«Лукашэнка прышчапіў беларусам гонар за свой сувэрэнітэт», — экспэрт з ЗША

Захаваньне сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі неаддзельнае ад дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі, і Захад павінен гэта разумець.

Такую думку выказаў старшы навуковы супрацоўнік Джэймстаўнскага фонду (ЗША) Уладзімер Сокар на канфэрэнцыі па бясьпецы ў Менску ў рамках ініцыятывы «Менскі дыялёг».

Сокар лічыць, што Захад пачаў адмаўляцца ад ідэалягічнага погляду на Беларусь і зразумеў важнасьць супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі.

Па словах Сокара, нэўтралітэт Беларусі — вялікі ўклад у бясьпеку Ўкраіны і краін Прыбалтыкі, і Захад павінен падтрымліваць гэты нэўтралітэт.

У краіне, якая ня мае гістарычна сфармаванай нацыі, прэзыдэнт Лукашэнка прышчапіў гонар за свой сувэрэнітэт. І гэты гонар аб’ектыўна азначае, што Беларусь ня будзе паглынутая Расеяй ні ў якай форме.

«Існаваньне Беларусі як незалежнай краіны — проста цуд, улічваючы неразьвітасьць нацыянальнай сьвядомасьці. Галоўны прыярытэт для Захаду — захоўваць сувэрэнітэт і бясьпеку Беларусі. Гэта неаддзельна ад ролі і дзейнасьці прэзыдэнта Лукашэнкі. У краіне, якая ня мае гістарычна сфармаванай нацыі, прэзыдэнт Лукашэнка прышчапіў гонар за свой сувэрэнітэт. І гэты гонар аб’ектыўна азначае, што Беларусь ня будзе паглынутая Расеяй ні ў якай форме», — лічыць экспэрт з ЗША.

На думку Сокара, пытаньні дэмакратыі ў адносінах зь Беларусьсю павінны адысьці на другі плян.

«Захад павінен узаемадзейнічаць зь цяперашнім лідэрам Беларусі, які цяпер выяўляе разуменьне нацыянальных інтарэсаў. Таксама гэтым павінен займацца і Захад — праяўляць разуменьне нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Гэтыя нацыянальныя інтарэсы (як і ў іншых постсавецкіх дзяржаў) прадугледжваюць, што галоўнае — дзяржаўнасьць і незалежнасьць, а ўжо потым ідзе дэмакратыя ў выніку эвалюцыйных працэсаў», — кажа ён.

Сокар лічыць, што сёньня Беларусі не пасуе дзяржаўная мадэль з моцнай парлямэнцкай сыстэмай:

Беларусі варта пазьбягаць мадэлі кіраваньня, якая была б заснаваная на парлямэнцкіх партыях і кааліцыях. Гэта робіць немагчымым для ўраду стратэгічнае плянаваньне і стварае палітычны хаос.

«Сытуацыя, якую мы бачым цяпер ва Ўкраіне, зьвязаная з экспэрымэнтамі па раньнім насаджэньні дэмакратычных каштоўнасьцяў. Беларусі варта пазьбягаць мадэлі кіраваньня, якая была б заснаваная на парлямэнцкіх партыях і кааліцыях. Гэта робіць немагчымым для ўраду стратэгічнае плянаваньне і стварае палітычны хаос. Кааліцыйнага кашмару варта пазьбягаць у Беларусі, і я спадзяюся, што Ўкраіна пасьля пазьбегне гэтага з прыдатным нацыянальным лідэрам. Роля прэзыдэнта Лукашэнкі нагадвае ролю, якую раней адыгрывалі заснавальнікі нацыянальных дзяржаў — Юзэф Пілсудскі ў Польшчы, Масарык у Чэхаславаччыне і Кемаль Атацюрк у Турэччыне, а цяпер Аліеў у Азэрбайджане. Я зьмяшчаю Лукашэнку ў галерэю гэтых нацыянальных лідэраў і заснавальнікаў дзяржаў», — кажа ён.

Уладзімер Сокар лічыць, што беларуская мадэль больш прывабная для Расеі, чым украінская.

«Беларусь — гэта краіна без алігархаў, без карупцыі і арганізаванай злачыннасьці, падобнай да той, што мы бачым у Расеі, безь вялікага разрыву ва ўзроўні даходаў. Беларусь ня ўцягнутая ў збройныя канфлікты, і беларускія ваяры нідзе ня гінуць», — падкрэсьліў амэрыканскі экспэрт.