Топ-10 прыбытковых прадпрыемстваў. Эканаміст: «Хваліцца няма чым»

Міністэрства фінансаў назвала топ дзесяці прыбытковых адкрытых акцыянэрных таварыстваў Беларусі за 2015 год. Адкрываюць сьпіс «Беларуськалій» (Br11,26 трлн), «Газпром трансгаз Беларусь» (Br4,9 трлн) і Мазырскі НПЗ (Br3,5 трлн).

Таксама ў топ Мінфіна ўвайшлі Банк разьвіцьця Беларусі, «Гомельтранснафта Дружба», «Пеленг», 558-й авіярамонтны завод, Пінскі камбінат хлебапрадуктаў, Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», агракамбінат «Дзяржынскі».

Пра што сьведчыць гэтая дзесятка? Эканаміст Леў Марголін так адказваў на гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды:

Леў Марголін

«Гэта сьведчыць пра тое, што хваліцца няма чым. Бо ў дзесятцы прыбытковых няма такіх прадпрыемстваў як МАЗ, БелАЗ, трактарны завод, „Гарызонт“, „Атлянт“, як гэта было калісьці. Прадпрыемствы машынабудаваньня былі нашай візытоўкай, нашым брэндам. І вось ніводнага прадпрыемства, відаць, не засталося, якое можна было б паставіць як прыклад прыбытковасьці.

Затое шмат прадпрыемстваў у гэтым сьпісе, якія зьвязаныя з карыснымі выкапнямі — калійнымі ўгнаеньнямі, газам і нафтай. Тут вялікай заслугі няма. Усё залежыць ад сытуацыі на рынках, калі б цэны рэзка ўпалі, то і не было б прыбыткаў.

А, напрыклад, тытунёвая фабрыка гэта прадпрыемства, вынікі працы якога вымяраюцца дзяржавай. То бок, дзяржава вырашае, наколькі прыбытковай будзе тытунёвая фабрыка. Бо кошты на тытунь па вялікім рахунку залежаць ад дзяржавы, у нас няма рынкавай канкурэнцыі. Магчыма, адзінае прадпрыемства заслугоўвае ўвагі ў гэтым сьпісе — агракамбінат „Дзяржынскі“. У нас вельмі многа аграпрамысловых прадпрыемстваў, але прыбытковасьцю можа пахваліцца вельмі малая колькасьць.

Магчыма, адзінае прадпрыемства заслугоўвае ўвагі ў гэтым сьпісе — агракамбінат „Дзяржынскі“


„Пеленг“ — прадпрыемства абароннага комплексу, якое выпускае ўнікальную прадукцыю, найперш запатрабаваную на расейскім рынку. Яно мае гарантаваны рынак збыту. Пакуль будзе існаваць Расея і займацца тым, чым яна цяпер займаецца, будзе запатрабаваны і авіярамонтны завод».

Паводле Мініфіна, найбольшыя страты па выніках 2015 году атрымала ААТ «Беларускі мэталюргічны завод — кіруючая кампанія холдынгу «Беларуская мэталюргічная кампанія».

«Беларуськалій» быў на першым месцы ў сьпісе самых прыбытковых і ў 2014 годзе.

Параўнальна з 2014-м першую дзесятку пакінулі «Нафтан», "Прамагралізынг ","Савушкін прадукт","МАПІД", Менскі завод колавых цягачоў.