«Эфэкт Трампа» будзе дапамагаць дыктатарам усяго сьвету — Эн Эплбаўм

Вядомая калюмністка Washington Post Эн Эплбаўм выказала меркаваньне пра наступствы посьпеху выбарчай кампаніі Дональда Трампа ў сьвеце.

На думку Эн Эплбаўм, справа ўжо зайшла занадта далёка і ратаваць сытуацыю позна. Нават калі Гілары Клінтан пераможа Трампа ў лістападзе, нават калі Рэспубліканская партыя страціць сваё рэнамэ ў вачах грамадзкасьці і выбарцаў, зьяўленьне Дональда Трампа ў якасьці рэспубліканскага кандыдата ў прэзыдэнты ўжо нанесла велізарны ўдар па рэпутацыі амэрыканскай палітычнай сыстэмы, а насамрэч — і па рэпутацыі дэмакратыі.

У сваім блогу на сайце газэты Washington Post Эплбаўм піша, што нэгатыўных наступстваў ад вылучэньня Трампа як у Злучаных Штатах, гэтак і за мяжой, будзе шмат. Але адно зь іх ужо цяпер навідавоку: вульгарны і брудны стыль кампаніі «Клінтан супраць Трампа», якая разыграецца на працягу наступных шасьці месяцаў, дадаткова ўмацуе пазыцыі дыктатараў і аўтакратаў па ўсім сьвеце...

Паводле Эн Эплбаўм, уздым Трампа вельмі добра ўпісваецца ў кітайскі, расейскі і іншыя наратывы пра перавагі аўтарытарызму. Лідэры гэтых краінаў, на думку камэнтатаркі, выкарыстаюць кандыдатуру Трампа для ўмацаваньня сваіх пазыцый. І гэта адбываецца ўжо цяпер. Кітайскія лідэры ўжо даўно сьцьвярджаюць у адказ на закіды ўнутраных і вонкавых крытыкаў, што іх недэмакратычная сыстэма прыводзіць да ўлады больш кваліфікаваных кіраўнікоў і зьніжае пагрозу нестабільнасьці. Кітайскія дзяржаўныя мэдыі часта зьвязваюць дэмакратыю з хаосам і гвалтам. У Кітаі ўжо зьявіліся публікацыі афіцыйных СМІ, якія задаволена смакуюць перамогу багатага і нахабнага аўтсайдэра Трампа і правал кампаній вопытных і салідных палітыкаў. Адзін з прадстаўнікоў кітайскай дэмакратычнай апазыцыі заявіў у інтэрвію газэце Guardian, што афіцыйная прапаганда цешыцца з прычыны Трампавай перамогі таму, што гэта добры прыклад, наколькі дэмакратыя зьяўляецца рызыкоўнай для Кітаю.

Далей Эн Эплбаўм зьвяртаецца да прыкладу Расеі. Яна піша, што ў Расеі аргумэнты супраць дэмакратыі часта маюць троху іншы тон. Паводле журналісткі, рэжым у Расеі даўно адмовіўся ад спроб апраўдаць сябе ідэалягічна і з цынізмам ставіцца да іншых палітычных сыстэм. Зноў і зноў расейскую грамадзкасьць пераконваюць, што дэмакратыя нічым не адрозьніваецца ад дыктатуры. Аргумэнт гучыць прыкладна так: «У нас ёсьць алігархі, і ў іх ёсьць алігархі; нашы палітыкі заклапочаныя найперш грашыма, і там тое самае. А амэрыканскія размовы пра ідэі і ідэалы, пра талерантнасьць і дэмакратыю — гэта ўсё фэйк».

Эн Эплбаўм сьцьвярджае, што і ў Расеі трыюмф Трампа ўжо выкарыстоўваецца для пацьверджаньня вышэйпрыведзеных аргумэнтаў. Яна лічыць, што адкрытае выкарыстаньне Трампам расісцкіх эмоцый з мэтай аб’яднаць натоўп служыць доказам яго сумнеўнай бізнэс-практыкі і самой ягонай пэрсоны. «Трамп — бізнэсмэн, і ён глядзіць на ўсе, як на іншыя зьдзелкі», — сказаў нядаўна пра Трампа як свайго палітычнага саюзьніка прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Гэта, піша Эплбаўм, паказвае і на тое, як сам Пуцін глядзіць на палітыку.

Эн Эплбаўм лічыць, што прыклады Кітаю і Расеі — гэта толькі пачатак. Яна кажа, што водгульле гэтых аргумэнтаў прагучыць і ў Іране, Вэнэсуэле, Турэччыне і ўсюды, дзе рэпрэсіўную палітыку цэняць вышэй за лібэральную дэмакратыю. Магчыма, піша журналістка, што гэтыя аргумэнты супраць дэмакратыі будуць расцэненыя як прывабныя і яшчэ ў некалькіх краінах сьвету, такіх, напрыклад, як Бразілія, дзе расьце настальгія па аўтарытарнай мінуласьці.

Заканчваючы свой блог, Эн Эплбаўм з сумам канстатуе, што раней ўвесь сьвет глядзеў на Злучаныя Штаты, шматлікі народ якіх падчас мірнага галасаваньня мяняў свайго лідэра. І гэта выклікала павагу. А вось цяпер, піша журналістка, калі амэрыканская сыстэма выкінула наверх фарсавага некваліфікаванага дэмагога, яна раптам пачала выглядаць ня толькі блякла, але і сьмешна.

І гэта, кажа Эплбаўм, толькі пачатак. Эфэкт Трампа будзе біць рыкашэтам па ўсім сьвеце так, як мы сабе яшчэ не ўяўляем, доўгія гады.