«Сем ружаў» стала трыюмфантам дзіцячай прэміі Цёткі

Надзея Ясьмінска

Першая беларуская прэмія ў галіне літаратуры дасталася аўтарцы кнігі «Сем ружаў» Надзеі Ясьмінскай і ілюстратарцы гэтай кнігі Кацярыне Дубовік.

У аўторак, 3 траўня ў менскай культурнай прасторы «Корпус 8» паэт Андрэй Хадановіч правёў уручэньне першай беларускай прэміі ў галіне дзіцячай літаратуры — прэміі імя Цёткі. Журы з васьмі літаратараў і мастакоў ацэньвала кнігі ў намінацыях «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» і «Найлепшае мастацкае аздабленьне».

У абедзьвюх намінацыях перамагла кніга «Сем ружаў» — у першай пісьменьніца Надзея Ясьмінска, у другой ілюстратарка Кацярына Дубовік. Хоць, як казалі сябры журы, пытаньне ляўрэатаў было дыскусійным, бо добрых выданьняў шмат (у шорт-лістах іх было па 9 на намінацыю), а прэмія толькі адна. Абедзьве атрымалі прызы па дзьве тысячы даляраў. Ганаровым дыплёмам арганізатары адзначылі выдавецтва «Галіяфы».

Паглядзець поўныя сьпісы прэтэндэнтаў на прэмію ў абедзьвюх намінацыях, а таксама склад журы, можна на сайце ciotka.by.

«Сем ружаў» — складанка клясычных казак, якая выйшла ў 2015 годзе. Сем гісторыяў пра пунсовую, жоўтую, белую, кармінавую, блакітную, залатую і чорную ружы распавядаюць пра каханьне і сяброўства, адвагу, незвычайныя прыгоды і сапраўдныя цуды. Кнігу можна знайсьці ў продажы па цане каля 200 тысяч.