У мэдыях прагучала нібыта шараговая навіна, што ў музэі імя Пушкіна ў Маскве раптам знайшліся рэнэсансныя італьянскія скульптуры, вывезеныя з Бэрліну у 1945 годзе.
Насамрэч, зусім невыпадкова яны знайшліся менавіта ў 2015 годзе, пасьля ўвядзеньня санкцыяў і міжнароднай ізаляцыі Расеі. Менавіта таму і стварылі сумесную камісію зь нямецкімі спэцыялістамі — для пацяпленьня дачыненьняў з галоўным прыхільнікам санкцыяў у Эўропе — Нямеччынай. Выдатны ход расейцаў. Для іх гэта драбяза — некалькі дзясяткаў рэнэсансных скульптураў або іх фрагмэнтаў.
Немцы бязьлітасна абрабавалі ўсе беларускія музэі падчас Другой сусьветнай вайны. Але саветы стварылі адмысловыя вайсковыя групы для росшуку скрадзеных скарбаў, прызваўшы ў армію ўсіх лепшых мастацтвазнаўцаў, літаратуразнаўцаў і бібліёграфаў. Нябожчык Віталь Скалабан сьцьвярджаў, што гэтыя каманды знайшлі ўсё да апошняй кнігі і карціны і вярнулі ў СССР, але ня ўсё вярнулася ў Менск.
Напрыклад, дырэктарка Бібліятэкі замежнай літаратуры ў Маскве Маргарыта Рудаміно стала падпалкоўнікам, а яе сын — Адрыян Рудаміно, таксама малады бібліёграф — лейтэнантам. Пасьля ён напісаў успаміны, дзе прызнаў, што СССР вывез зь Нямеччыны мільёны старадрукаваных кніг, якія да самага распаду СССР не былі легалізаваныя і хаваліся ў падвалах і бамбасховішчах.
Неяк, праглядаючы беларускія газэты і часопісы 1920-х гадоў, я даведаўся, што ўвесну 1927 году ў Беларускім Дзяржаўным музэі праходзіла выстава слуцкіх паясоў з уласнай музэйнай калекцыі. Выстаўлена было 18 штук, а ўсяго музэй валодаў тады 21 слуцкім поясам (сёньня — ніводнага цэлага).
Таксама я даведаўся, што ў музэі ў 1927 годзе была заля заходне-эўрапейскага мастацтва, сярод экспанатаў якой было каля дваццаці карцін мастакоў флямандзкай школы.
Ну а пра Крыж Эўфрасіньні Полацкай і нагадваць, відаць, ня варта. Як казаў той жа Віталь Скалабан, факт, што Крыж знаходзіцца ў Расеі, стаў відавочным на сто працэнтаў пасьля таго, як у 2003 годзе пры дапамозе Праваслаўнай царквы «цудоўным» чынам адшукалася Слуцкае Эвангельле, якое захоўвалася ў адным сэйфе з Крыжом у Магілёва і разам зь ім адтуль паехала ў эвакуацыю на ўсход.
І вось пасьля навіны пра «нечакана» знойдзеныя ў Маскве бэрлінскія скульптуры мне падумалася: добра было б, каб некалі ўзьнікла такая міжнародная сытуацыя, што Расея раптам захоча знайсьці ў сваіх запасьніках нешта і са страчанай беларускай спадчыны. А можа, нават, такую сытуацыю створаць самі ўлады будучай Беларусі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.