Берасьцейскі абласны краязнаўчы музэй далучыўся да міжнароднай акцыі «Ноч музэяў» вечарынай у савецкім стылі.
У гутарцы з журналістамі арганізатары назвалі савецкія часы «рамантычнымі».
Некалькі дзясяткаў берасьцейцаў сабраліся на адкрыцьцё вечарыны ў савецкім стылі. Ля музэю іх сустракалі бочка з квасам, жаўнер з самаварам ды героі савецкіх мультфільмаў. Унутры музэю на ўваходзе быў арганізаваны прыём макулятуры.
Заплаціўшы за ўваход 50 тысяч рублёў, наведнікі акцыі разыходзіліся па залях музэю, дзе адбываліся розныя мерапрыемствы. Адны сядалі гуляць у шашкі ці шахматы, другія слухаць песьні пад гітару, або выступы на паэтычнай пляцоўцы.
Прысутных дзівілі звычайнымі прысмакамі савецкіх дзяцей — чорным хлебам з цукрам. Дзеці займаліся на пляцоўцы па вырабу пілётак з газэт.
Шыхтаваліся і раз-пораз па залях маршыравалі піянэры, з гучнымі песьнямі ды крычалкамі:
«Піянэр! За справу камуністычнай партыі Савецкага саюзу будзь гатовы!..»
Камэнтуе настаўніца адной зь берасьцейскіх школаў, наведніца «Ночы музэяў» у савецкім стылі:
«Узгадалі дзяцінства, узгадалі Савецкі Саюз. Мне вельмі блізкая піянэрская арганізацыя, таму што сама была барабаншчыцай, адкрывалі ўсе зборы, усе сьвяты, сходы камсамольскія і партыйныя. У нас было шчасьлівае піянэрскае дзяцінства. Па-мойму, нічога дрэннага не было ў гэтым, праўда ж?»
Дзяўчаты вучыліся танцам савецкіх часоў або рабілі сабе прычоскі ў савецкім стылі. Некаторыя малявалі на шчоках чырвоныя зоркі.
Працавала і вайсковая выстава «Служу Савецкаму саюзу», гурток радыёаматараў.
Жанна Абламская, загадчыца навукова-мэтадычнага аддзелу Берасьцейскага абласнога краязнаўчага музэю ў гутарцы з журналістамі назвала савецкія часы «рамантычнымі»:
«Сёньня ў нас савецкая гісторыя. 25 гадоў прайшло з тых часоў, як разваліўся Савецкі Саюз. І мы вырашылі, што трэба нагадаць пра тыя рамантычныя савецкія часы, якія калісьці былі».
На пытаньне журналістаў, ці ня лічыць супрацоўніца музэю тэматыку спрэчна «рамантычнай», бо савецкая дзяржава была далёка не ідэальнай, Жанна Абламская адказала:
«Гісторыя ўвогуле — спрэчная тэма. У кожным стагодзьдзі было нешта добрае, нешта дрэннае, у кожныя часы знаходзяцца свае крытыкі і свае аматары. Таму мы лічым, што да нас сёньня прыйшлі людзі, якім ёсьць што прыгадаць».
У часе працы «Ночы музэяў» ніводная заля не была прысьвечаная адмоўным зьявам савецкага жыцьця — прымусовай калектывізацыі, масавым камуністычным рэпрэсіям, рабскай працы ў канцлягэрах ГУЛАГу.