«Час сэканд-хэнд» выйшаў у ангельскім перакладзе ў ЗША

«Гэтая кніга запоўненая тугой па даўнім часе» — піша пра «Час сэканд-хэнд» Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч рэцэнзэнт Дуайт Гарнэр у The New York Times.

Апошняя кніга Сьвятланы Алексіевіч толькі што выйшла ў ангельскім перакладзе Бэлы Шаевіч у выдавецтве «Random House» у ЗША.

Дуайт Гарнэр хваліць «Час сэканд-хэнд» за «груз катарсісу» і «паводку галасоў» з постсавецкай прасторы, але адначасова крытыкуе за тое, што некаторыя гісторыі ў кнізе занадта расьцягнутыя і паўтараюць адна адну. «Кніга таксама пакідае вас разгубленымі, што тычыцца часу. Інтэрвію зьбіраліся на працягу многіх гадоў, але іх даты даюцца толькі зрэдку. Кніга — густая на макраўзроўні, але час ад часу ёй не хапае пафразавай шчыльнасьці, якая характэрная найлепшым узорам мастацкай літаратуры» — адзначае рэцэнзэнт.

У тым самым выданьні The New York Times журналістка Рэйчэл Данадыё піша пра сваю размову са Сьвятланай Алексіевіч, якая адбылася нядаўна ў Гётэборгу ў Швэцыі. Сярод іншага, журналістка згадвае, што Нобэлеўская ляўрэатка распавяла ёй пра артыкул нашага рэдакцыйнага калегі Зьмітра Бартосіка, у якім ён апісаў наведваньне мясьцінаў, дзе Сьвятлана Алексіевіч расла і выхоўвалася. Усьмешку журналісткі выклікаў расповед пра просьбу аднавяскоўцаў Алексіевіч купіць ім новы трактар за грошы з Нобэлеўскай прэміі.