Карбалевіч: Як вядома, нідзе так урачыста не сьвяткуюць Дзень Перамогі ў сьвеце, як у Беларусі. Хіба што апошнія два гады ў Расеі сьвяткаваньне праводзіцца больш пампэзна. І зразумела, чаму гэта адбываецца. Гістарычная памяць пра Вялікую Айчынную вайну існуе ў масавай сьвядомасьці беларусаў, прычым, пераважна ў савецкай інтэрпрэтацыі. І Лукашэнка ўжо больш за 20 гадоў актыўна выкарыстоўвае гэтую парадыгму для легітымізацыі сваёй улады. Але, за гэтыя два дзясяткі гадоў трохі мяняўся ідэалягічны і палітычны кантэкст.
Спачатку ў сярэдзіне 1990-х гадоў сьвяткаваньне Перамогі адбывалася ў кантэксьце рэанімацыі савецкага міту. Тады быў вернуты фактычна стары герб і сьцяг БССР, сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дзень Незалежнасьці праз рэфэрэндум быў перанесены на 3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску ад фашыстаў. Інтэграцыя з Расеяй трактавалася як пачатак рэанімацыі СССР. Перамога над фашызмам — гэта ці не адзіны эпізод або пэрыяд савецкай гісторыі, які можна адназначна ацэньваць як станоўчы.
Пазьней, з пачаткам 2000-х гадоў, калі праект беларуска-расейскай інтэграцыі праваліўся, апэляцыя да Вялікай Айчыннай вайны стала чыньнікам фармаваньня беларускай ідэнтычнасьці ў лукашэнкаўскай інтэрпрэтацыі. Маўляў, вайна стала крыніцай фармаваньня беларускай нацыі. І беларуская гісторыя вайны ўжо вычлянялася з савецкай гісторыі, гучала так, што менавіта беларускі народ перамог у той вайне.
Адначасова апэляцыя да перамогі выкарыстоўвалася ў ходзе канфрантацыі з Захадам. Як казаў Лукашэнка на адрас заходніх палітыкаў, вы павінны пакланіцца нам, дзякаваць нам за тую перамогу, а ня ўводзіць санкцыі.
І беларуская гісторыя вайны ўжо вычлянялася з савецкай гісторыі, гучала так, што менавіта беларускі народ перамог у той вайне
Цяпер зьявіўся новы кантэкст. Расея актыўна выкарыстоўвае памяць аб перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне дзеля канструяваньня імпэрскага міту, імпэрскай ідэалёгіі, прапаганды вялікадзяржаўнага шавінізму, апраўданьня агрэсіўнай замежнай палітыкі. І гэта ўсё актыўна трансьлюецца праз расейскія тэлеканалы на Беларусь. Гэта стала пэўным выклікам, праблемай для беларускага рэжыму. Глядзіце, як дыпляматычна беларускія ўлады імкнуцца адхрысьціцца ад выкарыстаньня георгіеўскай стужкі.
Дракахруст: Я пагаджуся з Вамі, Валер, што перамога ў Другой сусьветнай вайне, у Вялікай Айчыннай вайне — гэта ў гістарычнай памяці беларусаў самая вялікая, значная падзея, прынамсі, ХХ стагодзьдзя, а можа і ўсёй беларускай гісторыі. Паводле сацыялягічных апытаньняў, перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — на першым месцы зь вялікім адрывам ад іншых падзеяў, у тым ліку і здабыцьця незалежнасьці ў 1991 годзе, і абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам, і ўтварэньня БНР, і Кастрычніцкай рэвалюцыі. Перамогу адзначалі ў якасьці галоўнай падзеі каля 80%. Цікава, што гэтая ацэнка не залежала ад палітычных перакананьняў людзей, а такое ў Беларусі здараецца рэдка. Прыхільнікі і праціўнікі Лукашэнкі, прыхільнікі эўраінтэграцыі і адэпты інтэграцыі з Расеяй прыкладна аднолькава адзначалі такую вялікую ролю Вялікай Айчыннай вайны. То бок, у Беларусі гэта кансэнсусная каштоўнасьць.
Хтосьці ў Расеі заўважае, што георгіеўскія стужкі ў Беларусі акуратна адціснуты на другі плян
І гэтую зьяву я б ня зводзіў да вынікаў прапаганды. Бо ў савецкі час ня меншай, а хіба нават большай афіцыйнай каштоўнасьцю была «Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя» і перамога ў грамадзянскай вайне. Героі грамадзянскай вайны і героі Вялікай Айчыннай вайны шанаваліся аднолькава, праз коску. Але прайшоў час, і гэта зьнікла цалкам. Цяпер спасылацца на Кастрычніцкую рэвалюцыю і грамадзянскую вайну проста выглядала б дзікім. Калі на кагосьці кажуць, каб абразіць, «фашысты», гэта працуе. А калі назавеш кагосьці «белагвардзейцы» ці «чырвонагрвардзейцы», то людзі проста паціснуць плячыма. Таму беларуская ўлада, шануючы гэтае сьвята, дэманструе грамадзтву, што ў яе тыя самыя каштоўнасьці
Зь іншага боку, гэта асьцярожны, нацыяналізаваны, але пэўны пасыл расейцам. Хтосьці ў Расеі заўважае, што георгіеўскія стужкі ў Беларусі акуратна адціснуты на другі плян. Але калі параўноўваць фармат, маштаб сьвяткаваньня Дня Перамогі, то ў Беларусі ён найбольш блізкі да таго, які адбываецца ў Расеі. То бок, гэта пасыл расейцам: «мы такія, як вы».
Цыганкоў: Я б хацеў трохі паспрачацца з Юрыем наконт таго, штó ў кульце сьвята 9 траўня ад дзяржавы, а штó ад перакананьняў народу. Бо ў сучасным сьвеце дзяржава канструюе нацыю. І ў дадзеным выпадку прыклад з Кастрычніцкай рэвалюцыяй вельмі дарэчны. Калі дзяржава перастала лічыць Кастрычнік важнай падзеяй, то ягонае значэньне і ўпала. Хоць у Беларусi засталося сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі, але адносна яго няма ідэалягічнага напору з боку ўладаў. Проста яшчэ адзін выходны. Напярэдадні па дзяржаўных тэлеканалах няма фільмаў пра Кастрычніцкую рэвалюцыю, не раздаюць нейкія адмысловыя стужкі і інш.
А ў РФ увогуле скасавалі гэтае сьвята, а замест яго прызначылі нейкае сьвята 4 лістапада, калі Расея вызвалілася ад так званых «палякаў» і Вялікага Княства Літоўскага. І з дапамогай расейскай дзяржавы ў сьвядомасьці расейцаў гэтае прыдуманае сьвята больш важнае, чым дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада.
Найперш дзень 9 траўня сьвяткуецца як перамога савецкіх каштоўнасьцяў
Я не кажу, што так абсалютна адбылося і зь сьвятам 9 траўня. Паколькі яшчэ ёсьць жывая памяць людзей пра сваіх дзядоў і прадзедаў, якія ваявалі, і яна перадаецца. Але тое, што дзяржава гарантуе гэты культ Перамогі, адназначна. Хачу нагадаць, што да 1965 году Дзень Перамогі ня быў выходным, яго ня так маштабна сьвяткавалі. Можа, сьціпла, у сямейным коле, безь дзяржаўнага размаху. А тое, што мы маем цяпер — гэта дзяржаўная праекцыя.
Найперш дзень 9 траўня сьвяткуецца як перамога савецкіх каштоўнасьцяў. І сёньняшняя беларуская ўлада прэтэндуе на тое, каб быць пераемніцай СССР. Вось такі факт. Лукашэнка павіншаваў кіраўнікоў іншых дзяржаваў з Днём Перамогі. Якіх дзяржаваў? Постсавецкіх. Нібыта ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія не ваявалі супраць фашызму.
Дракахруст: Хачу запярэчыць. Па-першае, апэляцыя да Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў палітычных спрэчках ужо не працавала ў СССР у канцы 1980-х гадоў. Напрыклад, цяжка ўявіць, каб кагосьці абвінавачвалі нават тады ў тым, што яны нашчадкі «буржуазна-нацыялістычнай» БНР ці Булак-Булаховіча.
Па-другое, ізноў вяртаюся да сацыялягічных апытаньняў. Як я ўжо сказаў, меркаваньне, што Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — самая важная падзея для беларусаў у ХХ стагодзьдзі, падзяляюць у роўнай ступені як прыхільнікі Лукашэнкі, гэтак і яго праціўнікі. Апошніх прапаганда ня здолела пераканаць у тым, што Лукашэнка добры. Так што стаўленьне да гэтай падзеі, прынамсі, ня толькі вынік прапаганды.