Паводле Дзьячкова, на абутковай фабрыцы склалася сытуацыя, што дваіх работнікаў павінны былі скараціць. Адзін пэнсіянэр сказаў, што дапрацуе да адпачынку і сам напіша заяву, а вось другім кандыдатам стаў Ігар Дзьячкоў.
— Са мной была размова начальства, прапанавалі альбо па ўласным жаданьні, альбо звольняць па адпаведным артыкуле. На фабрыцы я ўжо быў у сьпісах нядобранадзейных, бо зьяўляўся сябрам апазыцыйнай партыі і незалежнага прафсаюзу. Больш за тое, падчас выбарчай кампаніі ўдзельнічаў у ёй у якасьці назіральніка. На фабрыку прыяжджалі «людзі ў пагонах», цікавіліся маёй асобай. У мяне начальства наўпрост пыталася — што табе не падабаецца? Ну, вось час і прыйшоў. Я, канечне, адпрацаваў тут 18 гадоў, але пасьля ўсяго гэтага жалю ня маю. Цяпер шукаю новую працу, бо трэба жыць далей. Не хачу далей працаваць у такой атмасфэры.
Свабода паспрабавала атрымаць камэнтар у адміністрацыі Гарадзенскай абутковай фабрыкі. Аднак высьветлілася, што з 7 траўня фабрыка не працуе аж да наступнага панядзелка. Сакратарка патлумачыла, што з дырэктарам і іншымі кіраўнікамі можна будзе размаўляць толькі пасьля выходных.