Чаму ў Беларусь замежныя інвэстары так асьцярожна ўкладаюць свае капіталы? Гэтая праблема стала ключавой падчас сёньняшняй размовы лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева з намесьнікам дырэктара Нацыянальнага агенцтва па інвэстыцыях і прыватызацыі Міхаілам Дашуком.
Падсумоўваючы вынікі сустрэчы, спадар Дзьмітрыеў распавёў Свабодзе:
«Мы пабачылі сама меней тры аспэкты гэтай праблемы. Першая — насьпеў час уводзіць у Беларусі пасаду інвэстыцыйнага амбудсмэна. Бо сёньня трэба каардынаваць інвэстыцыйную дзейнасьць. Агенцтва паводле свайго статусу ня мае права рэгуляваць канфлікты. А яны ўзьнікаюць, таму што галоўны бар’ер на шляху інвэстыцыяў — бюракрат, які ня хоча браць ініцыятыву на сябе.
Другая праблема — роўны падыход да ўсіх інвэстараў, каб не было лепшых і горшых, усходніх і заходніх.
Трэцяя — адсутнасьць устойлівага заканадаўства. Трэба вяртацца да інвэстыцыйнага кодэксу, які б цалкам рэгуляваў гэтую сфэру. А цяпер ёсьць шматлікія нарматыўныя акты, якія часам проста немагчыма знайсьці».
Андрэй Дзьмітрыеў гаворыць, што сёньняшняе абмеркаваньне сытуацыі з інвэстыцыямі стала працягам працы, якую «Гавары праўду» пачала з сустрэчы ў эканамічнай камісіі Палаты прадстаўнікоў. Затым была размова ў камісіі Савета Рэспублікі. У выніку сёньня дамовіліся, што грамадзянская кампанія будзе ініцыяваць правядзеньне круглага стала па разьнявольваньні інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі.