Вынікам сустрэчы ў Гомелі Мікалая Статкевіча і Вячаслава Сіўчыка з актывістамі Гомеля, Рэчыцы, Калінкавічаў стала галасаваньне прысутных за неабходнасьць правядзеньня Беларускага нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сіл, прызначанага ў сталіцы на 15 траўня.
З больш як 70 удзельнікаў сустрэчы толькі адзін быў супраць і трое ўстрымаліся. Астатнія прагаласавалі «за».
Двухгадзінная размова, што адбылася на вуліцы Палескай увечары 4 траўня, была прысьвечаная стану беларускага грамадзтва і дэмакратычных сілаў у ім. На думку выступоўцаў, за два дзесяцігодзьдзі панаваньня аўтарытарнага рэжыму людзі «проста зьмірыліся з тым, што імі кіруюць і што ад іх нібыта нічога не залежыць»:
«Гэта хлусьня. Досьвед суседзяў, у тым ліку і Ўкраіны, сьведчыць пра адваротнае. Трэба змагацца за свае правы — праз выбары, мірныя сходы, вулічныя акцыі. Дэмакратычная апазыцыя таксама застаецца раздробленай, не сустракаецца, ня вырашае сумесных пытаньняў, за выключэньнем хіба асобных рэгіёнаў.
Без згуртаванасьці з нашай эўрапейскай краінай можа адбыцца што заўгодна. А што — нават падумаць страшна: „Крымнаш“, гібрыдная сэпаратысцкая вайна, як на Данбасе, у якой, па сутнасьці, Расея ваюе з Украінай», — Мікалай Статкевіч адкрыта заявіў, што не зусім разумее, чаго апасаюцца кіраўнікі некаторых партыяў, адмаўляючыся ад удзелу ў Кангрэсе.
На кангрэсе ня будзе стаяць пытаньне пра адзінага кандыдата ад апазыцыйных сілаў.
Рэпліка зь месца аднаго з удзельнікаў сустрэчы была дарэчнай: раздаць партыйным лідэрам шаравары — і няхай нашываюць сабе лампасы любога колеру, які даспадобы.
Статкевіч засьцерагаў апазыцыю ад удзелу ў парлямэнцкіх выбарах бязь зьменаў у выбарчым заканадаўстве, бо так нядоўга ператварыцца і ў фэйкавую апазыцыю.
Паводле слоў Статкевіча, Нацыянальны кангрэс мае прыняць тры асноўныя рэзалюцыі: «Беларусь: стан дзяржавы і нацыі», «Пазыцыя Кангрэсу адносна «парлямэнцкіх выбараў», «Аб адзінстве дэмакратычных сілаў».
Чакаецца, што будзе створаная рада кангрэсу, у якой шырока будуць прадстаўленыя рэгіёны і зарэзэрваваныя месцы для лідэраў партыяў і рухаў.