Цыганкоў: Грамадзкі актывіст з Глыбокага Яраслаў Берніковіч напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку»: «Вы пытаецеся, ці сабраў „праект Караткевіч“ 100 тысяч подпісаў? Ня будзьце наіўнымі! Было сабрана менш за палову ад неабходнай колькасьці...»
Далей у інтэрвію Свабодзе Берніковіч патлумачыў: «Я магу дакладна гэта сьцьвярджаць, бо каардынаваў збор подпісаў у Менску. І таму кажу: у Менску было сабрана сапраўдных 14 тысяч 603 подпісы. У асноўным гэта подпісы, што зьбіраліся падчас пікетаў, зьбіраліся цяжка, у любое надвор’е...»
Для пачатку варта сказаць, што Яраслаў Берніковіч падчас выбарчай кампаніі 2015 году быў, што называецца, у «блізкім коле» кандыдаткі Караткевіч. Напрыклад, калі Тацяна прыйшла да нас на Радыё Свабода на «Інтэрвію тыдня», то менавіта Берніковіч быў тады разам з ёй.
На думку некаторых людзей, блізкіх да сытуацыі, матывы Берніковіча тлумачацца перш за ўсё крыўдай на кіраўніцтва «Гавары праўду», у тым ліку і матэрыяльнай. Фактычна пасьля кожнай палітычнай кампаніі ў апазыцыі зьяўляюцца пакрыўджаныя, якія заяўляюць, што перад імі ня выканалі абавязкі, то бок — не заплацілі.
Гэта лішні раз сьведчыць, што матэрыяльны чыньнік прысутнічае ў апазыцыйнай дзейнасьці, і асабліва падчас буйных палітычных кампаніяў. Гэта не 1991 год, і гэта варта прызнаць, што ў любой кампаніі прысутнічаюць грошы.
Па-другое. У апазыцыйным асяродзьдзі размова (нават упэўненасьць), што Караткевіч не сабрала подпісаў, гучала адразу пасьля заканчэньня кампаніі. Мне, напрыклад, у свой час пра гэта ўпэўнена казаў адзін зь лідэраў партыі, якая прымала ўдзел у зборы подпісаў за кандыдатку Караткевіч.
Тады, нагадаю, іншыя палітычныя сілы адразу пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі прапаноўвалі наладзіць грамадзкую праверку збору подпісаў, але гэтая ідэя тады не атрымалася — магчыма, якраз з-за нежаданьня каманды Караткевіч ісьці на гэта.
На выбарчую кампанію 2016 гэты скандал зробіць самы непасрэдны ўплыў. Па-першае, пашыраецца прорва паміж ГП і іншымі апазыцыйнымі сіламі. Вядома, да выбараў гэты скандал забудзецца, але асадачак, што называецца, застанецца надоўга. Узьнікае пытаньне даверу да ўсіх апазыцыйных сілаў.
Глод: Я сыходжу з таго, што доказаў віны Тацяны Караткевіч і Андрэя Дзьмітрыева пакуль няма. Але падазронасьць была. Віталь Цыганкоў згадваў прэзыдэнцкую кампанію 2015 году. Я хачу дадаць, што ў ёй удзельнічалі такія, можна сказаць, дасьведчаныя байцы ад апазыцыі, як Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін. І ні адзін, ні другі не змаглі сабраць неабходных для рэгістрацыі 100 тысячаў подпісаў. А гэта ж партыі з параўнальна вялікімі і дзейнымі структурамі. З парадкам і дысцыплінай, якая захавалася ў «Справядлівага сьвету» з камуністычных часоў.
Лябедзька і Калякін шчыра прызналіся: не сабралі. Тады, памятаю, было вялікае зьдзіўленьне: як жа так, чаму вы, лідэры, не сыходзіце? Складаны для сябе час яны перажылі. Але цяпер, калі віна лідэраў «Гавары праўду» пацьвердзіцца, то маральная перамога будзе на баку Калякіна і Лябедзькі.
Але вернемся да апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі неабходную для рэгістрацыі колькасьць подпісаў сабралі яшчэ Сяргей Гайдукевіч і Мікалай Улаховіч. Але такі расклад не задавальняў Лукашэнку і ягонае атачэньне. Не задавальняў таму, што не было дэмакратычнага кандыдата для Эўропы. Рэпутацыя Гайдукевіча і Ўлаховіча не давала ім магчымасьці цягнуць на паўнавартасных дэмакратаў. Таму патрэбны быў нехта чацьвёрты.
І тут, на мой погляд, у «Гавары праўду» зьявілася вялікая спакуса — перадаць у Цэнтарвыбаркам сто тысяч подпісаў. Магчыма, і не сабраных, але нейкім чынам упісаных у падпісныя лісты. Да таго ж, і Караткевіч, і Дзьмітрыеў памяталі сытуацыю з папярэднімі выбарамі. Тады, у 2010 годзе, пра што цяпер шмат хто гаворыць, далёка ня ўсе кандыдаты здолелі сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў. Частка зь іх былі сфальшаваныя. Але тады ЦВК на гэта заплюшчыў вочы.
Цяпер, калі абвінавачаньні на адрас кампаніі «Гавары праўду» пацьвердзяцца, то яе лідэраў чакае ня наш трайны ўдар (я маю на ўвазе перадачу, якую мы цяпер запісваем), а двайны ўдар. Першы — гэта стаўленьне да яе з боку апазыцыі, пра што ўжо казаў Віталь Цыганкоў. А другі — ад улады, бо цяпер яна на кручку ва ўлады. Улада заўжды можа выцягнуць гэтую гісторыю з подпісамі выбарцаў.
Цыганкоў: Улада, магчыма, сама парадаксальным чынам і не зацікаўленая ў далейшым разьдзіманьні гэтага скандалу. Калі прызнаць, што гэта сапраўды было, паўстае пытаньне аб безадказнасьці самой улады: як яна зарэгістравала кандыдата, які нібыта не сабраў 100 тысяч подпісаў? Гэта лішні раз будзе паказваць, якія ў Беларусі выбары, а тут ня нейкія парлямэнцкія, а прэзыдэнцкія. Таму ўлада не хацела, каб гэтая справа даходзіла да адміністратыўнага судовага вырашэньня, бо тады прыйдзецца даказваць, што Караткевіч сапраўды сабрала, і выбары былі легітымныя і законныя.
Глод: Хоць я не выключаю, што ўлада зможа даказаць усё, што захоча. І ў прыватнасьці тое, што Караткевіч сабрала, але і падманула адначасова Цэнтральную выбарчую камісію.
Максімюк: Я ўсё ж думаю, што ўлада не захоча пакарыстацца гэтым скандалам. Гэта ўнутраныя гульні апазыцыі, у якія яна ня ўвойдзе, бо гэта фактычна ўлада вырашае, хто сабраў подпісы, хто не. Гэта было ясна ўсім назіральнікам палітычнай сцэны Беларусі ў кампаніі 2015 году, і шмат каму ў 2010 годзе, дзе ўлада зарэгістравала сем кандыдатаў ад апазыцыі, і былі, натуральна, ня менш слабыя сумневы, чым цяпер, ці ўсе яны сабралі патрэбную колькасьць подпісаў. Мне здаецца, у Беларусі каб сабраць 100 тысяч подпісаў для кандыдата — гэта крыху зашмат. Вось у Польшчы, у якой у чатыры разы болей насельніцтва, таксама парог 100 тысяч подпісаў. Думаю, 50 тысяч у Беларусі было б зусім дастаткова. Але гэта заўвага на палях. Мне здаецца, што гэтая сытуацыя — акрамя пытаньня, чаму гэты чалавек абурыўся і сказаў пра подпісы толькі цяпер, калі мінула ўжо больш за паўгода ад самой кампаніі, у яго раптам сумленьне прачнулася ці што? — на імідж апазыцыі і імідж нават самой «Гавары праўду» ня надта паўплывае ў парлямэнцкіх выбарах, бо гэтыя выбары ня так моцна засяроджаныя на адной асобе. Імідж апазыцыі ўжо настолькі шэры і зашмальцаваны, што гэтая яшчэ адна рыса палітычнага надвор’я не памяняе.
Глод: Да параўнаньня з Польшчай, дзе насельніцтва ў чатыры разы болей: гэтая праблема вельмі вострая, што разумеюць нават у Цэнтральнай выбарчай камісіі. Днямі сакратар ЦВК Мікалай Лазавік сказаў, што 100 тысяч для такой параўнальна невялікай краіны, як Беларусь, сапраўды занадта вялікая лічба, і мабыць, трэба разглядаць зьмяншэньне гэтага парогу.
Максімюк: Такі парог уводзіцца ў кожнай краіне, каб абмежаваць удзел у выбарах розных вар’ятаў ці палітычных выскачак. 50 ці нават 30 тысяч для Беларусі было б абсалютна дастаткова.