Reuters: рэдактараў РБК звольнілі з-за артыкулаў пра вустрычную фэрму каля «Палаца Пуціна»

Крыніца агенцтва сьцьвярджае, што гэтая публікацыя стала «апошняй кропляй»; Крамлю абяцалі звольніць аднаго рэдактара, але ўсьлед за ім сыходзяць і іншыя.

Крыніца агенцтва Reuters сьцьвярджае, што «апошняй кропляй» у сытуацыі з масавым звальненьнем журналістаў з РБК стала незадаволенасьць Крамля артыкулам аб будаўніцтве вустрычнай фэрмы непадалёк ад «Палаца Пуціна» ў Геленджыку — рэзыдэнцыі, будаўніцтва якой абышлося, паводле дадзеных аднаго з падрадчыкаў, у 1 млрд даляраў. Юрысты, чые выказваньні цытаваліся ў артыкуле, сьцьвярджалі, што вустрычная фэрма закрые доступ да палаца з мора.

Аб будаўніцтве «Палаца Пуціна» ў 2010 годзе распавёў бізнэсмэн Сяргей Стальмахаў. Ён сьцьвярджаў, што супрацоўнічаў з саўладальнікам банка «Расея» Мікалаем Шамалавым. Сын Мікалая Шамалава Кірыл, як высьветлілася ў іншым расьсьледаваньні РБК, жанаты на Кацярыне Ціханавай — яе называюць дачкой Уладзіміра Пуціна.

Пазьней палац у Геленджыку, які належыць Мікалаю Шамалаву, неаднаразова мяняў уласьнікаў, і зараз зарэгістраваны на афшор, канчатковыя бэнэфіцыяры якога не раскрываюцца.

У нататцы РБК, якая выклікала раздражненьне ў Крамлі, ішла гаворка аб участках акваторыі плошчай 1 тыс гектараў каля мыса Ідокапас, гэта значыць каля «Палаца Пуціна». Конкурс на засваеньне участкаў выйграла фірма, якую ўзначальвае былы працаўнік кампаніі, якая кіруе палацам.

У артыкуле прыводзіцца меркаваньне старшыні калегіі адвакатаў «Старынскі, Карчага і партнэры» Яўгена Карчагі. Юрыст лічыць, што атрыманьне ў распараджэньне ўчастка акваторыі можа быць зьвязана і з жаданьнем ўласьніка прылеглай тэрыторыі абмежаваць доступ да свайго ўчастку з мора. Уладальнік ліцэнзіі на гаспадарчую дзейнасьць можа забараніць заходзіць у гэтыя вады любым плавальным сродкам.

У пятніцу, 13 траўня, стала вядома, што з холдынгу РБК сыходзяць тры рэдактары, у тым ліку Лізавета Асяцінская, Раман Баданін і Максім Солюс. Крыніцы Reuters ўдакладнілі, што кіраўніцтва РБК саступіла ціску Крамля і прапанавала звольніць толькі Солюса, аднак у яго падтрымку выступілі два іншыя рэдактары. Той жа вэрсіі падзей прытрымліваецца суразмоўца праекту Радыё Свабода «Настоящее время» ў рэдакцыі.

Пасьля афіцыйнай аб’явы аб сыходзе пра сваё хуткае звальненьн абвясьцілі каля двух дзесяткаў супрацоўнікаў холдынгу.

Пад кіраўніцтвам Асяцінскай і Баданіна рэдакцыя РБК займалася гучнымі расьсьледаваньнямі. У прыватнасьці, яны першымі зьвязалі праграму пашырэньня МДУ з дачкой Уладзіміра Пуціна Кацярынай Ціханавай, а таксама высьветлілі, як разбагацеў зяць Пуціна Кірыл Шамалаў. Журналісты РБК публікавалі расьсьледаваньні па матэрыялах «Панамскага архіву», прысьвечаныя карупцыі ў найбліжэйшым атачэньні Ўладзіміра Пуціна.