Мяркуецца, што група «Начных ваўкоў» прыбудзе ў Чэхію зь Вены раніцай. Яны плянуюць сустрэцца з чэскімі байкерамі ў пасёлку Пругоніце. Сам мотапрабег працягнецца дзьве гадзіны.
Свой дакладны маршрут байкеры пакуль не апублікавалі, аднак вядома, што яны хочуць двойчы праехаць па Вацлаўскай плошчы і наведаць Альшанскія могілкі, дзе хочуць ускласьці вянкі да мэмарыялу загінулым савецкім воінам. Увечары «Начныя ваўкі» зьбіраюцца на сустрэчу ў Расейскім цэнтры навукі і культуры.
Прэс-служба мэрыі Прагі паведаміла, што ўладам вядома аб мотапрабег. На працягу ўсёй акцыі матацыклістаў будуць суправаджаць паліцэйскія.
«Мы ведаем, што ў суботу яны прыедуць у Прагу і прымуць удзел у некаторых акцыях. Безумоўна, мы будзем сачыць за сытуацыяй, перш за ўсё за выкананьнем правілаў дарожнага руху, але і за грамадзкім парадкам», - распавёў агенцтву ČTK прадстаўнік Паліцыі Ян Данэк.
Лідэр «Начных ваўкоў» Аляксандар Залдастанаў па мянушцы «Хірург», уключаны ЭЗ і ЗША ў «чорны сьпіс» асоб, якім не дазволены ўезд на тэрыторыю гэтых краінаў.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч накіраваў у Генпракуратуру афіцыйную заяву з патрабаваньнем прызнаць расейскі байкерскі клюб «Начныя ваўкі» экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніць яго дзейнасьць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Падставай для гэтага сталі выказваньні лідэра «Начных ваўкоў» Аляксандра «Хірурга» Залдастанава, які, знаходзячыся 30 красавіка ў Беларусі, заявіў, што Беларусь — гэта Расея.