Паўночная Рада прыняла рашэньне больш не фінансаваць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (ЭГУ). Прычынай названая неабходнасьць рэструктурызацыі бюджэту, каб вызваліць сродкі для праграм інтэграцыі ўцекачоў і імігрантаў.
Рашэньне аб спыненьні фінансаваньня ЭГУ было прынятае пасьля дыскусіі аб ролі і стратэгіі ўнівэрсытэту, гаворыцца ў паведамленьні на сайце Паўночнай Рады.
ЭГУ, які першапачаткова базаваўся ў Менску і быў зачынены беларускімі ўладамі ўлетку 2004 году, у кастрычніку 2005 пачаў сваю працу ў Вільні (Літва). Фінансавую падтрымку ўнівэрсытэту забясьпечылі шматлікія прыватныя фонды, НДА і кіраўніцтва краінаў ЭЗ і ЗША. Скандынаўскія фонды былі сярод галоўных спонсараў ЭГУ.
У Раду міністраў Паўночных краінаў уваходзяць міністры краінаў і аўтаноміяў Паўночнага зьвязу - Даніі, Ісьляндыі, Нарвэгіі, Фінляндыі, Швэцыі, Грэнляндыі, Фарэрскіх і Аландзкіх астравоў. Задача гэтай арганізацыі - разьвіцьцё супрацоўніцтва ў паўночнай частцы Эўропы. Назіральнікамі зьяўляюцца Латвія, Літва і Эстонія.