З-за крызісу выдаткі дзяржаўнага бюджэту скароцяць на 15 трыльёнаў рублёў

Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што варта чакаць масавых звальненьняў на стратных заводах.

У інтэрвію праграме Беларускага тэлебачаньня «Галоўны эфір» міністар фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын распавёў, што сума магчымага скарачэньня бюджэту складзе каля 15 трыльёнаў рублёў, гэта каля 7% усіх выдаткаў бюджэту.

У чэрвені Мінфін унясе праект указу па ўдакладненьні паказьнікаў бюджэту, дзе плянуецца скараціць зарэзэрваваныя на сёньня выдаткі, каб выкананьне бюджэту да канца году праходзіла ў збалянсаваным рэжыме. Міністар растлумачыў, што гаворка ідзе пра «аптымізацыю і скарачэньні асобных непершачарговых выдаткаў», і ўдакладненьне закране толькі «выдаткі, якія не закранаюць неадкладныя патрэбы бюджэтнай сфэры».

«Нам давялося скараціць і датацыі мясцовым бюджэтам, каб яны таксама прынялі адэкватныя меры па скарачэньні і аптымізацыі сваіх выдаткаў», — сказаў міністар Амарын.

«У першую чаргу трэба навучыцца эфэктыўна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі. І павышэньне эфэктыўнасьці выкарыстаньня дазволіць нам меншымі або тымі ж сродкамі дасягнуць вялікіх вынікаў».

Камэнтуючы Свабодзе магчымае скарачэньне бюджэту, экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначыў, што найперш гэта закране датаваньне стратных дзяржаўных прадпрыемстваў:

Станіслаў Багданкевіч

«Гэта ўжо было заяўлена, што найперш будуць скарачаць датацыі стратным прадпрыемствам. У выніку гэтыя прадпрыемствы будуць вымушаныя рабіць захады для скарачэньня вытворчасьці і, я думаю, яны будуць звальняць людзей. Гэты тычыцца тых прадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукцыю, што не знаходзіць свайго пакупніка.

Што да лічбы ў 7%, якія плянуюць скараціць, то яна апраўданая. У нас сур’ёзная крызісная сытуацыя, няма прыбытку, таму зразумела, што бюджэт трэба ўразаць. Падае валавы прадукт — у мінулым годзе на 4%, у першым квартале гэтага году — на 3%. Калі ствараем менш, то трэба і траціць менш, менш плаціць заробкаў».

Станіслаў Багданкевіч адзначыў, што найлепш было б скарачаць дзяржвыдаткі:

«Трэба скарачаць выдаткі на сілавыя структуры, таму што ніхто апроч Расеі на нас нападаць ня будзе. А Расея — нібыта сябар нашай дзяржавы. А мы праводзім шматзатратныя вайсковыя вучэньні. Таксама трэба скарачаць чынавенства, рэфармаваць сыстэму дзяржкіраваньня. Калі скарачаць у сфэры дзяржвыдаткаў, то 7% нават мала».