У інтэрнэце пачаўся збор подпісаў пад зваротам у Міністэрства культуры з заклікам зьняць мастацкі тэлесэрыял пра БНР.
Тэкст звароту зьявіўся на плятформе zvarot.by, дзе яго можна падпісаць.
«У зьвязку з тым, што праз два гады наша краіна будзе адзначаць 100-годзьдзе БНР, грамадзянская кампанія „Гавары праўду“ лічыць своечасовым ужо цяпер распачаць працу над мастацкім тэлесэрыялам пра тыя гістарычныя падзеі», — сказана ў звароце.
Як падкрэсьліваецца ў звароце, стварэньне БНР стала важным крокам у адбудове беларускай незалежнасьці, а ў цяперашніх палітычных варунках «вельмі важна паказаць, што нашыя свабода, незалежнасьць, дзяржаўнасьць — зусім не шчасьлівы выпадковы падарунак лёсу, а вынік векавога змаганьня».
«Гэты мастацкі сэрыял паспрыяе ня проста годнаму ўшанаваньню 100-годзьдзя БНР, але і таму, каб нацыянальнае сьвята стала сапраўды ўсенародным. Таксама прапануем Міністэрству культуры выступіць з ініцыятывай абвясьціць 2018 год Годам стагодзьдзя БНР і прыняць адпаведную дзяржаўную праграму», — гаворыцца ў звароце.
Калектыўны зварот будзе накіраваны ў Міністэрства культуры і ў Адміністрацыю прэзыдэнта 20 траўня 2016 году.