«Лукашэнка бывае сьмяшнейшым за Абаму»

Паводле расейскага сатырыка Віктара Шэндэровіча, калі б Уладзімір Пуцін пажартаваў, як Барак Абама, што ягоная жонка ўцякала з Крамля, гэта б панізіла ягоны рэйтынг у Расеі. А на думку рэжысэра Юрыя Хашчавацкага, Аляксандар Лукашэнка бывае сьмяшнейшым за Барака Абаму, але пры гэтым прэзыдэнт ЗША — дасьціпны, а кіраўнік Беларусі — недарэчны.

На гэтым тыдні шырокі розгалас у сьвеце атрымалі два жартаўлівыя відэа з прэзыдэнтам ЗША. Падчас вячэры з асацыяцыяй карэспандэнтаў, што прайшла ў Вашынгтоне 30 красавіка, прэзыдэнт ЗША шмат жартаваў, у тым ліку і пра свой сыход, пра жонку, пра Доналда Трампа і будучую прэзыдэнтку.


Праз некалькі дзён Белы Дом распаўсюдзіў жартаўлівы відэаролік пра тое, што будзе рабіць Барак Абама па заканчэньні свайго тэрміну праз 9 месяцаў.


Хто з постсавецкіх прэзыдэнтаў дэманстраваў такое пачуцьце гумару, самаіронію, як цяпер Барак Абама, запыталася я ў расейскага пісьменьніка і сатырыка Віктара Шэндэровіча.

— Такога і быць ня можа, таму што зусім іншая культура і зусім іншая матрыца ў галаве. Сьпічрайтэр можа напісаць той ці іншы тэкст. Дарэчы, не сумняваюся, што ў выпадку з Абамам працавалі прафэсіяналы, уласна ён гэтага асабліва не хаваў. Але гэта выглядала арганічным. Сьпічрайтэры і прэзыдэнты вырастаюць з пэўнага асяродзьдзя, пэўнай культуры. Культура палітычнай іроніі, палітычнага гумару — старажытная культура, англасаксонская, як мінімум, зь якой выйшла Амэрыка, і гэта вельмі моцная культура, і Амэрыка яе вельмі добра культывуе. На постсавецкай тэрыторыі такога проста ня можа быць, паколькі і сьпічрайтэры і прэзыдэнты зусім зь іншых партгасактываў зьяўляюцца.

Чаго няма ў нашых лідэраў — гэта самаіроніі, вышэйшага тыпу гумару

Таму жарты, канечне, ёсьць. Спэцыфічны гумар ёсьць у кожнага чалавека, толькі што гэта за гумар. Ня столькі вышэй ці ніжэй, проста зусім іншы. Чаго няма ў нашых лідэраў — гэта самаіроніі, вышэйшага тыпу гумару. Яны на гэта абсалютна ня здольныя. Адкрытасьць, гатоўнасьць жартаваць не сымулюецца. Вось гэты жарт пра жонку. Цудоўна наперш тое, што такі жарт магчымы. Уявіце, што Пуцін быў бы жанаты і казаў пра жонку, якая ўцякла з Крамля, пералезшы празь сьцяну. У Расеі гэта выклікала б паніжэньне яго рэйтынгу. Меркавалі б, што ён стварае вартае жалю ўражаньне, спрабуе спадабацца, падлашчвацца, жартаваць пра жонку. Тут іншая культура.


— А пра што можа сьведчыць адсутнасьць пачуцьця гумару ў прэзыдэнта? За 22 гады бадай адзін анэкдот расказаў Аляксандар Лукашэнка...


— Пачуцьцё гумару ў яго, безумоўна, ёсьць, сваё, такое лукашэнкаўскае, для сябе. Добра разьвітае пачуцьцё гумару, самаіронія найперш — сьведчаньне мудрасьці, маштабу асобы, сьведчаньне таго, што чалавек можа паглядзець на сябе з боку і ўсьміхнуцца. Таму нам так лёгка з іранічнымі людзьмі і так цяжка з сур’ёзам, калі мы трапляем да чалавека без пачуцьця гумару, у кампаніі зь ім мы адчуваем нялоўкасьць.

— Вы можаце прыпомніць каго-небудзь з постсавецкіх лідэраў, які дэманстраваў добрае пачуцьцё гумару?

— Пачуцьцё гумару было ў Ельцына, дастаткова цяжкаватае, але безумоўна пачуцьцё гумару. Калі 22 жніўня 1991 году ён прапанаваў Гарбачову для разрадкі напружаньня падпісаць указ аб забароне КПСС... Так у выглядзе жарту, гэта было нічога сабе, цяжкаваты, змрачнаваты Ельцынскі гумар.

Нейкае пачуцьцё гумару ёсьць ва ўсіх, але гэта вельмі рэдка самаіронія. І самаіронію, як, дарэчы, і бліскучую іронію, прадэманстраваў Барак Абама.

Думку Віктара Шэндэровіча працягвае беларускі рэжысэр-дакумэнталіст, адзін з аўтараў сатырычнай праграмы «Экспэрт» на тэлеканале «Белсат» Юры Хашчавацкі.

— Самае вялікае пачуцьцё самаіроніі было, як мне падаецца, у Барыса Ельцына. Ён умеў і зь сябе пасьмяяцца. Гэта быў асаблівы чалавек. Я больш такіх кіраўнікоў ня ведаю. Гэта не значыць, што я ягонае кіраваньне ацэньваю станоўча. Проста гэта была асоба. Што тычыцца таго ж Лукашэнкі, ён бывае нашмат сьмяшнейшы за Абаму, таму што Абама дасьціпны, а Лукашэнка проста бывае недарэчны. І мы сьмяемся зь яго, як з чалавека, які рэгулярна падае ў лужыну. Гэта сьмешна, калі ён гаворыць пра Францыска Скарыну ў Піцеры ці вершы Быкава, ці калі ён бярэцца за простыя чалавечыя яйкі. Гэта таксама сьмешна, але гэта іншы сьмех і іншая рэч.

Самаіронія Абамы — надзвычайная, хаця я не ўхваляю той праграмы, якую праводзіў Абама як прэзыдэнт ЗША. Але я прызнаю, што ён вельмі неардынарны чалавек з надзвычайным мысьленьнем і цудоўным пачуцьцём гумару. А параўноўваць яго зь кімсьці з нашых.. Па-першае, у нас быў толькі адзін прэзыдэнт, быў і ёсьць, на жаль. А па-другое, наш таксама вельмі сьмешны, толькі інакш.

У амэрыканскіх прэзыдэнтаў больш шырокае ўяўленьне пра ўладу, яны разумеюць, што ўлада настолькі моцная, што зь яе можна нават сьмяяцца. У нас гэтага не разумеюць. У нас сьмяяцца з улады — гэта грэх, злачынства і вельмі часта людзі нават пакутуюць за гэта.