Як паведамляецца ў прэс-рэлізе кампаніі «Справядлівасьць для Сяргея Магніцкага», якой кіруе дырэктар Hermitage Capital Уільям Браўдэр, 3 траўня ён выступіў на слуханьнях у брытанскім парлямэнце і распавёў, што звыш 30 мільёнаў даляраў з выкрадзеных грошай былі легалізаваныя злачыннай супольнасьцю Дзьмітрыя Клюева і паступалі ў Вялікабрытанію з літоўскіх і кіпрскіх афшорных рахункаў.
Дзьмітрый Клюеў ўнесены ўрадам ЗША ў санкцыйны «сьпіс Магніцкага». Клюеў зьяўляўся ўладальнікам «Унівэрсальнага банка зьберажэньняў», праз які былі адмыты амаль 8 з паловай мільярдаў рублёў у 2006 і 2007 гадах — праз зьвязаныя з Клюевым кіпрскія кампаніі «Альт Інвэст» і «Зібар Мэнэджмэнт», а таксама праз літоўскі банк Ukio Bankas, уладальніка якога Ўладзіміра Раманава расшукваюць улады Літвы.
Сярод асобаў, якія маюць дачыненьне да адмываньня гэтых грошай, былі і брытанцы.
Уільям Браўдэр заявіў аб неабходнасьці правесьці дбайнае расьсьледаваньне сабраных фактаў і дамагчыся таго, каб вінаватыя былі пакараныя ў адпаведнасьці з законам.
Слуханьні ў брытанскім парлямэнце праводзяцца камітэтам па ўнутраных справах (Home Affairs Committee) і прысьвечаныя эфэктыўнасьці закона «Аб даходах ад злачыннай дзейнасьці».