Сайт «Міратворац», які апублікаваў пэрсанальныя дадзеныя журналістаў, акрэдытаваных у так званых «ДНР/ЛНР», закрываецца.
Гэта вынікае з паведамленьня, разьмешчанага на сайце.
«Прымаючы пад увагу рэакцыю, якую выклікала публікацыя сьпісу журналістаў, акрэдытаваных тэрарыстычнай арганізацыяй „ДНР“, патрабаваньнямі ўпаўнаважанай па правах чалавека Луткоўскай, а таксама вечна занепакоенага і заклапочанага Эўразьвязу, а таксама па-антыўкраінску настроеных журналістаў Украіны на чале з намесьнікам міністра інфармацыйнай палітыкі Т.Паповай, цэнтар „Міратворац“ прыняў няпростае рашэньне аб закрыцьці сайта», — гаворыцца ў паведамленьні.
Адзначаецца, што цяпер «супрацоўнікі цэнтру праводзяць архіваваньне ўсёй наяўнай інфармацыі, якая пазьней будзе выкладзеная ў адкрыты доступ так, што кожны ахвотны зможа яе спампаваць і разгарнуць лякальна на сваім кампутары».
Сайт «Міратворац» апублікаваў пэрсанальныя дадзеныя журналістаў Украіны і заходніх СМІ, акрэдытаваных у так званых «ДНР / ЛНР». У гэтай базе дадзеных 4068 імёнаў.
У сераду пракуратура Кіева пачала расьсьледаваньне ў дачыненьні да публікацыі на сайце «Міратворац».