Бегаю як малады сабака і махаю хвастом...

пісьменьніца Таня Скарынкіна

Жыцьцё ў мінулым. Бабця-плакальшчыца. Чар старых фатаграфій. Паштальён як ідэал прафэсійнай дзейнасьці. Пра Смаргонь трэба пісаць па-беларуску. Адзінокія пачынаюць гаварыць адразу. Прэзэнтацыя ў Дзень касманаўтыкі. Жалезнае горла.

Размова з Таняй Скарынкінай са Смаргоні, аўтаркай Свабоды, якая піша вершы па-расейску і прозу па-беларуску.


Максімюк: ...вы нарадзіліся ў Смаргоні і цяпер там жывяце. Як вам там? Утульна? Радасна? А, можа, страшна?

Скарынкіна: ...Я так прывыкла да гэтага гораду, што напэўна не ўсьведамляю сабе, які ён насамрэч. Напэўна я жыву мінулым гэтага гораду больш, чым цяперашнім і будучым. Цяпер капаюся ў яго гісторыі, і мне гэта так цікава, што я напэўна ня вельмі заўважаю і ня вельмі хачу заўважаць тое, што адбываецца навакол...

Максімюк: ...Вы — выпускніца Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Што вы там вывучалі, і дыплём якога спэцыяліста атрымалі — па расьлінах ці па зьвярах? А можа, па трактарах і сеялках?



Скарынкіна: ...Я трапіла ў гэтую акадэмію зусім выпадкова, воляй лёсу. У гадоў васямнаццаць я вырашыла, што я — паэт і што павінна прысьвяціць жыцьцё толькі паэзіі. Таму я не зьбіралася вучыцца ні ў якіх ВНУ. Бо ж на паэта ня вучаць. Але мама была нязгодная з гэтым... А ў мамы аднаклясьніца жыла і працавала ў Горках, у гэтай акадэміі. Таму мяне проста выправілі вучыцца ў Горкі. Я вучылася на бугальтара...

Максімюк: ...Вы не хацелі б сказаць нешта, пра што я не запытаўся?..

Скарынкіна: ...Некалі, у годзе 2004-м бо 2005-м я была ў Празе, праходзіла міма Радыё Свабода і ўсё паглядала ў той бок — для мяне гэта было нешта недасягальнае і немагчыма прыгожае... а вось цяпер атрымоўваецца, што я пішу для вас і вы мне звоніце, і гэта ўсё прыгожа, але ўжо дасягальна...