«Скажы „дзякуй“, што не пасадзілі» — Аліну Касоўскую, добраахвотную ўдзельніцу баявых дзеяньняў ва Ўкраіне затрымала КДБ на выхадзе зь менскага пад’езду.
Аліна кажа, што прыехала ў Беларусь у адпачынак. Людзі сабралі ёй грошы і пляншэт на дапамогу беларускім добраахвотнікам. За гэтыя грошы ёй давялося пад прымусам КДБ купіць квіток на самалёт у Кіеў.
«Я баец АТА, прыехала ў Беларусь у адпачынак, правяла там два тыдні, а сёньня мяне затрымала КДБ і адвезьлі ў свой будынак, — распавяла Аліна Радыё Свабода як толькі яе самалёт прызямліўся ў Кіеве. — Пад’ехаў грамадзянскі «бусік», мяне і яшчэ двух чалавек, якія былі са мной, туды зацягнулі. Было іх 5 чалавек. Сказалі, што КДБ, прычыну затрыманьня не патлумачылі, прывезьлі ў пастарунак. Адразу пачалі дапытваць, перарылі рэчы. Пасьля сказалі за дзьве хвіліны сабраць рэчы і выехаць у аэрапорт. Інакш пасадзяць «на дзесяць год».
Падчас размовы ёй задавалі пытаньні наконт беларускіх добраавхотнікаў ва Ўкраіне, на якія Аліна адказваць адмовілася. Таксама КДБ цікавіла, дзе яна жыла ў Беларусі і зь кім сустракалася.
У суправаджэньні супрацоўнікаў КДБ Аліна выехала ў аэрапорт. Па прылёце ў Кіеў яна заўважыла, што КДБ канфіскавала ўсю беларускую сымболіку, якую перадалі ва Ўкраіну зь Беларусі. Пратакол пра выманьне рэчаў не складаўся. А ў тым пратаколе, які Аліна падпісала, былі толькі яе пашпартныя дадзеныя і пералік рэчаў, якія яна мела пры сабе. Прычына затрыманьня, кажа Аліна, указаная не была. Штамп у пашпарце пра дэпартацыю ці забарону ўезду ў Беларусь ёй таксама не паставілі.
У будынку КДБ дзяўчыну сфатаграфавалі і зьнялі адбіткі пальцаў. Яна распавядае, што ў Беларусі сустракалася з прадстаўнікамі патрыятычных рухаў, брала інтэрвію для свайго блогу.
Касоўская кажа, што заўважала за сабой «хвасты» на працягу апошніх пяці дзён знаходжаньня ў Беларусі і ў розных гарадах.
«Беларуская ўлада вельмі баіцца сваіх патрыётаў. А тым больш украінскіх. Таму мэта была, каб мяне як мінімум дэпартаваць зь Беларусі, каб я не была пагрозай беларускай уладзе, хаця я ня ведаю, чаго яны там баяцца», — камэнтуе Аліна магчымую прычыну затрыманьня.