У Баранавічах прайшоў адзіночны пікет супраць перасьледу прадпрымальнікаў у Крупках

Мікола Чарнавус.

У Баранавічах індывідуальны прадпрымальнік і грамадзкі актывіст Мікола Чарнавус 8 траўня правёў адзіночны пікет супраць перасьледу прадпрымальнікаў у Крупках.

Як паведаміў Чарнавус, акцыя прайшла з 10.00 да 11.00 на пляцоўцы ў старым гарадзкім парку культуры і адпачынку, які вызначаны гарвыканкамам у якасьці месца для масавых мерапрыемстваў.

На пікеце актывіст стаяў з плякатам «ІП г. Баранавічы абураныя бязьмежжам чыноўнікаў г. Крупкі да прадпрымальнікаў».

«26 прадпрымальнікаў гарадзкога рынку каля аўтавакзалу хочуць судзіць за парушэньне рэжыму працы. Але людзі закрылі свае гандлёвыя кропкі ад страху, таму што на рынку была праверка. Прадпрымальнікі з-за нявызначанасьці з указам № 222 за ўсё баяцца. Ім цяпер жыць няма за што, а тут яшчэ хочуць аштрафаваць», — заявіў Чарнавус.

Паводле яго слоў, заяўку на пікет у гарвыканкам ён не падаваў. Акцыя прайшла без інцыдэнтаў.

Пра гэта паведамляе БелаПАН.