Каб прызначыць новага генпракурора, ва Ўкраіне памянялі закон

Юры Луцэнка (у цэнтры) на сэсіі Вярхоўнай Рады 12 траўня 2016 году.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 12 траўня прызначыў генэральным пракурорам Юрыя Луцэнку. Раней сёньня Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла законапраект, які дазваляе займаць пасаду генпракурора асобе без юрыдычнай адукацыі.

Генэральны пракурор прызначаецца прэзыдэнтам Украіны са згоды Вярхоўнай Рады.

Юры Луцэнка, паводле адукацыі інжынэр электроннай тэхнікі, на практыцы доўгі час меў справу з праваахоўнымі органамі. Два тэрміны ён займаў пасаду міністра унутраных спраў (ва ўрадах Юліі Цімашэнкі і Віктара Януковіча), цяпер — дэпутат Вярхоўнай рады, дзе кіруе фракцыяй «Блёк Пятра Парашэнкі».

У сувязі з новым прызначэньнем Луцэнка часова прыпыніць выкананьне дэпутацкіх паўнамоцтваў.

Законапраект № 4645, які сёньня прыняла Рада, быў вызначаны прэзыдэнтам Парашэнкам як неадкладны. Дакумэнт прадугледжвае, што на пасаду генэральнага пракурора Ўкраіны можа быць прызначаны грамадзянін Украіны, які мае вышэйшую адукацыю і стаж працы ў сфэры права або досьвед працы ў заканадаўчым і / або праваахоўным органе больш за пяць гадоў.

Сёньня ж на працягу некалькіх гадзін старшыня Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій і прэзыдэнт Парашэнка падпісалі гэты закон.

Раней закон прадугледжваў, што на пасаду генпракурора Ўкраіны можа быць прызначаны грамадзянін Украіны, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю і мае стаж працы ў сфэры права больш за 10 гадоў.

Эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі суседзтва Ёганэс Ган, які знаходзіўся ў красавіку ў Кіеве, адзначаў, што генэральны пракурор павінен мець юрыдычную адукацыю.