Вярхоўны суд Азэрбайджану распарадзіўся вызваліць з-пад варты журналістку Хадзіджу Ісмаілаву пасьля таго, як яе прысуд быў паніжаны зь сямі з паловай да трох з паловай гадоў.
Журналістку азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Хадзіджу Ісмаілаву, арыштаваную ў пачатку сьнежня 2014 году, у верасьні 2015 году прысудзілі да сямі з паловай гадоў турмы па абвінавачаньнях у эканамічных злачынствах — крадзяжах, перавышэньні службовых паўнамоцтваў, нелегальным прадпрымальніцтве і ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Падчас працэсу Ісмаілава адхіліла ўсе абвінавачаньні, назваўшы іх палітычна матываванымі.
Your browser doesn’t support HTML5
Паводле Ісмаілавай, улады адпомсьцілі ёй за журналісцкія расьсьледаваньні фактаў карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады Азэрбайджану.
«Гэта вялікі дзень для Хадзіджы і для ўсіх журналістаў, і для свабоды слова ва ўсім сьвеце, — заявіў галоўны рэдактар Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа Нэнад Пеіч. — Мы надзвычай радыя за Хадзіджу і яе сям’ю і ня можам дачакацца, калі яна вернецца да працы».