Як украінскія дзеці вараць стратэгічны запас баршчу для войска

У дзіцячым лягеры «Лясная застава» пад Кіевам адкрылася сапраўднае прадпрыемства ВПК: там рыхтуюць стратэгічныя запасы... баршчу для салдат і жыхароў прыфрантавых тэрыторый Данбасу. Чаму дзеці кормяць баршчом украінскіх вайскоўцаў, і ці смачным ён атрымліваецца?

Канвэер па вытворчасьці паўфабрыкату баршчу (з аднаго пакета атрымліваецца пяць літраў супу, трэба проста дадаць вады) разьмешчаны пасярод лесу, у дзіцячым лягеры «Лясная застава» пад Кіевам. Выхавацелямі там працуюць валанцёры з Данбасу. Яны ня проста стварылі сапраўдны завод па выпуску паўфабрыкатаў ўкраінскай нацыянальнай стравы, але і наладзілі шляхі дастаўкі баршчу ў Данбас.


Але галоўныя на гэтай кухні — школьнікі з розных куткоў усходу Ўкраіны. Падлеткі працуюць вахтавым мэтадам, у кожнага свая задача. Дзеці па некалькі гадзін у дзень абіраюць, крышаць, сушаць і пакуюць гародніну, каб зьмясьціць вялікі рондаль баршчу ў маленькі пакет.

15-гадовы Аляксандар прыехаў з прыфрантавога гарадка Гарняк, які яшчэ нядаўна абстрэльвалі сэпаратысты, і да мірнага жыцьця толькі прывыкае. Хоць у лягеры ён усяго два тыдні, ужо стаў сапраўдным шэф-кухарам. Паводле словаў Аляксандра, галоўнае ў баршчы — каб прапорцыі былі дакладна выкананыя: 15 грам цыбулі, морквы — 20 грам на порцыю.

Аднагодка Сашы Лера прыехала ў лягер зь сяла Максымільянаўка, Данецкай вобласьці. Яна — перадавік вытворчасьці: усяго за дзьве гадзіны нарыхтоўвае... 100 літраў баршчу!

Пакуль дзеці гатуюць, дарослыя валантэры развозяць правізію ўкраінскім салдатам, шматдзетным сем’ям і сіротам у зоне канфлікту.

«Для іх хатні боршч — гэта вяртаньне ў хатняе жыцьцё, такі кавалачак цяпла», — кажа пра сваіх падапечных псыхоляг Аліна Даніленка. А для школьнікаў-кухараў праца ў лягеры — псыхалягічная рэабілітацыя: «Яны зьяжджаюць зь вялізнымі вачыма, у якіх захапленьне усяго сьвету, таму што яны бачаць: якой колькасьці людзей могуць дапамагчы», — заўважае Даніленка.

Пакуль у лягеры толькі каля 40 дзяцей. Але ўжо летам валанцёры за адну зьмену разьлічваюць прымаць больш за 150 чалавек. А значыць лясная фабрыка кожныя тры тыдні будзе выдаваць 42 тысячы пакетаў баршчу-паўфабрыкату.