За ўдзел у пікеце, які адбыўся 28 красавіка, лідэра арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно» Віктара Стукава аштрафавалі на 5,25 мільёна рублёў. Намесьніка старшыні рэспубліканскага СПБ Міколу Шараха за пікетаваньне, а таксама непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі пакаралі штрафам у 6,3 мільёна рублёў.
Чальцы СПБ выйшлі на пікет супраць парушэньня наймальнікам працоўнага заканадаўства, у выніку чаго з Шарахам не працягнулі працоўны кантракт. Міліцыянты выступалі на судовых працэсах абодвух актывістаў у якасьці сьведак.
У прысутных журналістаў і паплечнікаў прафсаюзных лідэраў склалася ўражаньне, што міліцыянты Сяргей Багумірскі і Ігар Скарабагаты ўвогуле не былі на акцыі, пра якую распавядалі. Прынамсі, пікетоўцы гэтых міліцыянтаў ня бачылі.
Паводле распараджэньня свайго кіраўніцтва, сказаў Скорабагаты, яны мусілі паляваць на журналістаў — «адсачыць, хто фатаграфуе або здымае пікет». А таксама «вызначыць найбольш актыўных удзельнікаў і аднаго зь іх затрымаць». Аднак са словаў Скорабагатага вынікала, што спадар Шарах нібыта трымаў у руках ня сьцяг СПБ, а «эўрапейскі, з зорачкамі». А міліцыянт Багумірскі ўвогуле бачыў у пікетоўцаў не адзін сьцяг, а два...
На пытаньне Міколы Шараха, чаму праваахоўнікі не падышлі і не папярэдзілі пра адміністрацыйную адказнасьць за несанкцыянаваны пікет, абодва адказалі, што на гэта не было загаду.
Распараджэньне непасрэднага кіраўніка Ігара Емяльянава было іншае: затрымаць Міколу Шараха. Чаму менавіта яго — засталося незразумелым. Тое, што яго затрымлівалі не падчас акцыі, а ў пад’езьдзе ўласнага дому, гвалтоўна, міліцыянты патлумачылі «апэратыўнымі акалічнасьцямі». Падчас затрыманьня, цьвердзяць міліцыянты, спадар Шарах не падпарадкоўваўся іхным патрабаваньням. Хоць на той момант ён нават ня ведаў, што за ім у пад’езд забеглі супрацоўнікі сілавых структур — яны былі ў цывільным і не назваліся.
Ігар Емяльянаў, адказваючы на пытаньне спадара Шараха, пацьвердзіў, што абавязак міліцыі — прадухіляць правапарушэньні. Аднак ня змог патлумачыць, чаму гэта не было зроблена падчас пікету. Больш за тое: ён заявіў, што пра адміністрацыйную адказнасьць мусіла папярэдзіць пікетоўцаў Натальля Ганебная, супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу.
«Яна сапраўды прыходзіла на пікет. І нават двойчы, як высьветлілася ў судзе. Першы раз — яшчэ да пачатку акцыі, бо мы пісалі ў звароце да райвыканкаму, што распачнём пікет у 10.00, але распачалі на паўтары гадзіны пазьней. Мы грунтаваліся на тым, што заканадаўства дазваляе ажыцьцяўляць прафсаюзную дзейнасьць у любых формах, і дзеля гэтага дазвол раённых уладаў не патрэбны. Таму, не атрымаўшы адказу з выканкаму, мы сьмела выйшлі на пікет да кінатэатру „Радзіма“. І толькі са сваёй судовай справы я даведаўся, што чыноўнікі, аказваецца, дасылалі нам адказ з забаронай акцыі. Толькі мы яго чамусьці не атрымалі», — распавёў Віктар Стукаў.
Паводле рашэньня судзьдзі Юліі Каласоўскай ён аштрафаваны за ўдзел у пікеце на 25 базавых велічынь — на 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў.
«Са словаў сьведкі, міліцыянта Ігара Емяльянава, відавочна вынікала, што „сыгнал“ міліцыя атрымала з райвыканкаму. І ўсе яны чакалі нашай акцыі. Ды яшчэ раздалі ўказаньні адсочваць журналістаў, якія прыйдуць на пікет! І адмыслова дачакаліся заканчэньня пікету — няйнакш каб мець падставы нас аштрафаваць. Пэўна, гэта ноў-хаў для папаўненьня бюджэту! На мне „зарабілі“, і яшчэ звыш мільёна нібыта за непадпарадкаваньне. Але навошта было ладзіць нейкі бандыцкі налёт, замест таго каб даслаць позву ў пастарунак?» — абураецца Мікола Шарах.
Паводле рашэньня судзьдзі Віталя Лапко, ён аштрафаваны за ўдзел у пікеце на 25 базавых велічынь — на 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў, і яшчэ на 5 базавых велічынь — за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Тым самым супрацоўнікам, якія так і не змаглі падлічыць сьцягі на пікеце, тым самым, якія сьведчылі, што паказвалі свае дакумэнты Міколу Шараху, а ён ад іх «уцякаў па лесьвіцы і называў бандытамі». І зусім ужо неверагодная была заява Сяргея Багумірскага, што спадару Шараху адразу ў пастарунку прапаноўвалі зьвярнуцца да адваката. Бо актывісту ў гэтай просьбе якраз-такі катэгарычна адмовілі, і ён нават напісаў скаргу ў пракуратуру.
Спадары Шарах і Стукаў зьбіраюцца абскарджваць і рашэньні полацкіх судзьдзяў. Актывісты СПБ кажуць, што іх судзілі як прыватных асобаў і ня сталі аб’ядноўваць іхныя справы, каб не акцэнтаваць увагі на тым, што адбываецца дыскрымінацыя па прафсаюзнай прыкмеце. Кантракт з Шарахам не працягнулі, на іх погляд, з тых самых меркаваньняў: каб пазбавіцца ад актывістаў незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве і спыніць іхны ўплыў на іншых работнікаў.