АБСЭ разглядае магчымасьць адпраўкі паліцэйскай місіі ў кантраляваныя сэпаратыстамі раёны Данбасу на пэрыяд правядзеньня там мясцовых выбараў. Пра гэта заявіў генэральны сакратар арганізацыі Ламбэрта Заньер у інтэрвію агенцтву Associated Press.
Паводле яго слоў, місія магла б налічваць сотні чалавек, якія будуць узброеныя. Цяпер на ўсходзе Ўкраіны працуюць назіральнікі АБСЭ: яны бяз зброі і сочаць за захаваньнем перамір’я ў рэгіёне.
Дзейны старшыня АБСЭ падкрэсьліў, што зьмяненьне фармату місіі, пра што прасіў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, магчымае толькі пры згодзе абодвух бакоў канфлікту ў Данбасе. Заньер адзначыў, што паліцэйская місія АБСЭ магла б працаваць сумесна з атрадамі так званай «народнай паліцыі», каб забясьпечваць бясьпеку выбараў.
Кіеў падтрымлівае адпраўку ўзброенай паліцэйскай місіі ў Данбас, Масква і сэпаратысты выступаюць супраць.
Украінскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што выбары на непадкантрольных ім тэрыторыях могуць адбыцца толькі пасьля разгортваньня міжнароднай паліцэйскай місіі АБСЭ ў Данбасе, вываду адтуль расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, аднаўленьня ўкраінскага кантролю над усходняй мяжой.
Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Маскву ў тым, што яна аказвае падтрымку сэпаратыстам на ўсходзе Ўкраіны, накіроўваючы туды вайскоўцаў і зброю. Расея абвяргае гэтыя абвінавачваньні і заяўляе, што Ўкраіна тармозіць мірны працэс, не прымаючы законы аб дэцэнтралізацыі ўлады.