Актрыса Ганна Бродзкая ўшанаваная ўзнагародай за найлепшую жаночую ролю на кінафэстывалі ў гішпанскім горадзе Уэска. Атрымліваючы прыз, яна выступіла з палітычнай заявай: нагадала гледачам пра тое, што Расея зьяўляецца дыктатарскай дзяржавай, якая рэпрэсуе невінаватых людзей, такіх як рэжысэр Алег Сянцоў.
Фільм «Рэвалюцыя» — дэбют маладога нямецкага рэжысэра Маркуса Эрхарта — атрымаў яшчэ тры ўзнагароды, у тым ліку быў прызнаны найлепшым фільмам фэстывалю. Ганна Бродзкая грае дырэктарку беларускай школы, якая рыхтуецца да візыту дыктатара, у якім беспамылкова адгадваецца Аляксандр Лукашэнка. Гэта антытаталітарная казка: аднаму з школьнікаў пры дапамозе чароўных флямастэраў атрымоўваецца пакараць злога прэзыдэнта. Ганна Бродзкая, ураджэнка Чалябінску, больш за дваццаць гадоў жыве ў Нямеччыне, працуе ў кіно і тэатры, здымалася ў тэлесэрыялах, у тым ліку ў папулярным нямецкім крымінальным сэрыяле «Месца злачынства».
Ганна Бродзкая распавяла Радыё Свабода пра фільм «Рэвалюцыя» і свае палітычныя погляды.
— «Рэвалюцыя» — ваш першы досьвед працы ў нямецкім кіно на расейскай мове?
— На расейскай мове — так. Хоць мы здымалі фільм «Вясельле» некалькі гадоў таму ў Бэрліне, гэта быў супольны расейска-нямецкі фільм. Я сама дублявала «Рэвалюцыю» на нямецкую, мы паказвалі гэты фільм па баварскай тэлевізіі, і акторы яго дублявалі самі.
— Чаму, атрымліваючы ўзнагароду, вы вырашылі сказаць пра тое, што адбываецца ў Расеі?
— Я вырасла ў Расеі, натуральна, не без уплыву тагачаснай прапаганды. За 20 гадоў я перакавалася, паглядзела на сьвет іншымі вачыма. Мне б хацелася, каб людзі маёй краіны пазбавіліся ад прапагандысцкага шалупіньня. Я не магу быць абыякавай да таго, што Расея стала агрэсарам, для мяне гэта быў шок. Я перажываю за ўсё, што адбываецца ва Ўкраіне. Я гляджу, як мая Расея падае ў нейкае сапраўднае пекла, проста ў апраметную. Я трошкі дапамагаю украінскім валанцёрам. Я падумала, што калі будзе магчымасьць недзе пра гэта сказаць, я абавязкова скажу, што ў Расеі дыктатарскі рэжым.
Я не магу быць абыякавай да таго, што Расея стала агрэсарам
Мы здымалі фільм пра Лукашэнку напярэдадні выбараў у Беларусі. Але ў Расеі зьявіўся дыктатар, які большы за Лукашэнку. Я не хачу, каб Расея была агрэсарам. Я хачу, каб яна была цывілізаванай краінай, дзе людзей ня кідаюць за краты, не фабрыкуюць фальшывых справаў. Мне хацелася сказаць ня толькі пра Сянцова, але і пра Надзею Саўчанку. Калі я рыхтавала прамову на ўсялякі выпадак, я падумала, што больш зразумела будзе пра рэжысэра, бо ў залі ў асноўным былі людзі мастацтва. Калі трэба было выходзіць на сцэну, напал радасьці не адпавядаў таму, што я зьбіралася сказаць. Быў момант ваганьня, ці варта мне паніжаць градус. Усе дзякавалі акторам, рэжысэрам, сябрам, сям’і, а я вось зараз выйду і скажу: вы ведаеце, у Расеі дыктатарскі рэжым. Але я падумала, што мушу гэта зрабіць, хай і зьнізіцца гэты градус. Выйшла і сказала. Атрымалася, што перакладчыца перавяла без імя. Тады вядучы сказаў: я хачу дадаць, што гэта рэжысэр Алег Сянцоў сядзіць невінаваты ў дыктатарскай Расіі. У залі закрычалі «брава» і запляскалі ў знак салідарнасьці.
— Публіка вас падтрымала?
— Так, падтрымала, і потым падыходзілі да мяне. І цяпер у Фэйсбуку рэжысэры з Партугаліі, Гішпаніі, іншых краін кажуць дзякуй, што я пра гэта сказала, трэба, каб мы пра гэта не забывалі. Са мной побач сядзеў кампазытар з Францыі, ён атрымаў прыз за найлепшую музыку да францускага фільму. Калі я спусьцілася, села зь ім, ён спытаўся: «Сапраўды такое адбываецца ў Расеі?» Я пачала расказваць. Ён кажа: «Слухай, у нас наогул ніякай інфармацыі няма ў Францыі. Гэта як іншы сьвет за мяжою ўсяго». Трэба гаварыць.
— Я быў цяпер у Бэрліне на 9 траўня і бачыў так званых «пуцінфэрштэераў», прыхільнікаў Пуціна. Як вы тлумачыце іх зьяўленьне ў Нямеччыне?
— Я думаю, што іх ня так шмат, на шчасьце. За гэтыя 15 гадоў, што Пуцін ва ўладзе, праз Russia Today, праз прэсу ідзе такая хлусьня, такая прапаганда, да якой ніхто ня быў гатовы. Ніхто ня быў гатовы да расейскай агрэсіі, да нападу на Крым, на Данбас. Год таму, калі мы здымалі ў Бэрліне фільм, я на здымачнай пляцоўцы тлумачыла памочніку прадзюсэра і іншым хлопцам, што Расея агрэсіўна напала на Ўкраіну. Яны казалі: «Ну, Ганна, ты трошкі ўтрыруеш, усё ж Крым заўсёды быў расейскім, а ў Данбасе заўсёды быў Савецкі Саюз...» Яны вельмі наіўна да гэтага ставіліся. Прадзюсэра я ўсё ж потым пераканала, ён глядзіць, чытае прэсу, пачынае нешта разумець. А ёсьць людзі пэўнага ўзроўню, якія захапляюцца сілай, кажуць, што ім надакучыў эўрапейскі лібэралізм. Такія людзі ўсюды ёсьць і заўсёды будуць, іх не пераканаць. Людзі ня вельмі адукаваныя. А калі і адукаваныя, то абмежаваныя душэўна.
— І ўсё ж многія на Захадзе выступаюць у абарону Алега Сянцова і супраць захопу Крыму. Пры гэтым у самой Расеі на пальцах можна пералічыць вядомых дзеячоў культуры, якія заступіліся за Сянцова. А ўжо знакамітасьцяў, якія выступілі супраць захопу Крыму, наогул тры з паловай чалавекі.
— Мяне гэта, вядома, зьдзіўляла. Бог ім судзьдзя, таму што яны знаходзяцца ў сыстэме. Я ўспамінаю сябе: калі я жыла там, я зусім па-іншаму думала. Ня ведаю, як бы я сябе павяла, калі б засталася ў Расеі. Гэта я цяпер ужо ўсьведамляю, колькі фанабэрыстасьці прышчапляе сыстэма ў Савецкім Саюзе, у Расеі, і колькі нацыяналізму. Бо ў нас маглі сказаць «татарская морда». А як у нас да афрыканцаў ставіліся, ня кажучы ўжо пра тое, што цяпер пішуць пра Абаму... Я лічу, што гэта
Урад Расеі заахвочвае абмежаванасьць, таму што такімі людзьмі вельмі лёгка кіраваць
абмежаванасьць, якую ўрад Расеі заахвочвае, таму што такімі людзьмі вельмі лёгка кіраваць. Чым чалавек бліжэйшы да ўзроўню жывёлы, чым менш ён спрабуе думаць, тым лягчэй ім кіраваць. Каб зразумець, што на самой справе адбываецца ў Расеі, яму трэба выйсьці з гэтага асяродзьдзя, паглядзець з боку, іншымі вачыма. Як казаў Задорнаў, мы сьмяемся з Эўропы: вось яны тупыя або наіўныя. Па-першае, што дрэннага, што людзі наіўныя? Калі ты хітры, «ушлый», гэта не заўсёды добра. Я ў Нямеччыне пражыла больш за 20 гадоў і пэўную наіўнасьць вітаю. Тут людзі не тупыя, проста яны свабодныя, яны не такія нацыяналісты, яны больш талерантныя, людзі ў асноўным дабрэйшыя тут. Пражыўшы тут 20 гадоў, я ня ведаю, ці змагла б я цяпер жыць у Расеі. Для мяне, напэўна, гэта было б складана вельмі.
— Вы глядзіце расейскую тэлевізію?
Я не магу глядзець ні на Салаўёва, ні на Кісялёва, ні на Пуціна
— Не, я не гляджу. Я спрабавала глядзець Салаўёва, мне далі спасылку сябры з Украіны. Псыхалягічна больш за пяціь хвілін на гэтае цемрашальства, дэспатызм не магу глядзець. Калі глядзіш гэта, ты падлягаеш гіпнозу, твая душа паглынае гэты нэгатыў, засьмечваецца, робіцца чарнейшай. Глядзіш і несьвядома гэтым падсілкоўваесься. Калі я пачынаю глядзець, у мяне ўзьнікае рэакцыя адрынання. Навошта сябе гвалтаваць? Я выключаю, я не магу глядзець ні на Салаўёва, ні на Кісялёва, ні на Пуціна.
— Фільм «Рэвалюцыя» заканчваецца намёкам на тое, што рэвалюцыя непазьбежная, і новае пакаленьне прынясе перамены. Вы верыце ў тое, што ў Расеі, у Беларусі такое адбудзецца?
— Папраўдзе, гэта фільм пра рэвалюцыю духу. Каб адбылася палітычная рэвалюцыя ў краіне, трэба, каб спачатку адбылася рэвалюцыя ў сэрцы і розуме кожнага чалавека, які сёньня падтрымлівае дыктатарскі рэжым. Як у маёй гераіні. Для гэтага трэба, каб паўстаў сумнеў: а ці тое я раблю, а ці правільна я думаю? Вось гэты сумнеў і ёсьць першая кропля на шляху рэвалюцыі ў сьвядомасьці. Бо ўсё пачынаецца зь сьвядомасьці. Значыць, павінна скласьціся сытуацыя ў краіне, якая прымусіць тых, хто пляскае ў ладкі рэжыму, засумнявацца ў тым, як яны думаюць. А гэта можа быць што заўгодна: і эканоміка, і прыніжэньне людзей рэжымам, калі дойдзе да той мяжы, што і саюзьнікі дыктатараў ня змогуць гэта больш вытрымліваць.
Жадаю людзям у Расеі менш глядзець расейскую тэлевізію, шукаць ісьціну і разумець, што Расея сёньня агрэсар
Трэба перастаць быць утрыманцамі, як нас вучылі: дайце нам добрага цара, да якога прывыклі ў Расеі, ён усё зьменіць. Ды не, пачынайце зь сябе! Што я магу зрабіць сёньня добрага, наогул добрага для людзей, для ўсіх. З чым мне трэба змагацца, з якой гадасьцю ў маёй галаве, у маім сэрцы я павінна змагацца, каб ўва мне перамагалі дабро, сьвятло? Ёсьць сьвятар вельмі добры, я часта слухаю яго пропаведзі, Алег Ведзьмядзенка, ён кажа, што мы можам, вядома, увесь час ківаць на палітыкаў — той вінаваты, гэты вінаваты, але трэба пачаць зь сябе.
Калі чалавек сапраўды паверыць у Бога, у існаваньне вышэйшай энэргіі, ня будзе ні Пуцінаў, ні Лукашэнак
Калі б кожны чалавек задумаўся, што нашае жыцьцё канчатковае, надыходзіць момант, калі чалавек стаіць на мяжы пераходу ў іншае быцьцё, тады ўсё высьвечваецца па-іншаму. Тады чалавек думае: я дзесьці недалюбіў, дзесьці не дарабіў дабра. Бо ўсё адбываецца з-за чаго — гардыня, прага да ўлады, смага грошай, зайздрасьць. А калі на тое, што ня гэта галоўнае ў жыцьці, ты не захочаш з-за грошай забіваць, ня будзеш жадаць улады, таму што яна не дае табе нічога, калі ты сыходзіш з гэтага жыцьця ў іншую. Застаецца толькі тое ў цябе на душы, што ты назапасіў сьветлага і добрага. Калі чалавек сапраўды паверыць у Бога, у існаваньне вышэйшай энэргіі, ня будзе ні Пуцінаў, ні Лукашэнак, будзе іншы сьвет.
— Што б вы хацелі пажадаць тым, хто пачуе нашу размову ў Расеі і Ўкраіне, краінах, падзеленых вайной?
— Я люблю ўкраінцаў, вельмі люблю Ўкраіну. У Расеі апазыцыянэрам я хачу пажадаць сілы духу, я іх таксама моцна люблю і малюся за іх. Я спадзяюся, што доўга вакханалія цёмных сіл у Расеі ня будзе працягвацца. Я адчуваю, што павінна сама сябе гэтая цемра паглынуць. Як сказаў адзін філёзаф, калі парушыцца раўнавага паміж любоўю і злом, то сьвет загіне. Таму я веру, што сьвет утрымаецца празь любоў. Жадаю людзям у Расеі прасьвятляць свой розум, менш глядзець расейскую тэлевізію, шукаць ісьціну, знаходзіць яе ў сваім сэрцы, паўставаць на бок дабра і разумець, што Расея сёньня агрэсар. Я думаю, у Расеі зло зьнішчыцца, я веру, што дабро зможа хутка перахапіць эстафэту, ня даць адрадзіцца новаму злу, каб Расея змагла ўстаць на дэмакратычны шлях, на шлях эўрапейскі, жыць па законах права. Украіне я, па-першае, жадаю, каб як мага хутчэй Надзея Саўчанка апынулася дома. Яна патрэбная цяпер Украіне як сымбал. Я хачу, каб ва Ўкраіне таксама перамаглі сілы дабра, каб скончылася вайна на Данбасе. Такое было адчуваньне пасьля Майдану, што Ўкраіна зьяўляецца зернем новага стагодзьдзя. Таму ў многіх расчараваньне цяпер надыходзіць, што Ўкраіна знаходзіцца ня ў тым стане, якое чакалася. Я веру, што ўрэшце Ўкраіна выберацца з гэтага стану. Майдан быў ня марны — гэта быў першы штуршок, землятрус падземны. Украіна занадта моцна была зьвязана з расейскім мафіёзным спрутам, таму такія разрывы адбываюцца цяжкія. Павінна ўсё сплеценае разарвацца. Для мяне Ўкраіна заўсёды была сапраўднай Русьсю, Кіеўскай Русьсю. Украіна адродзіцца, дасьць новы імпульс разьвіцьця ва ўсім сьвеце, я ў гэта веру.