Як распавёў Свабодзе Мікола Чарнавус, суд адбываўся за акцыю 28 сакавіка, калі грамадзкі актывіст стаяў з плякатам супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту на плошчы Леніна ў Баранавічах:
«У судзе я выказаў недавер судзьдзі і хадайнічаў аб адводзе. Я не давяраю ёй таму што, быў далучаны да матэрыялаў справы пратакол, які складаў міліцыянт праз некалькі дзён пасьля 28 сакавіка, які там ня быў і мяне не бачыў. І я сам з матэрыяламі справы, з пратаколам ня быў азнаёмлены. Аднак, суд адбыўся і мяне аштрафавалі. Буду абскарджваць,» — кажа баранавіцкі апазыцыянэр.
Мікола Чарнавус дадаў, што быў зьдзіўлены, калі супраць яго ў судзе даваў паказаньні журналіст мясцовай недзяржаўнай газэты:
«Мы рыхтаваліся, будавалі лінію абароны, але зусім не чакалі, што незалежны журналіст будзе сьведчыць супраць мяне — дзе стаяў, што трымаў і гэтак далей».
Некалькі баранавіцкіх грамадзкіх актывістаў, распавёў Чарнавус, на салідарнасьць зь ім прыйшлі на суд у вышыванках.