Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка павіншаваў Надзею Саўчанку з днём народзінаў.
Парашэнка паабяцаў зрабіць усё магчымае для вяртаньня Саўчанкі на радзіму.
«Віншую з Днём нараджэньня нашу Надзею — сымбаль веры ў перамогу над агрэсарам! Раблю ўсё магчымае, каб павіншаваць асабіста Героя на роднай зямлі», — напісаў Парашэнка ў Твітэры.
У Растоў-на-Доне прыехала маці Надзеі Саўчанкі. Марыя Саўчанка прывезла дачцэ яе любімыя яблыкі і ўзбэкскія разынкі і спадзяецца, што наступны дзень нараджэньня яе дачка будзе адзначаць ва Ўкраіне.
Некалькі суполак у сацыяльнай сетцы Фэйсбук заклікаюць павіншаваць Надзею Саўчанку з днём нараджэньня.
«Надзея Саўчанка яшчэ ня дома, і невядома, калі яна там апынецца. Віншаваньні з днём нараджэньня — велізарная падтрымка для яе», гаворыцца ў паведамленьні суполкі Let My People Go Ukraine.
Акрамя таго, адвакат Марк Фейгін прапанаваў напісаць віншаваньні, якія ён абяцаў раздрукаваць і ўручыць сваёй падабароннай.
«11 траўня буду віншаваць Надзею Саўчанку з днём нараджэньня ў турме. Самы час сабраць ёй завочныя пажаданьні ад сяброў. Пішыце тут, я раздрукую і перадам #FreeSavchenko», — напісаў ён у Фэйсбуку.
У Кіеве дзень нараджэньня Надзеі Саўчанкі адзначаць запускам нябесных ліхтарыкаў на набярэжнай.
Прысуд расейскага суду па справе Надзеі Саўчанкі набыў моц 5 красавіка. Яе асудзілі на 22 гады пазбаўленьня волі, абвінаваціўшы, у прыватнасьці, у дачыненьні да забойства расейскіх журналістаў на Данбасе. Украінка і яе адвакаты адкідаюць усе абвінавачаньні.