Прысутныя ўсклалі кветкі ды запалілі зьнічкі каля капліцы ды валуноў з шыльдамі ў гонар удзельнікаў паўстаньня 1863 году. Актывісты прыбраліся каля гэтых помнікаў, а таксама каля крыжу-помніку загінулым расейскім жаўнерам, які стаіць праз дарогу ад каплічкі ў гонар паўстанцаў.
Каля помніку ўзьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі, што прыцягнула ўвагу праяжджаючых аўто, кіроўцы некаторых зь якіх спыняліся і распытваліся, што за сьвята адбываецца.
Акцыя адбылася без інцыдэнтаў, прадстаўнікі праваахоўных органаў у Мілавідах не прысутнічалі.
Пасьля прыбіраньня і прамоваў каля помніку паўстанцам актывісты зладзілі круглы стол на сядзібе ТБМ у Русіне.
Бітва пад Мілавідамі адбылася 22 траўня 1863 году. Паўстанцы разьбілі рэгулярнае расейскае войска, якое мусіла адступіць з поля бою.
Штогод 22 траўня актывісты з Баранавічаў, іншых мясьцінаў Берасьцейшчыны прыбіраюць каля помнікаў у Мілавідах. У 2013 годзе, на 150-я угодкі бітвы там зладзілі нават «Мілавідзкі фэст», які быў разагнаны супрацоўнікамі міліцыі.