Глод: 3 траўня ў Менску прайшло паседжаньне дэмакратычных арганізацыяў Беларусі. На ім абмяркоўвалася падрыхтоўка да сёлетніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Апазыцыйныя палітычныя сілы зноў не змаглі дамовіцца аб адзіным сьпісе кандыдатаў. Гэта азначае, што ў шэрагу акругаў будуць балятавацца некалькі дэмакратычных кандыдатаў. Хто і як будзе каардынаваць іхныя пляны, невядома. Болей за тое, пакуль няма згоды ўдзельнікаў на тое, каб рашэньні, якія прымае стала дзейная нарада дэмсілаў, насілі абавязковы для ўсіх характар. Некаторыя суб’екты выступаюць за тое, каб пастановы былі выключна рэкамэндацыйнымі.
Апошняе асабліва непакоіць кіраўніка рэспубліканскага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча. Ён ня можа зразумець сытуацыю — рашэньне прынятае кансэнсусам, а хтосьці можа яго выканаць, а можа — і ня выканаць. То бок калі камусьці нешта не даспадобы, то можна ў любы момант, як кажуць, саскочыць. Фядыніч упэўнены, што, калі большасьць прымае рашэньне, то яго трэба выконваць усім.
Свой удзел у нарадзе прафсаюзны лідэр тлумачыць тым, што ў прафсаюзах ёсьць свае патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты, і таму патрэбна разам выпрацаваць агульныя падыходы да гэтай выбарчай кампаніі. Гэткая ж самая матывацыя і ў іншых удзельнікаў: АГП, БНФ, «Справядлівага сьвету», сацыял-дэмакратаў з партыі Вештард ды іншых. Зьвяртае ўвагу, што да працы далучылася і Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Шушкевіча. Раней гэтая партыя прынцыпова ня ўдзельнічала ў выбарах, паколькі лічыла, што свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі няма. Але як сказалі мне ў кіраўніцтве БСДГ удзел у нарадзе не азначае аўтаматычны ўдзел у выбарах.
Ігнаруюць нараду дзьве структуры. Гэта Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ і грамадзянская ініцыятыва «Гавары праўду». З КХП-БНФ усё зразумела. Партыя цьвёрда прытрымліваецца пазыцыі, што ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях у цяперашніх умовах азначае гуляць на баку ўладнага рэжыму.
адзіны сьпіс якраз і скрадзе ў дэмакратычных незалежных кандыдатаў магчымасьць праз тэлебачаньне дагрукацца да беларусаў
У «Гавары праўду» кажуць, што кандыдаты, якія зарэгіструюцца на парлямэнцкія выбары, будуць мець 5 хвілін на выступ і яшчэ плюс 7 хвілін, калі будуць адбывацца дэбаты. Таму, чым больш будзе людзей, якія будуць казаць пра неабходнасьць пераменаў і рэформаў, тым больш, умоўна кажучы, просты беларус будзе мець шанцаў пабачыць на дзяржаўным экране альтэрнатыўную думку. А адзіны сьпіс якраз і скрадзе ў дэмакратычных незалежных кандыдатаў магчымасьць праз тэлебачаньне дагрукацца да беларусаў.
Такім чынам, падыходы розныя, а час ідзе. І хутка ўсе прэтэндэнты ад дэмсілаў стануць перад аднымі і тымі ж праблемамі — найперш нізкай увазе грамадзтва да выбараў і недахопу людзей у камандах для кантролю за падлікам галасоў. А вырашыць гэтыя задачы можна толькі разам. Таму ў мяне пытаньне да вас, калегі, можа, як кажуць некаторыя аналітыкі, адмовіцца ад мноства пасяджэньняў і даць права кандыдатам на месцах у рэгіёнах самастойна вырашаць, што рабіць?
Грузьдзіловіч: Трэба паставіць пытаньне, а ці трэба ўвогуле аб’ядноўвацца. Калі б гэта былі прэзыдэнцкія выбары, калі б гаворка ішла пра адзінага кандыдата, які можа супрацьстаяць Аляксандру Лукашэнку ў барацьбе за пасаду прэзыдэнта, то магчыма варта было б аб’ядноўваць сілы, фінансавыя сродкі, і кантрольны патэнцыял актывістаў на выбарчых участках. Тут жа ў нас гаворка пра парлямэнт, які фактычна нічога не вырашае ў краіне і зьяўляецца шырмай для прыкрыцьця дыктатуры.
Шмат разоў у Беларусі была такая сытуацыя перад парлямэнцкімі выбарамі, калі спрабавалі і аб’ядноўваліся, ці спрабавалі і не аб’ядноўваліся, але рэальнага выніку гэта ўсё роўна не дало
Ці варта ўвогуле туды прарывацца? Для тых партый, якія лічаць, што варта — дык хай яны і прарываюцца. Слушны аргумэнт кампаніі «Гавары праўду» аб тым, што калі будзе шмат кандыдатаў ад розных партый, а не адзін на выбарчым участку ці нейкай тэрыторыі, то будзе значна большы пратэстны рэсурс выбарцаў. А калі сканцэнтравацца на адным чалавеку, то супраць яго будуць выкарыстаныя нейкія контраргумэнты, контрдзеяньні, і можа гэта ўсё згарнуцца і эфэкт будзе значна меншы. Калі будуць вырашаць на месцах, то будзе большы кантроль за выбарамі — вось адзіны аргумэнт. Але ўсё астатняе мне здаецца такім паўтарэньнем пройдзенага. Шмат разоў у Беларусі была такая сытуацыя перад парлямэнцкімі выбарамі, калі спрабавалі і аб’ядноўваліся, ці спрабавалі і не аб’ядноўваліся, але рэальнага выніку гэта ўсё роўна не дало.
Навумчык: Можна пайсьці ўглыб і паставіць такое пытаньне: а ці трэба увогуле ўдзельнічаць у гэтай кампаніі, якая называецца выбарамі? Вось мы ўжываем гэты тэрмін «парлямэнцкія выбары», але выглядае, што ніводнае з гэтых двух словаў не адпавядае рэальнасьці. Насамрэч няма выбараў, празрыстых і дэмакратычных. Тыя рэформы, пра якія заявіла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, не даюць ніякіх надзеяў. У поўным разуменьні тэрміну словам «парлямэнт» тое, што мы бачым у Палаце Прадстаўнікоў, нельга назваць. Адсутнічае прадстаўнічая функцыя, паколькі няма выбараў, заканадаўчая, паколькі яны штампуюць тое, што ім спускаецца з адміністрацыі прэзыдэнта, і гэты орган улады не зьяўляецца адной з галінаў улады — мы не ведаем за многія-многія гады ніводнага выпадку, каб парлямэнт паспрачаўся з выканаўчай уладай. Я не магу прывесьці падобнага прыкладу.
Вось мы ўжываем гэты тэрмін «парлямэнцкія выбары», але выглядае, што ніводнае з гэтых двух словаў не адпавядае рэальнасьці
У эўрапейскім краінах гэта пастаянна. Гэта не абавязкова павінна весьці да нейкіх канфліктаў, глябальных палітычных крызысаў, хоць часам гэта бывае, але бывае шмат пазыцый, па якіх заканадаўчая ўлада не згодная з выканаўчай і ідуць даволі гарачыя спрэчкі, у іх удзельнічаюць палітычныя партыі. Менавіта ў такім варыянце ў гэтым і выпрацоўваюцца нейкія найбольш разумныя, адэкватныя рашэньні. У Беларусі, канешне, такога няма. Калі гаварыць пра ўдзел апазыцыйных арганізацый, дык на гэты момант не вызначаная мэта ўдзелу ў выбарах. Вось кажуць: данесьці сваю пазыцыю да як мага шырокага кола людзей... Цягам апошніх гадоў «даносілася» гэтая пазыцыя, і мы ведаем, якія вынікі. Калі ж разглядаць чыста тэхнічна, то зараз перамога будзе ў таго ў акрузе, які набраў большую колькасьць галасоў. Уявім сабе, што ідзе на выбары некалькі кандыдатаў, з іх адзін праўладны і тры апазыцыйныя. І кожны з гэтых апазыцыйных кандыдатаў набірае па 20% галасоў, а праўладны 26%. І ён перамагае, а гэтыя 60% проста ідуць у нікуды.
У цэлым мушу сказаць, што ў будучай дэмакратычнай Беларусі гэта абавязковая ўмова, ва ўсялякім разе, на першыя гады — выбары сапраўднага дэмакратычнага парлямэнту павінны адбывацца па партыйных сьпісах, каб не адбылося той сытуацыі, якая была ў 95-м годзе, калі кандыдаты ад БНФ набралі ў суме па ўсіх акругах каля мільёна галасоў. Але нідзе яны, паводле афіцыйных дадзеных, не набралі 50% і адзін голас, нідзе не былі абраныя ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня — такім чынам гэты мільён проста зьнік! Ён не меў свайго прадстаўніка ў парлямэнце. Асабіста для мяне незразумелыя дзьве рэчы. Нявызначаная мэта ўдзелу ў выбарчай кампаніі, і, больш важнае, да гэтага моманты так і няма адказу, як жа гэтыя апазыцыйныя арганізацыі ставяцца да рэфэрэндуму 96-га году, які зьмяніў Канстытуцыі, у выніку чаго і была ўтвораная гэтая Палата прадстаўнікоў. Тады ці гэтыя арганізацыі, ці іх папярэднікі заяўлялі, што не прызнаюць гэты рэфэрэндум, лічаць дзяржаўным пераваротам, заклікалі яго не прызнаваць — і Захад не прызнаваў, доўгі час дэпутаты Палаты прадстаўнікоў там не ўспрымаліся — а зараз бяруць удзел у выбарах.
Тут альбо так, альбо так: ці вы вяртаецеся да тэмы і прызнаеце гэты рэфэрэндум легітымным, і тады ваш удзел становіцца цалкам лягічным (магчыма спрэчным, але лягічным), ці не прызнаеце, і тады праблема, чаму вы бярэце ў гэтым удзел ўдзел. Спасылкі на вопыт БНФ 90-га году і ўдзел іх кандыдатаў у Вярхоўны Савет −12 тут не спрацоўваюць, бо ў часе выбараў 1990 году БНФ ніколі не адмаўляў Вярхоўнаму Савету БССР у легітымнасьці.
Грузьдзіловіч: А я згадаў, што сэнатарка Ганна Шарэйка, якую цяпер судзяць, пачала спрачацца з прадстаўнікамі ўраду, калі абмяркоўваўся бюджэт. Але праз два гады для яе гэта закончылася тым, што цяпер яе судзяць нібыта за службовыя злоўжываньні.