Урад даручыў знайсьці пакупніка акцыяў «Беларусбанка»

Ілюстрацыйнае фота

Да 1 лістапада 2017 году трэба ацаніць пакет акцыяў найбуйнейшага банка Беларусі і прыдумаць, каму той пакет прадаць.

Згодна з пастановай прэм’ер-міністра Беларусі № 166 ад 4 траўня, створаная рабочая група для рэалізацыі мінарытарнага (не асноўнага) пакету акцыяў ААТ «Ашчадны банк „Беларусбанк“» пад кіраўніцтвам міністра фінансаў Уладзімера Амарына. Колькі акцыяў будзе ў пакеце, не паведамляецца.

Мае быць праведзены адкрыты конкурс па выбары фінансавага кансультанта па пытаньнях рэалізацыі пакету (ураду даручана скласьці сьпіс рэкамэндаваных кандыдатаў). Рабочая група мае ўзгадніць папярэднюю ацэнку кошту акцыяў «Беларусбанку» і да 1 лістапада 2017 году падрыхтаваць прапанову па выбары пакупніка пакету.

На сёньня «Беларусбанк» знаходзіцца на 98,7% у дзяржаўнай уласнасьці, яшчэ 1,2% належаць адміністратыўна-тэрытарыяльным адзінкам. На фізычных і юрыдычных асобаў прыходзіцца па 0,013% і 0,015% адпаведна. Устаўны капітал на красавік 2016 году склаў 26,7 трлн беларускіх рублёў. Доля «Беларусбанку» на нацыянальным рынку ў 2014 годзе складала 41%. Паводле Standard & Poor’s, на красавік 2016 году банк меў доўгатэрміновы крэдытны рэйтынг «B-» і мог процістаяць пагаршэньню рынкавай сытуацыі праз дамінаваньне на рынку і падтрымку дзяржавы.