Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд паведаміў падрабязнасьці таго, як была дасягнутая дамоўленасьць аб вызваленьні Надзеі Саўчанкі.
«Прэзыдэнт Рэспублікі вітае абмен палоннымі, які адбыўся сёньня ў адпаведнасьці з дамоўленасьцямі, дасягнутымі падчас тэлефоннай размовы ў нармандзкім фармаце 23 траўня. Гэтыя дамоўленасьці, у прыватнасьці, дазволілі вяртаньне Саўчанкі ва Ўкраіну. Гэта істотны крок для выкананьня менскіх пагадненьняў, што павінна адбыцца як мага хутчэй», — цытуе прэзыдэнта Францыі прэс-служба Елісейскага палацу.
Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг напічаў у Твітэры, што шчасьлівы ўбачыць Саўчанку на волі і ў бясьпецы. «Добрыя навіны для яе сям’і і Ўкраіны».
«Вызваленьне маёй калегі дэпутата ПАРЭ Надзеі Саўчанкі — выдатная навіна. Я ўдзячны і Расеі, і Ўкраіне за тое, што гэта стала магчымым, і я зь нецярпеньнем чакаю яе ў Старсбуры — магчыма, нават на наступную сэсію ў чэрвені, калі яе здароўе дазволіць», — гаворыцца ў заяве прэзыдэнта ПАРЭ Пэдра Аграмунта.
Прэзыдэнт ПАРЭ таксама выказаў надзею, што Ўкраіна і Расея змогуць дамагчыся далейшага прагрэсу ў рэалізацыі менскіх дамоўленасьцей.