта нашая Ўкраіна. Грызьці яе, кусаць яе, дзяліць яе, зьдзекавацца зь яе я ня дам. Я гатовая ваяваць, я гатовая мірыцца. Калі там гатовыя таксама, тады мы паразумеемся».

Што Саўчанка сказала б Пуціну:
«Адчапіся ад Украіны, адчапіся ад кожнай краіны, у якую ўчапіўся. Пакінь сабе сваё царства, не забівай сваіх людзей, ня зьдзекуйся з расейцаў. Два жыцьці не пражывеш, здохнеш усё адно, і мы ўсе таксама памрэм. Таму жыві годна, як чалавек, і давай жыць іншым».

Пра пляны ўзначаліць «Батьківщіну»:

«У партыі „Батьківщіна“ ёсьць старшыня, лідэр. Я пляную працаваць эфэктыўна, для гэтага абсалютна ня трэба ўзначальваць партыю. Будзе трэба — то трэба».

Пра паездку ў Менск на Трохбаковую кантактную групу:

«Я яшчэ ня ведаю, куды я паеду. Я яшчэ ня чула, ці буду ехаць у Менск, ці ня буду. Калі будзе трэба, то паеду».

Пра пляны вызваленьня палонных у фармаце грамадзкага органу:

«Будзе міжнародны камітэт, які будзе працаваць на гэтым полі, які будзе займацца ўсімі ўкраінскімі палітвязьнямі. Ёсьць людзі, якія зьдзейсьнілі злачынствы — яны сядзяць, і гэта правільна. А ёсьць людзі нявінныя, на якіх навешалі сабак у Расеі — і яны сядзяць».

Пра апошні дзень перад вызваленьнем:

«У мяне была адна размова зь Пятром Парашэнкам па тэлефоне. Прыходзілі консулы, прыносілі мне тэлефон, гэта было ўзгоднена, я так разумею, з усімі інстанцыямі расейскай турэмнай сыстэмы. Але гэта было раней, ня ў ноч перад выездам, я не магу згадаць цяпер дакладна, якога дня. Недзе 19-га. Там у размове не было канкрэтыкі ў датах-гадзінах, проста сказана, што ёсьць рашэньне, яно будзе выканана. Але я сказала прэзыдэнту, і ён мне сказаў тое самае, што мы маем справу з чалавекам, якому верыць нельга».


«Я прасядзела дзень звычайны ў турме як у турме, паклалася спаць па адбоі, як патрэбна. А трэцяй ночы да мяне зайшлі, сказалі «з рэчамі на выхад». Я пачала зьбіраць рэчы, узяла рэчы… І да таго часу, як не адчынілі аўтазак, у якім мяне везьлі, пакуль я не пабачыла, што борт украінскі, я ня верыла, што я лячу ва Ўкраіну».

Пра «Пуцін — х***о»:

«Я ня ведаю гэтага чалавека, я не магу сказаць, што я пра яго думаю. Я магу сказаць толькі адну думку, якую паказваюць па расейскай тэлевізіі. […] Гэта вельмі непрыгожы чалавек, ні фізычна, ні ўсярэдзіне. Калі не гаварыць клясычнае слова… Хаця, напэўна, сёньня я яго яшчэ скажу. Пуцін — х***ло. У прынцыпе, кожнаму чалавеку дадаюцца нейкія мянушкі, як яны сябе паводзяць. У мяне ў войску некалі была мянушка Куля, пазыўны. Будуць іншыя. Да чалавека яна прыстае, бо падобная. Ёсьць вош, ёсьць гніда — я Пуціна пакуль бачу як гніду. Гэта першае візуальнае ўражаньне».

Пра непрыняты закон пра добраахвотнікаў:

«Спачатку, напэўна, трэба выцягнуць тых, хто ў палоне. Ім цяжэй. Як бы нам тут цяжка ні было, але мы на волі. Гэта закон пойдзе другім, я буду працаваць».