Карбалевіч: Як вядома, любая апэляцыя да гісторыі на дзяржаўным узроўні носіць палітычны характар. Таму цікава прасачыць, як адбывалася сёлета сьвяткаваньня такога грамадзкі важнага для Беларусі сьвята як Дзень Перамогі.
Я зьвярнуў ўвагу вось на такі момант. Раней напярэдадні 9 траўня ў Менску праходзіў урачысты сход, на якім з дакладам выступаў Аляксандр Лукашэнка. Апошнія гады статус гэтага мерапрыемства падаў, з дакладам выступаў прэм’ер-міністар. Сёлета гэты сход прайшоў зусім незаўважна, я напрыклад, не знайшоў на Белта ўзгадваньня пра яго ў рубрыцы мерапрыемстваў, прысьвечаных Дню Перамогі. Прычым, з дакладам выступаў міністар абароны Андрэй Раўкоў. Гэта азначае, што статус сьвята Дня Перамогі зьніжаецца.
Інакш прайшла і асноўная ўрачыстасьць. Дасюль заўсёды 9 траўня у Менску было шэсьце вэтэранаў. Гэта традыцыя была закладзеная яшчэ Пятром Машэравым. Гэтым разам такога шэсьця не было. І зразумела чаму. Сапраўдным вэтэранам сёньня ня менш 90 гадоў. Іх засталося мала, ім цяжка ўдзельнічаць у такім шэсьці. Ужо мінулыя гады іх разбаўлялі прыдуманымі вэтэранамі, напрыклад, вэтэранамі ўзброеных сілаў, «аўганцамі» і інш. Цяпер было вырашана правесьці шэсьце прадстаўнікоў грамадзкасьці.
Сярод асаблівасьцяў сёлетняга сьвяткаваньня варта адзначыць спробу рэалізаваць расейскі праект «Бесьсьмяротны полк», калі людзі ішлі з партрэтамі загінуўшых на вайне продкаў. Актыўна прысутнічала расейская сымболіка, асабліва ў рэгіёнах. Хоць выкарыстаньне георгіеўскай стужкі было не рэкамэндаванае на дзяржаўным узроўні, але тут дзейнічала грамадзкая самадзейнасьць. Усё ж гэтая стужка даволі папулярная у Беларусі, як папулярная і цяперашняя замежная палітыка Расеі.
А выкарыстаньне расейскіх сьцягаў і іншай расейскай сымболікі ў рэгіёнах тлумачыцца яшчэ і тым, што няма яснага дакладнага ўказаньня зь верху адміністратыўнай піраміды, што можна выкарыстоўваць, а што забаронена. Мясцовыя чыноўнікі вымушаныя здагадвацца і дзейнічалі па ўласнаму разуменьню.
Выступ Лукашэнкі на плошчы Перамогі падчас ускладаньня вянкоў быў традыцыйным. Гэта амаль савецкі канструкт пра гераізм савецкага народа. Праўда, быў акцэнт на ролю беларускага народа у перамозе над фашызмам.
Заўважу, што ў Расеі цяпер сьвяткаваньне 9 траўня адбываецца больш пампэзна. Там прайшоў парад, хоць сёлета не было юбілею Перамогі. Гледзячы па ўсім, Менск і Масква мяняюцца месцамі ў статусе галоўнага шанавальніка памяць перамогі.
Дракахруст: Я б адзначыў два моманты, на якія і Вы, Валер, зьвярнулі ўвагу. Найперш, гэта статус георгіеўскай стужкі. Хачу нагадаць, што летась была складаная інтрыга. Беларускія ўлады яе не рэкамэндавалі выкарыстоўваць падчас сьвяткаваньня. Але потым Лукашэнка паляцеў ў Маскву на сьвяткаваньне і там ён стаяў на трыбуне з, так бы мовіць, падвойнай стужкай: адну палову яе складала георгіеўская стужка, а другую — беларускі варыянт стужкі з яблыневым колерам, які ў Беларусі афіцыйна прызнаны колерам Перамогі. І на наступны дзень у Менску ўсе афіцыйныя асобы зьявіліся на ўрачыстасьці з такой падвоенай стужкай.
Сёньня даніна юбілею ужо не аддаецца ў выглядзе георгіеўскай стужкі. Прысутнічае афіцыйна толькі «яблыневая стужка».
Яшчэ цікавы момант. Другі найбліжэйшы саюзьнік Расеі, прэзыдэнт Казахстану Назарбаеў сёлета прыляцеў у Маскву сьвяткаваць Дзень Перамогі. Лукашэнка гэтым разам ў Маскву не паехаў. Мінулым годам ён удзельнічаў ва ўрачыстых мерапрыемствах 8 траўня, а 9 траўня вярнуўся у Менск адзначаць сьвята.
Сапраўды, узровень сьвята ў Беларусі робіцца крышачку ніжэйшым. Галоўная сьвята ў Беларусі — Дзень незалежнасьці — будзе 3 ліпеня. Яно таксама зьвязаная з перамогай у той вайне. Там будзе і парад і інш. То бок, адбываецца працэс «нацыяналізацыі» Перамогі.
Карбалевіч: Мінулыя гады да 9 траўня Пуцін арганізоўваў у Маскве нефармальны саміт СНД. Кіраўнікі постсавецкіх краін прыяжджалі ў расейскую сталіцу, праводзілі сумеснае паседжаньне, потым ускладалі вянкі да магілы Невядомага салдата, прымалі ўдзел у сьвяточных ўрачыстасьцях. Гэтым разам такога саміту СНД не было.
Цыганкоў: Хачу акцэнтаваць увагу на тое, што сьвяткаваньне Дня Перамогі ў Маскве і Менску ўсё больш адрозьніваецца і па маштабах, і па сэнсавым напаўненьні. Відавочна, Лукашэнка імкнецца дыстанцыявацца ад таго шалу, зацятасьці, зь якой цяпер адзначаецца ў Расеі Дзень Перамогі, ад карыкатурных надпісаў на машынах: «На Бэрлін», «Можам паўтарыць». То бок у Расеі на нашых вачах сьвяты Дзень Перамогі ператвараецца ў сымбаль рэваншу за 1990-я гады, за нейкія ўяўныя тагачасныя паразы. Лукашэнку гэта не патрэбна і з гледзішча беларускага мэнталітэту, і з палітычнага гледзішча. У параўнаньні з 1990-мі гадамі, калі сьвяткаваньне Дня Перамогі насіла канфрантацыйны, антызаходні ухіл, цяпер яно адбываецца спакойна і сканцэнтравана на ўласна беларускай тэматыцы.
Таксама адзначу актыўнае выкарыстаньне ў сьвяткаваньні георгіеўскіх стужак. У рэгіёнах нават гучаў расейскі гімн, у Оршы — дарэвалюцыйны расейскі гімн. Наш калега Сяргей Навумчык нават напісаў ў Фэйсбуку, што калі Лукашэнка заўтра не здыме з пасадаў кіраўнікоў Магілёўскай, Віцебскай і Берасьцейскай абласьцей за выкарыстаньне гімну Расеі і георгіеўскіх стужак, значыць рэзыдэнцыя пад Масквой яму ўжо падрыхтаваная.
Я б так радыкальна пытаньне не ставіў. Але такое ўжываньне расейскай атрыбутыкі — загадкавы знак. Я гэта тлумачу не толькі тым, што «вэртыкаль» ня мела дакладных установак. Думаю, праблема глыбей. Ідзе наступ пэўных сілаў. Георгіеўскія стужкі раздавалі казакі. Магчыма, яны ўжо непадкантрольныя беларускай выканаўчай «вэртыкалі». Гэта вэрсія. Але гэта новая зьява для Беларусі, яна адзначаецца апошнія 1-2 гады.