Вярхоўная рада Ўкраіны прыняла 19 траўня пастанову № 3864 пра перайменаваньне Днепрапятроўска ў Дняпро (укр. Дніпро) і пастанову № 4085 пра перайменаваньне Днепрадзяржынска ў Камянскае (укр. Кам’янське), а таксама перайменаваньне яшчэ 5 гарадоў, 9 раёнаў, 284 сёлаў і паселішчаў. Пастановы аб перайменаваньні не падтрымалі дэпутаты «Апазыцыйнага блёку».
Днепрапятроўск атрымаў сваю назву ў 1926 годзе ў гонар камуністычнага партыйнага дзеяча Пятроўскага, якога называюць адным з ініцыятараў Галадамору, да таго горад зваўся Екацярынаславам і Наварасійскам. Днепрадзяржынск да 1936 году насіў назву, якую цяпер вярнулі — Камянскае, — а пасьля быў названы ў гонар Фэлікса Дзяржынскага, ураджэнца Беларусі, які кіраваў барацьбой з антысавецкімі паўстанцамі ва Ўкраіне і ажыцьцяўляў палітыку Чырвонага тэрору.
Пакуль ва Ўкраіне яшчэ захоўваюцца камуністычныя назвы — напрыклад, не перайменаваны Кіраваград і Кіраваградзкая вобласьць. Агулам па Ўкраіне трэба перайменаваць 3% населеных пунктаў. Старшыня Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій па прыняцьці перайменаваньня Днепрапятроўска паабяцаў: «У наступны чацьвер мы працягнем і завершым дэкамунізацыю».
А гарадзкі галава былога Днепрапятроўска павіншаваў з Днём вышыванкі ўжо ад імя Гарадзкой рады Дняпра.
Першая хваля дэкамунізацыі, пазбаўленьня ад савецкіх палітызаваных назваў, прайшла ва Ўкраіне ў лютым 2016 году. Тады былі зьмененыя 175 назваў, у тым ліку Арцёмаўск перайменавалі ў Бахмут, Дзяржынск — у Тарэцк, Чырвоны Ліман — у Ліман і гэтак далей.